Сакрыстыя працуе: 8:00 – 20:00 Тэл.: 8 017 365-44-15

Пошта: chyrvony@tut.by Мы ў сацыяльных сетках:         

На радзіме арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча прывіталі спісы абразоў Маці Божай

3 чэрвеня, напярэдадні ўрачыстасці Найсвяцейшай Тройцы, вернікі парафіі Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі ў Адэльску (дэканат Гродна-Захад) урачыста сустрэлі спісы цудадзейных абразоў Маці Божай, якія ўжо два гады пілігрымуюць па парафіях Беларусі.

15 святых выяў Багародзіцы прыбылі з радашковіцкай парафіі Найсвяцейшай Тройцы (Мінска-Магілёўская архідыяцэзія). У гэтым годзе перэгрынацыя праходзіць пераважна па архідыяцэзіі, аднак па запрашэнні арцыбіскупа эмерыта Тадэвуша Кандрусевіча спісы (копіі) абразоў былі прывезены для ўшанавання ў Адэльск – на яго малую радзіму.

Сустракаючы ля святыні Божую Маці ў знакамітых выявах, пробашч адэльскай парафіі кс. Віктар Мыслюк зазначыў, што кожны з прысутных вернікаў прыйшоў, каб асабіста прывітаць нябесную Заступніцу. “Маці Божая заўсёды нас вядзе да Езуса. Тыя ласкі, якія мы атрымоўваем у сваім жыцці, даюцца дзякуючы глыбокай веры і даверу Марыі. Праз Яе пасрэдніцтва нашыя просьбы і інтэнцыі знаходзяць найкарацейшы шлях да Яе Сына і нашага Збаўцы Езуса Хрыста. Яна паказвае накірунак і падтрымлівае нас у гэтым духоўным вандраванні”, – сказаў святар.

У пачатку святой Імшы да вернікаў звярнуўся духоўны кіраўнік перэгрынацыі а. Станіслаў Станеўскі CSsR, распавёўшы гісторыю гэтай пілігрымкі, якая пачалася 12 чэрвеня 2021 г., ва ўспамін Беззаганнага Сэрца Найсвяцейшай Панны Марыі, з гродзенскай катэдры св. Францішка Ксаверыя. Перэгрынацыя здзяйсняецца бесперапынна і на сёння складае больш за 740 дзён няспыннай малітвы перад цудадзейнымі абразамі Багародзіцы. Адэльская парафія стала 72-й па ліку, у якую завітала Маці Божая.

Да асноўных 13 абразоў, якія ўдзельнічаюць у гэтай пілігрымцы і раней ужо часткова здзяйснялі перэгрынацыю па Гродзенскай дыяцэзіі (Астравеччына, Смаргонь, Крэва, Іўе, Воранава і іншыя месцы), былі далучаны яшчэ два. 16 лістапада 2022 г. у межах святкавання Апекаў Маці Божай, якія адзначаліся ў Вільні на працягу тыдня з нагоды ўрачыстасці Найсвяцейшай Панны Марыі Вастрабрамскай, Маці Міласэрнасці, у касцёле св. Тэрэзы пры Вострай Браме дапаможны біскуп Віленскай архідыяцэзіі Арунас Панішкайціс благаславіў абраз Маці Божай Вастрабрамскай для перэгрынацыі па парафіях Беларусі і замежжа.

3 мая на ўрачыстасцях у галоўным Марыйным санктуарыі Польшчы, у яснагорскім кляштары паўлінаў у Чэнстахове, старшыня польскага епіскапату арцыбіскуп Станіслаў Гандэцкі благаславіў копію абраза Маці Божай Чэнстахоўскай, якая цяпер таксама ўдзельнічае ў перэгрынацыі і наведвае трэцюю па ліку парафію.

Як зазначыў раней ініцыятар гэтай малітоўнай акцыі, пробашч мінскай парафіі святых Сымона і Алены кс. канонік Уладзіслаў Завальнюк, перэгрынацыю плануецца працягваць да юбілею 2000-годдзя Адкуплення ў 2033 Святым годзе і за гэты час наведаць яшчэ амаль 450 беларускіх парафій.

У дзень прыбыцця спісаў абразоў у Адэльск святую Імшу цэлебраваў з удзелам пробашча мясцовай парафіі кс. Тадэвуш Крыштопік, пробашч парафіі ў Квасоўцы (дэканат Гродна-Захад). Разважаючы над словамі Святога Пісання, святар звярнуў увагу на пакору і паслухмянасць Панны Марыі ў прыняцці і выкананні Божай волі ў Яе жыцці, адзначыўшы, што Маці Божая – узор дасканаласці, на які трэба арыентавацца.

Пасля Імшы адбыліся выстаўленне Найсвяцейшага Сакрамэнту і літанія да Найсвяцейшага Сэрца Пана Езуса. Вернікі маглі памаліцца перад разнастайнымі абліччамі Маці Божай, выказаць Ёй свае просьбы і падзякі.

Спісы абразоў будуць знаходзіцца ў адэльскай парафіі па 13 чэрвеня. У гэты дзень там адбудзецца парафіяльная ўрачыстасць у гонар святога Антонія. Імшу а 12-й гадзіне ўзначаліць арцыбіскуп эмерыт Тадэвуш Кандрусевіч. Пробашч парафіі кс. Віктар Мыслюк запрашае ўсіх ахвотных прыняць удзел у святочным набажэнстве, а таксама ўшанаваць на працягу тыдня Божую Маці ў розных выявах, якая аб’яўлялася нашым продкам на беларускай зямлі ў розныя перыяды гісторыі.

Паводле: grodnensis.by

Фота: Віктар Ведзень

Vedzen
Vedzen
Vedzen
Vedzen
Vedzen
Vedzen
Vedzen
Vedzen
Vedzen
Vedzen
Vedzen
Vedzen
Vedzen
Vedzen
Vedzen
Vedzen
Vedzen
Vedzen
Vedzen
Vedzen
Vedzen
Vedzen
Vedzen
Vedzen
Vedzen
Vedzen
Vedzen
Vedzen
Vedzen
Vedzen
Vedzen
Vedzen
Vedzen
Vedzen
Vedzen
Vedzen
Vedzen
Vedzen
Vedzen
Vedzen
Vedzen
Vedzen
Vedzen
Vedzen
Vedzen
Vedzen
Vedzen
Vedzen
Vedzen
Vedzen
Vedzen
Vedzen
Vedzen
Vedzen
Vedzen
Vedzen
Vedzen
Vedzen
Vedzen
Vedzen
Vedzen
Vedzen
Vedzen
Vedzen
Vedzen
Vedzen
Vedzen
Vedzen
Vedzen
Vedzen
Vedzen
Vedzen
Vedzen
Vedzen
Vedzen

 

Меткі: Фота - Віктар Ведзень, Маці Божая