Пілігрымка з копіямі цудадзейных ікон Багародзіцы завітала ў Браслаў
У нядзелю 13 чэрвеня разам з вернікамі нашай парафіі маліліся ўдзельнікі пілігрымкі з копіямі беларускіх абразоў Маці Божай, каранаванымі папскімі каронамі. Шлях пілігрымаў пралягае ўздоўж беларускай мяжы.

Арганізатарам пілігрымкі з'яўляецца мінская парафія Святога Сымона і святой Алены. А яе ініцыятар — кс. Уладзіслаў Завальнюк. Святар распавёў, што ў пілігрымкі некалькі інтэнцый. Першае заданне для ўдзельнікаў — маліцца аб міры на нашай зямлі. Аб міры ў сэрцах і ў сем'ях.
«Каб як мага больш спакою было ў нашых сем'ях, каб спакой пашыраўся на нашай зямлі, — патлумачыў ксёндз Уладзіслаў. — Другая інтэнцыя — абарона ад каранавірусу, і трэцяя — малітва за адраджэнне будслаўскай святыні».
Пілігрымка распачалася 12 чэрвеня ў Гродне. Удзельнікі затрымліваюцца ля касцёлаў, наведваюць санктуарыі, моляцца. Пілігрымы урачыста вязуць копіі абраза Маці Божай Будслаўскай, Браслаўскай, Бялынічскай, Маці Божай Шкаплернай у Гудагаі, Маці Божай Тракельскай, Маці Божай Лагішынскай (Каралевы Палесся), абраза Маці Божай Выратавальніцы з Брэста і Маці Божай Кангрэгацкай, што ў Гродне. Удзельнічае ў пілігрымцы і вернік нашай парафіі Віталь Рагоўскі, які вязе копію абраза Маці Божай Валадаркі Азёраў.

«Паглядзіце, якая ласка Божая дзейнічае на нашай зямлі, — прамовіў ксёндз Уладзіслаў, указваючы на іконы Багародзіц, што былі змешчаны перад алтаром нашага санктуарыя. — Першапачаткова я збіраўся паехаць вакол Беларусі на мотаколе — 2300 кіламетраў. Але біскупы парадзілі берагчы здароўе і ехаць на машыне. Таму мы і падумалі, каб ехаць не на адной машыне, а каб урачыста везці абразы, каб людзі іх бачылі».
«Марыя кажа нам: я прыйшла да вас, каб вы прыйшлі да Мяне. Маці Божая прыносіць радасць у сем'і і чакае, каб мы звярнуліся да Бога», — заахвочваў кс. Уладзіслаў Завальнюк.
Завершыцца пілігрымка вяртаннем у Гродна 18 чэрвеня.
Меткі: Маці Божая, Пілігрымкі, кс. Уладзіслаў Завальнюк