Сакрыстыя працуе: 8:00 – 20:00 Тэл.: 8 017 365-44-15

Пошта: chyrvony@tut.by Мы ў сацыяльных сетках:         

  • Галоўная
  • Пілігрымка з абразамі
  • У Маладзечне з удзелам прадстаўнікоў Касцёла і Царквы прайшла выстава абразоў Багародзіцы з Марыйных санктуарыяў Беларусі

У Маладзечне з удзелам прадстаўнікоў Касцёла і Царквы прайшла выстава абразоў Багародзіцы з Марыйных санктуарыяў Беларусі

20–21 жніўня ў гарадскім Палацы культуры горада Маладзечна (Мінска-Магілёўская архідыяцэзія) адбылася выстава копій цудадзейных абразоў Маці Божай з Марыйных санктуарыяў Беларусі, перэгрынацыя якіх ужо другі год адбываецца па парафіях нашай краіны.

У мерапрыемстве ўзялі ўдзел арцыбіскуп эмэрыт Тадэвуш Кандрусевіч, маладзечанскае каталіцкае духавенства і прадстаўнік Беларускай Праваслаўнай Царквы.

Адметнасцю перэгрынацыі абразоў Маці Божай, якая адбываецца па ініцыятыве ксяндза каноніка Уладзіслава Завальнюка, пробашча мінскай парафіі святога Сымона і святой Алены, з’яўляецца тое, што копіі цудадзейных ікон не толькі наведваюць касцёлы, але таксама экспануюцца ў свецкіх культурных установах. Першая падобная выстава ў межах перэгрынацыі адбылася ў маі ў Гомелі, а гэтым разам прайшла ў Маладзечне, на радзіме мастачкі Ядзвігі Сянько, якая стварыла ўсе гэтыя копіі абразоў з беларускіх Марыйных санктуарыяў.

На адкрыцці выставы духоўны кіраўнік перэгрынацыіі ксёндз Станіслаў Станеўскі CSsR прывітаў гасцей і жыхароў Маладзечна.

«Сёння хочам яшчэ раз паглядзець у вочы нашай Матулі ў гэтых копіях цудадзейных абразоў з нашай краіны, як гэта рабілі нашыя продкі».Коратка распавёўшы пра перэгрынацыю, якая ўжо другі год адбываецца ў нашай краіне, святар дадаў, што гэтыя выявы Божай Маці з розных мясцін Беларусі з’яўляюцца бачным сведчаннем таго, наколькі моцная любоў і пашана да Марыі з даўніх часоў існуе ў беларускага народа.

Са словам пастыра да прысутных звярнуўся арцыбіскуп Кандрусевіч. Заслужаны іерарх аднёсся да евангельскага аповеду пра адведзіны Марыяй святой Альжбеты. Натхнёная Духам Святым Альжбета ўсклікнула: «Адкуль гэта мне, што Маці майго Збаўцы прыходзіць да мяне».

«Сёння хочацца паўтарыць гэтыя словы Альжбеты, бо хто з нас 30 гадоў таму мог уявіць сабе падзею, якая сёння адбываецца?..

Марыя ў копіях цудадзейных абразоў наведвае Маладзечна — горад, дзе ў часы ваяўнічага атэізму не было ніводнага касцёла.

Сустрэча Марыі з Альжбетай не была толькі сустрэчай дзвюх жанчын у благаслаўлёным стане, але стала таксама сустрэчай яшчэ ненароджаных Езуса і Яна Хрысціцеля», — зазначыў арцыпастыр, дадаўшы, што, паводле Папы Бэнэдыкта XVI, «хрысціянства — гэта не збор нормаў і правіл, але сустрэча з асобай Хрыста».

«Найкарацейшай дарогай да Езуса з’яўляецца Марыя», — падкрэсліў іерарх, выказаўшы надзею на тое, што выстава копій цудадзейных абразоў Багародзіцы ў Маладзечне будзе весці людзей да асабістай сустрэчы з Езусам. На думку арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча, выстава таксама будзе спрыяць развіццю міжканфесійных і міжасобасных адносін, а таксама кансалідацыі грамадства вакол традыцыйных духоўных каштоўнасцяў беларусаў.

У адкрыцці выставы ўзялі ўдзел каталіцкія святары: пробашч маладзечанскай парафіі святога Юзафа ксёндз прэлат Эдмунд Даўгіловіч-Навіцкі, дэкан Маладзечанскі, настаяцель мясцовай супольнасці Меншых Братоў Капуцынаў брат Андрэй Жылевіч OFMCap, а таксама пробашч парафіі Унебаўзяцця Найсвяцйшай Панны Марыі ў Красным ксёндз Павел Шылак.

