Сакрыстыя працуе: 8:00 – 20:00 Тэл.: 8 017 365-44-15

Пошта: chyrvony@tut.by Мы ў сацыяльных сетках:         

Парафіяльную ўрачыстасць святога Юзафа адзначылі ў Рубяжэвічах з удзелам арцыбіскупа Станеўскага

19 сакавіка ў парафіі святога Юзафа ў Рубяжэвічах (Мінска-Магілёўская архідыяцэзія, Стаўбцоўскі дэканат) адзначылі парафіяльны адпуст у гонар Абранніка Найсвяцейшай Панны Марыі і Апякуна паўсюднага Касцёла.

З гэтай нагоды парафію ў Рубяжэвічах наведаў Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Юзаф Станеўскі, які ва ўрачыстасць святога Юзафа святкуе свае імяніны. 

Арцыпастыра гасцінна сустрэлі і цёпла прывіталі рубяжэвіцкія парафіяне на чале са сваім пробашчам ксяндзом канонікам Уладзімірам Каспарэвічам.

Незадоўга да парафіяльнага свята ў рубяжэвіцкую святыню прыбылі копіі цудадзейных абразоў Маці Божай, які здзяйсняюць перэгрынацыю па парафіях Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі. Яны дапамаглі стварыць асаблівую малітоўную атмасферу і адчуць прысутнасць Багародзіцы ў Яе святых выявах.

У прамоўленай гаміліі арцыбіскуп Станеўскі звярнуў увагу на асобу святога Юзафа, узгадаўшы, з якімі цяжкасцямі і выпрабаваннямі яму давялося сутыкнуцца, каб выканаць даручанае яму Богам заданне стаць галавой Святой Сям’і.

«Ён учыніў сваё жыццё даверам Пану Богу»,— падкрэсліў іерарх.

Арцыпастыр перасцярог вернікаў ад памылковага празмернага спадзявання на ўласныя сілы, ад спакусы самім справіцца з усімі цяжкасцямі. Іерарх заахвоціў прысутных звяртацца да Божай дапамогі і па прыкладу святога Юзафа, які на старонках Святога Пісання не прамовіў ніводнага слова, а толькі слухаў, уважліва прыслухоўвацца да таго, што Бог хоча сказаць, асабліва моладым людзям.

«Бог, які стварыў неба і зямлю, прамаўляе так, як калісьці да Юзафа: „Не бойся, Я з табою!

Дарагія брат і сястра, кожны з нас — Божае стварэнне. Таму не бойцеся сённяшняга свету і будзьце мужнымі»,— заахвоціў арцыбіскуп Станеўскі напрыканцы гаміліі.

Пасля Імшы парафіяне павіншавалі іерарха з імянінамі, пажадаўшы яму моцнага здароўя, а таксама апекі святога Юзафа і Найсвяцейшай Панны Марыі ў пастырскай працы. Арцыбіскуп, у сваю чаргу, падзякаваў усім вернікам і пробашчу за клопат пра святыню і пажадаў, каб жылі ў любові і еднасці ў духу Евангелля. «Не бойцеся! Трымайцеся моцна крыжа, бо на ім ёсць Езус Хрыстус, і Ён дапаможа пераадолець нам усе цяжкасці», — сказаў на развітанне гасцінным рубяжэвіцкім вернікам арцыбіскуп Юзаф Станеўскі.

Паводле: catholic.by

Фота: Виктар Ведзень

Меткі: Фота - Віктар Ведзень, бп. Юзаф Станеўскі