Сакрыстыя працуе: 8:00 – 20:00 Тэл.: 8 017 365-44-15

Пошта: chyrvony@tut.by Мы ў сацыяльных сетках:         

Пятніца — дваццаць чацвёрты звычайны тыдзенью, Год І

ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ 1 Цім 6, 2с–12
Ты, о чалавек Божы, імкніся да справядлівасці

Чытанне Першага паслання святога апостала Паўла да Цімафея.

Умілаваны:

Гэтаму навучай і да гэтага заклікай. Калі хто навучае інакш і не трымаецца здаровых словаў нашага Пана Езуса Хрыста, а таксама згоднага з пабожнасцю вучэння, той заганарыўся, нічога не ведае, але мае хваравітую схільнасць да пытанняў і слоўных спрэчак. З гэтага ўзнікаюць зайздрасць, гнеў, блюзнерствы, зласлівыя падазрэнні, няспынныя спрэчкі пазбаўленых праўды людзей з сапсаваным мысленнем, якія лічаць, што пабожнасць — гэта карысць.

Сапраўды, пабожнасць разам з задавальненнем — гэта вялікая карысць. Бо мы нічога не прыносім у свет і не можам нічога вынесці. Але, маючы спажытак і чым прыкрыцца, будзем жа задаволеныя гэтым.

А тыя, хто хоча ўзбагаціцца, трапляюць у спакусу і пастку, у шматлікія неразумныя і шкодныя пажадлівасці, якія затапляюць людзей у згубе і пагібелі. Бо корань ўсялякага зла — гэта любоў да грошай, у пагоні за якімі некаторыя адступіліся ад веры і аддалі сябе шматлікім пакутам.

Але ты, о чалавек Божы, пазбягай памылак, імкніся да справядлівасці, пабожнасці, веры, любові, цярплівасці і лагоднасці. Змагайся добрым змаганнем веры, трымайся вечнага жыцця, да якога ты пакліканы і пра якое ты даў добрае вызнанне перад многімі сведкамі.

Гэта слова Божае.

РЭСПАНСАРЫЙНЫ ПСАЛЬМ Пс 49 (48), 6–7. 8–10. 17–18. 19–20 (Р.: Мц 5, 3)

Рэфрэн: Шчаслівыя ўбогія духам, бо іх Валадарства Нябеснае.

6. Чаго мне баяцца ў дні няшчасця, *
калі вакол мяне злосць маіх ворагаў,
7. якія спадзяюцца на свой дастатак *
і хваляцца сваім вялікім багаццем?

Рэфрэн:

8. Але ніводзін чалавек не можа выкупіць свайго брата *
і даць Богу выкуп за яго.
9. Дарагі выкуп за іхнія душы †
і ніколі гэтага не будзе, *
10. каб ён мог жыць вечна і не ўбачыў магілы.

Рэфрэн:

17. Не бойся, калі чалавек багацее, *
калі памнажаецца слава ягонага дому.
18. Бо, калі памрэ, нічога не возьме з сабою *
і ягоная слава за ім не пойдзе.

Рэфрэн:

19. І хоць пры жыцці сам сябе выхваляе: *
Пахваляць цябе, што робіш добра для сябе, –
20. аднак, пойдзе да роду сваіх продкаў, *
якія ўжо ніколі не ўбачаць святла.

Рэфрэн:

СПЕЎ ПЕРАД ЕВАНГЕЛЛЕМ пар. Мц 11, 25

Акламацыя: Аллелюя, аллелюя, аллелюя.

Благаслаўлёны Ты, Ойча, Пан неба і зямлі,
што таямніцу Валадарства Ты выявіў дзецям.

Акламацыя: Аллелюя, аллелюя, аллелюя.

ЕВАНГЕЛЛЕ Лк 8, 1–3
Былі з Ім жанчыны, якія падрымлівалі іх маёмасцю сваёю

+ Чытанне святога Евангелля паводле Лукі.

У той час:

Езус праходзіў па гарадах і вёсках, прапаведуючы і абвяшчаючы Добрую Навіну аб Валадарстве Божым. І былі з Ім Дванаццаць, а таксама некаторыя жанчыны, аздароўленыя ад злых духаў і хваробаў: Марыя, называная Магдаленай, з якой выйшла сем дэманаў; Яна, жонка Хузы, чыноўніка Ірада; Зузана і шмат іншых, якія дапамагалі ім маёмасцю сваёю.

Гэта слова Пана

Паводле catholic.by

Меткі: Пятніца, Слова Божае, Лекцыянарый, Разважанні

Друкаваць