Пятніца — дваццаць шосты звычайны тыдзень, Год І
ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ Бар 1, 15–22
Мы зграшылі перад Панам і не паслухаліся
Чытанне кнігі прарока Баруха.
У тыя дні:
У Пана, Бога нашага, справядлівасць, у нас жа – сорам на тварах, як сёння ва ўсякага юдэя і ў жыхароў Ерузалема, і ў каралёў нашых, і ў кіраўнікоў нашых, і ў святароў нашых, і ў прарокаў нашых, і ў айцоў нашых, бо мы зграшылі перад Панам і не паслухаліся Яго, і не пачулі голасу Пана, Бога нашага, каб паступаць паводле наказаў Пана, якія Ён даў нам.
таго дня, калі Пан вывеў айцоў нашых з зямлі Егіпецкай, і да гэтага дня мы былі непаслухмяныя Пану, Богу нашаму, і не хвалявала нас, што мы не слухалі Ягоны голас. Таму і спасціглі нас няшчасці і праклён, якімі пагражаў Пан праз слугу свайго Майсея ў той дзень, калі вывеў айцоў нашых з зямлі Егіпецкай, каб даць нам зямлю, дзе плывуць малако і мёд, як сёння. І не слухалі мы голасу Пана Бога нашага ва ўсіх словах прарокаў, якіх пасылаў да нас, і кожны паступаў паводле злых намераў сэрца свайго, служачы чужым багам і чынячы зло перад вачыма Пана, Бога нашага.
Гэта слова Божае.
РЭСПАНСАРЫЙНЫ ПСАЛЬМ Пс 79 (78), 1–2. 3–5 і 8. 9 (Р.: 9b)
Рэфрэн: Вызвалі нас, Пане, дзеля імя Твайго.
1. Божа, язычнікі ўвайшлі ў спадчыну Тваю; †
апаганілі святую Тваю святыню, *
Ерузалем ператварылі ў руіны.
2. Трупы слугаў Тваіх аддалі на з’ядзенне птушкам нябесным, *
целы святых Тваіх — звярам зямным.
Рэфрэн:
3. Пралілі іх кроў, як ваду, вакол Ерузалема, †
і не было каму іх пахаваць. *
4. Мы сталі ганьбаю для нашых суседзяў,
пагардай і пасмешышчам для тых, хто вакол нас.
5. Дакуль, Пане, гневацца будзеш няспынна, *
а Твая лютасць будзе палаць, як агонь?
Рэфрэн:
8. Не памятай правінаў *
нашых продкаў,
няхай хутчэй нас спаткае Твая міласэрнасць, *
бо мы зусім аслаблі.
Рэфрэн:
9. Памажы нам, Божа, наш Збаўца, *
дзеля славы імя Твайго;
вызвалі нас і даруй нам грахі нашыя *
дзеля Твайго імя.
Рэфрэн:
СПЕЎ ПЕРАД ЕВАНГЕЛЛЕМ пар. Пс 95 (94), 8аb
Акламацыя: Аллелюя, аллелюя, аллелюя.
Не рабіце сёння жорсткімі вашыя сэрцы,
але слухайце голас Пана.
Акламацыя: Аллелюя, аллелюя, аллелюя.
ЕВАНГЕЛЛЕ Лк 10, 13–16
Хто адкідае Мяне, адкідае таго, хто паслаў Мяне
+ Чытанне святога Евангелля паводле Лукі.
У той час Езус сказаў: ?
Гора табе, Харазін! Гора табе, Бэтсаіда! Бо, калі б у Тыры і Сідоне былі цуды, што сталіся сярод вас, то яны даўно б, седзячы ў мешкавіне і ў попеле, пакаяліся. Але Тыру і Сідону лепш будзе на судзе, чым вам. І ты, Кафарнаум, што аж да неба будзеш узвышаны, аж да адхлані сыдзеш.?
Хто слухае вас, Мяне слухае, і хто вас адкідае, Мяне адкідае. А хто адкідае Мяне, адкідае таго, хто паслаў Мяне.
Гэта слова Пана
Паводле catholic.by
Меткі: Пятніца, Слова Божае, Лекцыянарый, Разважанні