Чацвер — трыццаць трэці звычайны тыдзень, Год І
ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ 1 Мак 2, 15–29
Будзем жыць паводле запавету айцоў нашых
Чытанне Першай кнігі Макабэяў.
У тыя дні:
Каралеўскія пасланцы, якія прымушалі да адступніцтва, прыбылі ў горад Мадэйн, каб наладзіць ахвярапрынашэнне. І шмат ізраэльцянаў прыйшло да іх. Сабраліся таксама Матація і ягоныя сыны. Тады звярнуліся каралеўскія пасланцы да Матаціі, кажучы: У гэтым горадзе ты першы, знакаміты і вялікі чалавек, які мае падтрымку сыноў і братоў. Цяпер падыдзі першы і ўчыні тое, што загадвае кароль, як зрабілі ўсе язычнікі, мужы Юды і тыя, хто застаўся ў Ерузалеме. Тады і ты, і твае сыны апынецеся ў ліку каралеўскіх сяброў і разам са сваімі сынамі будзеш ушанаваны срэбрам, золатам і шматлікімі дарамі.
І адказаў Матація, кажучы гучным голасам: Нават калі ўсе народы, якія знаходзяцца пад панаваннем караля, паслухаліся яго і кожны адступіў ад бацькоўскай рэлігіі, згаджаючыся з ягонымі загадамі, я, мае сыны і мае браты будзем жыць паводле запавету айцоў нашых. Барані Бог, каб мы пакінулі Закон і запаведзі. А каралеўскім загадам падпарадкоўвацца не будзем і не адступім ад нашай рэлігіі ні ўправа, ні ўлева.
Як толькі скончыў казаць гэтыя словы, адзін юдэй на вачах усіх падышоў, каб, паводле каралеўскага загаду, прынесці ахвяру на алтар у Мадэйне. І ўбачыў Матація, і напоўніўся руплівасцю, і задрыжэла сэрца ягонае, і запаліўся справядлівым гневам, і падбег, і забіў яго на алтары. Забіў у той момант таксама каралеўскага чалавека, які прымушаў прыносіць ахвяру, а сам алтар зруйнаваў. І напоўніўся руплівасцю аб Законе, як Фінээс зрабіў Замрэю, сыну Салома.
І закрычаў Матація ў горадзе гучным голасам: Кожны, хто рупіцца аб Законе і трымаецца запавету, няхай выходзіць за мною. Тады ён і сыны ягоныя ўцяклі ў горы і пакінулі ўсё, што яны мелі ў горадзе. А многія, хто шукаў справядлівасці і праўды, сышлі ў пустыню і заставаліся там.
Гэта слова Божае.
РЭСПАНСАРЫЙНЫ ПСАЛЬМ Пс 50 (49), 1–2. 5–6. 14–15 (Р.: 23b)
Рэфрэн: Беззаганнаму ў паводзінах Я адкрыю збаўленне.
1. Прамовіў Пан, Бог над багамі *
і паклікаў зямлю ад усходу да захаду сонца.
2. Бог заззяў з Сіёну,
з дасканалай красы.
Рэфрэн:
5. Збярыце да Мяне верных Маіх, *
якія праз ахвяру заключылі са Мной запавет.
6. І нябёсы абвесцяць Яго справядлівасць, *
таму што сам Бог — суддзя.
Рэфрэн:
14. Прынось Богу ахвяру падзякі, *
і выконвай свае абяцанні перад Найвышэйшым.
15. Кліч Мяне ў дзень нядолі, *
Я ўратую цябе, а ты Мяне праславіш.
Рэфрэн:
СПЕЎ ПЕРАД ЕВАНГЕЛЛЕМ пар. Пс 95 (94), 8аb
Акламацыя: Аллелюя, аллелюя, аллелюя.
Не рабіце сёння жорсткімі сэрцы вашыя,
але слухайце голас Пана.
Акламацыя: Аллелюя, аллелюя, аллелюя.
ЕВАНГЕЛЛЕ Лк 19, 41–44
Калі б і ты пазнаў, што служыць для спакою твайго
+ Чытанне святога Евангелля паводле Лукі.
У той час:
Калі Езус наблізіўся да Ерузалема і ўбачыў яго, заплакаў над ім і сказаў: О, калі б і ты ў гэты дзень пазнаў, што служыць для спакою твайго. Але цяпер гэта схавана ад вачэй тваіх. Бо прыйдуць да цябе такія дні, калі ворагі твае абкапаюць цябе валам, і акружаць цябе, і сціснуць з кожнага боку. І зраўнаюць з зямлёю цябе і дзяцей тваіх з табою, і не пакінуць каменя на камені за тое, што ты не пазнаў часу адведзінаў сваіх.
Гэта слова Пана
Паводле catholic.by
Меткі: Чацвер, Слова Божае, Лекцыянарый, Разважанні