У якасці прадстаўніка Беларускай Праваслаўнай Царквы з прывітальным словам да прысутных звярнуўся сакратар епархіяльнага ўпраўлення Маладзечанскай епархіі, благачынны цэркваў Маладзечанскай акругі протаіерэй Віталій Багданёнак. Ад імя епіскапа Маладзечанскага і Стаўбцоўскага Паўла ён павіншаваў маладзечанцаў і гасцей выставы з адкрыццём экспазіцыі выяў Багародзіцы. Праваслаўны святар выказаў пажаданне, каб Маці Божая праз Яе ўсеміласцівы клопат абараняла нас ад усяго злога і накіроўвала ўсіх нас да свайго ўмілаванага Сына Езуса Хрыста.

Прадстаўнік Праваслаўнай Царквы таксама скіраваў словы падзякі арганізатарам духоўна-культурнай падзеі і асабіста мастачцы Ядзвізе Сянько: «Дзякую за вашае служэнне і талент, які вам быў дадзены Богам; што вы яго не закапалі, а яго прыўмножылі.

Асаблівая радасць заключаецца ў тым, што вы пішыце ўсе іконы ў сваім горадзе Маладзечна, а сімвалам горада з’яўляецца Прасвятая Уладарка наша Багародзіца. Дай нам Бог, каб мы заўсёды заставаліся вернымі дзецьмі і сынамі нашай святой Царквы»,— дадаў протаіерэй Віталій Багданёнак.

Ад імя мясцовых уладаў выказалася старшыня аддзела арганізацыйна-кадравай работы Маладзечанскага райвыканкама Жанна Карповіч:

«Гэта духоўная сіла, якая вядзе нас наперад, незалежна ад таго хто мы — католікі ці праваслаўныя — мы веруючыя людзі. У нашым сучасным свеце вельмі шмат што змянілася, але я лічу галоўнае, каб вера была ў душы чалавека, тады свет будзе жыць»,— падкрэсліла прадстаўнік дзяржаўнай улады.

На адкрыцці выставы выступіла таксама іканапісец Ядзвіга Сянько, якая сёлета адзначае 25 гадоў творчай дзейнасці. За гэты час шмат выстаў яе прац было зладжана ў Беларусі і за яе межамі, а напісаныя ёй абразы можна сустрэць як у каталіцкіх, так і ў праваслаўных святынях нашай Бацькаўшчыны.

Выказаўшы словы падзякі ксяндзу Уладзіславу Завальнюку, натхняльніку перэгрынацыі абразоў Багародзіцы па Беларусі, мастачка падзялілася з прысутнымі сваімі думкамі адносна гэтага.

«Я вельмі радая, што прымаю удзел у такім духоўным праекце. Бачу, як людзі у парафіях урачаста сустракаюць гэтыя копіі цудадзейных абразоў з беларускіх санктуарыяў, і з Марыйнымі спевамі праслаўляюць Багародзіцу, чый вобраз заўсёды нясе супакой»,— падкрэсліла Ядзвіга Сянько.

Пасля адкрыцця выставы, у малой зале палаца адбыўся канцэрт у дзвух частках. Пад кіраўніцтвам парафіянкі і дырыжора Ірэны Туровіч Нябесную Матулю праславіў дзіцяча-моладзевы хор маладзечанскай парафіі святога Казіміра «Зярняткі». У другой частцы разам з салістам ансамбля «Класік-авангард» Канстанцінам Дарашэнкам (альт) і Ірынай Апалінскай (фартэпіяна) выступіла оперная і камерная спявачка Юлія Казіміровіч.

Наступным этапам перэгрынацыі копій цудадзейных абразоў Маці Божай з Марыйных санктуарыяў Беларусі стане наведванне парафіі Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі ў вёсцы Канстанцінава (Мінска-Магілёўская архідыяцэзія, Мядзельскі дэканат), якое распачнецца 26 жніўня.

Таксама паглядзець відэа сустрэчы можна на Youtube канале "Missa" https://www.youtube.com/watch?v=mm-GGSzR65Y 

Паводле: catholic.by

Фота: Віктар Ведзень

-08-20-maladzechna-
-08-20-maladzechna-
-08-20-maladzechna-
-08-20-maladzechna-
-08-20-maladzechna-
-08-20-maladzechna-
-08-20-maladzechna-
-08-20-maladzechna-
-08-20-maladzechna-
-08-20-maladzechna-
-08-20-maladzechna-
-08-20-maladzechna-
-08-20-maladzechna-
-08-20-maladzechna-
-08-20-maladzechna-
-08-20-maladzechna-
-08-20-maladzechna-
-08-20-maladzechna-
-08-20-maladzechna-
-08-20-maladzechna-
-08-20-maladzechna-
-08-20-maladzechna-
-08-20-maladzechna-
-08-20-maladzechna-
-08-20-maladzechna-
-08-20-maladzechna-
-08-20-maladzechna-
-08-20-maladzechna-
-08-20-maladzechna-
-08-20-maladzechna-
-08-20-maladzechna-
-08-20-maladzechna-
-08-20-maladzechna-
-08-20-maladzechna-

Меткі: Фота - Віктар Ведзень, Маці Божая, бп. Тадэвуш Кандрусевіч