Чацвер — дваццаць шосты звычайны тыдзень, Год І
ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ Нм 8, 1–4а. 5-6. 7b–12
І разгарнуў Эздра кнігу Закону і благаславіў Пана, а ўвесь народ адказаў: Амэн, амэн
Чытанне кнігі Нээміі.
У тыя дні:
Як адзін сабраўся ўвесь народ на плошчы, што перад Воднай брамай, і сказалі кніжніку Эздру, каб ён прынёс кнігу Майсеевага Закону, які наказаў Пан Ізраэлю. І ў першы дзень сёмага месяца святар Эздра прынёс Закон на сход мужчын і жанчын, і ўсіх, хто мог разумець. І чытаў яго на плошчы, што перад Воднаю брамай, ад світання да сярэдзіны дня перад мужчынамі і жанчынамі, і тымі, хто мог разумець; і вушы ўсяго народа былі ўважлівыя да кнігі Закону. Стаяў жа кніжнік Эздра на зробленым драўляным узвышэнні.
І разгарнуў Эздра кнігу перад вачыма ўсяго народа, а стаяў ён вышэй за народ. І, калі разгарнуў яе, увесь народ устаў. Благаславіў Эздра Вялікага Пана Бога, а ўвесь народ адказаў: Амэн, амэн, — падымаючы рукі свае. І кланяліся, і падалі на калені, тварам на зямлю, перад Панам. Левіты ж тлумачылі народу Закон, а народ стаяў на сваім месцы. І чыталі з кнігі Закону Божага выразна, і тлумачылі, і раскрывалі сэнс, і рабілі зразумелым тое, што чыталася.
Тады намеснік Нээмія і Эздра, кніжнік і святар, і левіты, якія вучылі народ, сказалі ўсяму народу: Дзень гэты святы для Пана Бога нашага! Не смуткуйце і не плачце. Бо ўвесь народ плакаў, слухаючы словы Закону.
І сказаў ім Нээмія: Ідзіце, ешце тлустае і піце салодкае, і пасылайце часткі тым, хто не прыгатаваў сабе, таму што святы гэты дзень для Пана нашага. І не смуткуйце, бо радасць Пана — гэта моц вашая. Левіты суцішалі ўвесь народ, кажучы: Замоўкніце, бо святы гэты дзень, не смуткуйце. І пайшоў увесь народ есці, піць і пасылаць часткі, і ўчыніць вялікую радасць, бо зразумелі словы, абвешчаныя ім.
Гэта слова Божае.
РЭСПАНСАРЫЙНЫ ПСАЛЬМ Пс 19 (18), 8. 9. 10. 11 (Р.: 9а)
Рэфрэн: Загады Пана справядлівыя і радуюць сэрца.
8. Закон Пана дасканалы, *
умацоўвае душу,
сведчанне Пана вернае, *
яно дае мудрасць простым.
Рэфрэн:
9. Загады Пана справядлівыя *
і радуюць сэрца;
наказ Пана ясны, *
прасвятляе вочы.
Рэфрэн:
10. Боязь Божая беззаганная *
і вечна трывае;
прысуды Пана праўдзівыя *
і ўсе справядлівыя.
Рэфрэн:
11. Больш каштоўныя, чым золата, *
чым мноства чыстага золата,
і саладзейшыя за мёд *
і сок сотавы.
Рэфрэн:
СПЕЎ ПЕРАД ЕВАНГЕЛЛЕМ Мк 1, 15
Акламацыя: Аллелюя, аллелюя, аллелюя.
Наблізілася Валадарства Божае:
кайцеся і верце ў Евангелле.
Акламацыя: Аллелюя, аллелюя, аллелюя.
ЕВАНГЕЛЛЕ Лк 10, 1–12
На ім спачне ваш спакой
+ Чытанне святога Евангелля паводле Лукі.
У той час:
Прызначыў Пан іншых семдзесят двух вучняў і паслаў іх па двое перад сабою ў кожны горад і месца, куды сам хацеў ісці. І сказаў ім: Жніво сапраўды вялікае, а работнікаў мала, таму прасіце Гаспадара жніва, каб паслаў работнікаў на жніво сваё.
Ідзіце, вось Я пасылаю вас, як ягнят сярод ваўкоў. Не бярыце ні машны, ні торбы, ні сандаляў, і ў дарозе нікога не вітайце. У які дом увойдзеце, спачатку кажыце: Спакой гэтаму дому! І калі будзе там сын спакою, то на ім спачне ваш спакой. Калі ж не, то вернецца да вас. Заставайцеся ў тым доме, ешце і піце, што ў іх ёсць, бо работнік заслугоўвае платы сваёй. Не пераходзьце з дому ў дом.
І калі прыйдзеце ў які горад, і прымуць вас, ешце, што вам пададуць. І аздараўляйце ў ім хворых, і кажыце ім: Наблізілася да вас Валадарства Божае. Калі прыйдзеце ў які горад, і не прымуць вас, то выйдзіце на яго вуліцы і скажыце: Нават пыл горада вашага, які прыліп да ног нашых, атрасаем; аднак ведайце, што наблізілася да вас Валадарства Божае. Кажу вам, што Садоме ў дзень той будзе лепш, чым гораду таму.
Гэта слова Пана
Паводле catholic.by
Меткі: Чацвер, Слова Божае, Лекцыянарый, Разважанні