Сакрыстыя працуе: 8:00 – 20:00 Тэл.: 8 017 365-44-15

Пошта: chyrvony@tut.by Мы ў сацыяльных сетках:         

Звон Нагасакі

“Звон Нагасакі”
“Звон Нагасакі”

У цэнтры, на галоўнай плошчы Мінска, перад фасадам касцёла, у 2000 г. была ўзведзена мемарыяльная кампазіцыя “Звон Нагасакі”. Гэта драўляная канструкцыя на якой замацаваны бронзавы звон, вагаю 150 кг. На вонкавым баку звана адліта эмблема каталіцкай катэдры горада Нагасакі. Звон прадстаўляе копію звана храма Уракамі, аднаго з першых хрысціянскіх храмаў Японіі, разбуранага ядзерным узрывам 9 жніўня 1945 г. а 11:02. Захаваўся адзін звон “Анёл”, копія якога ў Мінску. Каля падножжа звана пакладзена вялікая пліта з чорнага граніту, на якой выгравіраваны тэкст на японскай і беларускай мовах: “Гэты звон пастаўлены ў памяць ахвярам, якія загінулі з прычыны выпрабаванняў ядзернай зброі і ядзерных катастроф у XX-м стагоддзі, і перадаецца касцёлу Святога Сымона і Святой Алены і ўсяму беларускаму народу. Аб’яднайма нашы сілы і пабудуем на гэтай зямлі сапраўдны спакой, свабодны ад ядзернай зброі і войнаў. Памолімся аб супакоі ў свеце”. Ідэю ўзвядзення ў Беларусі, у горадзе Мінску, мемарыяльнай кампазіцыі “Звон Нагасакі” падтрымаў Арцыбіскуп Нагасакі Францішак Ксавэр Канамэ Сімамото.

Адкрыццё кампазіцыі “Звон Нагасакі”
Адкрыццё кампазіцыі “Звон Нагасакі”

На асвячэнне звана і закладкі капсул з зямлёю прыбыла з Японіі дэлегацыя з духавенства і свецкіх у скадзе 62 чалавек. Па жменьцы зямлі ў капсулах прывезлі з Нагасакі, Хірасімы, Чарнобыля і Ерузалема.

Па дамоўленнасці з катэдральным храмам у Нагасакі кожную нядзелю а 12 гадзіне беларускага часу (Японіі 19:00) моладзь, міністранты звоняць, удараюць 12 разоў. Гэтая традыцыя, слава Богу, трывае ўжо 8 гадоў. 26 красавіка 2006 г., у дзень 20-годдзя Чарнобыльской катастрофы, званы Уракамі ў Нагасакі, катэдры і храмы Мінесоты, Аклагомы, Сан-Антоніа ў Тэхасе, званы Ірландскай Рэспублікі і Сіднэя званілі разам са званом, пастаўленым у Мінску. Да перазвону далучыліся будыйскія манахі Катманду і горада Кона на Гаваях.

“Звон Нагасакі” і праект атамнага пантэона ў Мінску для беларусаў, асабліва для маладых, павінны стаць сімвалам міжнароднай падтрымкі і спачування.

24 верасня 2010 г., у сувязі з 10-годдзем узвядзення мемарыяльнай кампазіцыі ”Звон Нагасакі” ў Мінску, у межах міжнароднай праграмы “Friendship Force” у Нагасакі з удзелам беларускай дэлегацыі і жыхароў гэтага горада адбылася ўрачыстая Святая Імша, прысвечаная гэтай падзеі. Званы ў катэдры Уракамі і касцёла святога Сымона і святой Алены аб’ядноўваюць сэрцы ўсіх людзей добрай волі.

untitled-
untitled-
untitled-
untitled-
untitled-
untitled-
untitled-

Меткі: Звон