У Парафію Перамянення Пана ў Негарэлае завітала Божая Маці
У першую суботу навага года копіі пілігрымуючых абразоў Найсвяцейшай Панны Марыі прыбылі ў маладую святыню Перамянення Пана ў аграгарадку Негарэлае (Стаўбцоўскі дэканат).
Парафія ў мястэчку Негарэлае, якая была створана ў 2006 годзе стала 55-й каталіцкай супольнасцю ад моманту перэгрынацыі, дзе Маці Божая наведала сваіх дзяцей. Спачатку заснавання парафіі вернікі збіраліся на малітву ў пасёлку Энергетыкаў у доме адной з парафіянак, пазней — у памяшканне клуба дзіцячага аздараўленчага лагера “Дружба”. Пасля 2013 года распачалося будаўніцтва касцёла ў Негарэлым. 6 жніўня 2016 года тагачасны Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч здзейсніў пасвячэнне святыні пад тытулам Перамянення Пана.
Вітаючы разам з парафіянамі копіі пілігрымуючых абразоў нябеснай заступніцы пробашч парафіі кс. Канстанцін Цыбульскі MSF адзначыў, што “сёння ўрачысты дзень для нашай парафіяльнай сям’і. Бо сама Маці Божая ў разнастайных выявах з розных мясцін нашай Бацькаўшчыны наведала нас”.
Святую Імшу разам з душпастырам узначаліў а. Язафат Кунцэвіч ОFM. У прамоўленай гаміліі святар звярнуў увагу на святую Марыю, якая прыняла волю Бога пагадзіўшыся стацца Маці Найвышэйшага. Адзначыў, што кожная ікона мае ў сабе таямнічую і дзіўныю гісторыю. У кожным мейсцы, дзе знаходзіцца, альбо знаходзіўся арыгінал абраза – адбываліся розныя Божыя ласкі і цуды. "Як бачым, усе тыя мясціны, дзе Марыя аб’яўлялася людзям, заўважаем Яе заступніцтва. І калі мы будзем звяртацца да Бога праз Марыю – Бог заўсёды выслухае нашыя пакорныя просьбы, і адорыць патрэбнымі ласкамі. Бо Яна тая, хто яднае нас з Богам”. – дадаў духаўнік.
Абразы прабудуць у Негарэльскай парафіі Перамянення Пана (вул. Ленінская, 4) па 14 студзеня. А 10 гадзіне там адбудзецца развітальная Імша падзякі, пасля чаго яны вырушаць ў касцёл узвышэння Святога Крыжа ва Узду.
Фота: Віктар Ведзень
Меткі: Фота - Віктар Ведзень, Маці Божая, кс. Уладзіслаў Завальнюк