Божую Маці прывіталі вернікі лагойскай парафіі святога Казіміра. Упершыню Яе сустрэлі на Раратах
Так 19 снежня Адвэнтавай зімовай раніцай, калі людзі традыцыйна збіраліся на набажэнства ў гонар Найсвяцейшай Панны Марыі лагойскія вернікі сустрэлі Божую Маці ў спісах цудадзейных абразоў, якія трэці год пілігрымуюць па парафіях нашай краіны.
Разам са сваім душпастырам ксяндзом Паўлам Слукой MSF парафіяне да світання ўрачыста ўнеслі абразы ў касцёл, пасля чаго заспявалі адвэнтавы гімн “Дайце, нябёсы, росы з вышыняў …”.
Як зазначыў духоўны кіраўнік перэгрынацыі а. Станіслаў Станеўскі CSsR, што ў час, калі мы разам з Марыяй падрыхтоўваем дарогу да Езуса Хрыста, “мы хочам, каб сэрца кожнага з нас было Бэтлеемам, дзе нараджаецца Дзіцятка Езус, каб напоўніць кожнага сваім Божым супакоем і радасцю”.
Выявы Найсвяцейшай Маці Божай для ўшанавання вернікамі застануцца ў лагойскай парафіі св. Казіміра да 5 студзеня 2024.
Фота: Віктар Ведзень
Меткі: Фота - Віктар Ведзень, Маці Божая