Сакрыстыя працуе: 8:00 – 20:00 Тэл.: 8 017 365-44-15

Пошта: chyrvony@tut.by Мы ў сацыяльных сетках:         

Пятніца — трыццаць чацвёрты звычайны тыдзень, Год І

ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ Дан 7, 2–14
Вось разам з аблокамі нябеснымі ішоў нібы Сын Чалавечы

Пачатак кнігі прарока Даніэля.

Я, Даніэль, бачыў у начной візіі. Вось чатыры вятры нябесныя ўсхвалявалі вялікае Мора, і чатыры вялізныя жывёлы падымаліся з мора, адрозныя адна ад адной.

Першая была, як ільвіца, і мела арліныя крылы. Я глядзеў, пакуль не вырвалі ёй крылы; і была ўзнята над зямлёю, і стала на ногі, нібы чалавек, і далі ёй чалавечае сэрца.

І вось іншая жывёла, другая, падобная да мядзведзя, паўстала на адным баку, і паміж зубамі ў пашчы яе былі тры і́клы; і сказалі ёй так: Устань і пажырай шмат мяса.

Пасля гэтага глядзеў я, і вось іншая, падобная да леапарда жывёла, якая мела чатыры птушыныя крылы па-над сабою, і чатыры галавы было ў яе; і была дадзена ёй улада.

Пасля гэтага бачыў я ў начной візіі, і вось чацвёртая жывёла, грозная, і жахлівая, і надзвычай моцная. Былі ў яе вялікія жалезныя зубы, яна пажырала і руйнавала, а рэшткі таптала сваімі нагамі. Яна не нагадвала іншых жывёлаў, якіх бачыў я перад ёю, і мела дзесяць рагоў. Калі я прыглядаўся да рагоў, іншы малы рог вырас пасярод іх, а тры папярэднія рогі былі вырваныя перад ім. І вось вочы, нібы чалавечыя вочы, былі на гэтым рагу, і вусны, якія казалі ганарыста.

Я бачыў, як ставілі троны, і Старадаўні сеў. Адзенне Ягонае было белае, як снег, а валасы на галаве Ягонай, як чыстая воўна. Трон Ягоны быў, як полымя агню, а колы, як палаючы агонь. Вогненая рака разлівалася і выцякала ад Яго. Тысячы тысячаў служылі Яму, і дзесяць тысяч дзесяткаў тысяч стаялі перад Ім. Суд сеў, і разгарнуліся кнігі. Я глядзеў далей і ўбачыў, што з-за шуму ганарыстых словаў, якія казаў рог, была забіта жывёла, і загінула цела яе, і было аддадзена на спаленне агнём. А ў іншых жывёлаў забрана была ўлада і працягласць жыцця ім вызначылі да часу і да пары.

Бачыў я ў начных візіях: вось разам з аблокамі нябеснымі ішоў нібы Сын Чалавечы, наблізіўся Ён да Старадаўняга, і быў падведзены да Яго. І дадзена Яму была ўлада, і гонар, і валадарства. І ўсе народы, плямёны і мовы служылі Яму. Улада Ягоная — вечная ўлада, якая не адымецца. І валадарства Ягонае не будзе знішчана.

Гэта слова Божае.

РЭСПАНСАРЫЙНЫ ПСАЛЬМ Дан 3, 75–76. 77–78. 79–80. 81 (Р.: 59b)

Рэфрэн:  Хваліце і ўзвялічвайце Пана навекі.

75. Благаслаўляйце Пана, горы і ўзгоркі, *
хваліце і ўзвялічвайце Яго навекі.
76. Благаслаўляйце Пана, усе расліны зямлі, *
хваліце і ўзвялічвайце Яго навекі.

Рэфрэн:

77. Благаслаўляйце Пана, крыніцы, *
хваліце і ўзвялічвайце Яго навекі.
78. Благаслаўляйце Пана, моры і рэкі, *
хваліце і ўзвялічвайце Яго навекі.

Рэфрэн:

79. Благаслаўляйце Пана, кіты і ўсё, што плавае па водах, *
хваліце і ўзвялічвайце Яго навекі.
80. Благаслаўляйце Пана, усе нябесныя птушкі, *
хваліце і ўзвялічвайце Яго навекі.

Рэфрэн:

81. Благаслаўляйце Пана, *
усе звяры і жывёлы,
хваліце і ўзвялічвайце *
Яго навекі.

Рэфрэн:

СПЕЎ ПЕРАД ЕВАНГЕЛЛЕМ Лк 21, 28

Акламацыя: Аллелюя, аллелюя, аллелюя.

Выпрастайцеся і падыміце галовы вашыя,
бо набліжаецца адкупленне вашае.

Акламацыя: Аллелюя, аллелюя, аллелюя.

ЕВАНГЕЛЛЕ Лк 21, 29–33
Калі ўбачыце, што гэта адбываецца, ведайце, што наблізілася Валадарства Божае

+ Чытанне святога Евангелля паводле Лукі.

У той час:

Езус сказаў сваім вучням: Паглядзіце на смакоўніцу і на ўсе дрэвы. Калі яны ўжо распускаюцца, то, убачыўшы гэта, ведаеце самі, што ўжо блізка лета. Так і вы, калі ўбачыце, што гэта адбываецца, ведайце, што наблізілася Валадарства Божае. Сапраўды кажу вам, не міне пакаленне гэтае, як усё збудзецца. Неба і зямля пройдуць, слова ж Маё не праміне.

Гэта слова Пана

Паводле catholic.by

Меткі: Пятніца, Слова Божае, Лекцыянарый, Разважанні

Друкаваць