Сакрыстыя працуе: 8:00 – 20:00 Тэл.: 8 017 365-44-15

Пошта: chyrvony@tut.by Мы ў сацыяльных сетках:         

Чацвер — трынаццаты звычайны тыдзень, Год І

ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ Быц 22, 1–19
Ахвяра патрыярха нашага Абрагама

Чытанне кнігі Быцця.

У тыя дні:

Выпрабоўваў Бог Абрагама і сказаў яму: Абрагаме. І ён адказаў: Гэта я. Бог сказаў: Вазьмі сына твайго адзінага, якога ты любіш, Ісаака, і ідзі ў зямлю Морыя, і там прынясі яго на ўсеспаленне на адной з гор, пра якую Я скажу табе. Абрагам устаў вельмі рана, асядлаў асла свайго, узяў з сабою двух слугаў сваіх і Ісаака, сына свайго; накалоў дроў на ўсеспаленне і, устаўшы, пайшоў да месца, пра якое сказаў яму Бог.

На трэці дзень Абрагам узняў вочы свае і ўбачыў здалёк тое месца. І сказаў Абрагам слугам сваім: Застаньцеся тут з аслом, а я і хлопец пойдзем туды і паклонімся, і вернемся да вас. Узяў Абрагам дровы на ўсеспаленне і ўсклаў на Ісаака, сына свайго. Узяў у рукі агонь і нож, і пайшлі абодва разам.

І сказаў Ісаак Абрагаму, айцу свайму: Айцец мой. А той адказаў: Гэта я, сыне мой. Ён сказаў: Вось агонь і дровы, дзе ж ягня на ўсеспаленне? Абрагам сказаў: Бог нагледзіць сабе ягня на ўсеспаленне, сыне мой. І яны ішлі абодва разам.

І прыйшлі на месца, пра якое сказаў яму Бог. Абрагам пабудаваў там ахвярнік, расклаў дровы і, звязаўшы сына свайго Ісаака, паклаў яго на ахвярнік паверх дроваў. І працягнуў Абрагам руку сваю, і ўзяў нож, каб закалоць сына свайго.

Але анёл Пана паклікаў яго з неба і сказаў: Абрагаме, Абрагаме. Ён адказаў: Гэта я. Анёл сказаў: Не падымай рукі тваёй на хлопца і не рабі з ім нічога, бо цяпер Я ведаю, што ты баішся Бога і не пашкадаваў сына свайго адзінага для Мяне. Узняў Абрагам вочы свае і ўбачыў за сабою барана, які заблытаўся ў гушчары рагамі сваімі. Абрагам пайшоў, узяў барана і прынёс яго на ўсеспаленне замест сына. І назваў Абрагам тое месца “Пан бачыць”. Таму і сёння гаворыцца: На гары Пан будзе бачны.

Анёл Пана другі раз паклікаў Абрагама з неба і сказаў: Прысягаю, - кажа Пан, — паколькі ты зрабіў гэта і не пашкадаваў сына свайго адзінага, то Я благаслаўлю цябе і памножу патомства тваё, як зоркі на небе і як пясок на беразе мора, і патомства тваё здабудзе брамы ворагаў тваіх. І атрымаюць благаслаўленне ў патомстве тваім усе народы зямлі, бо ты паслухаўся голасу Майго.

Вярнуўся Абрагам да сваіх слугаў, і яны ўсталі, і пайшлі разам у Бэршэбу. І жыў Абрагам у Бэршэбе.

Гэта слова Божае.

РЭСПАНСАРЫЙНЫ ПСАЛЬМ  Пс 116А (114), 1–2. 3–4. 5–6. 8–9 (Р.: 9)

Рэфрэн:  Буду хадзіць перад абліччам Пана на зямлі жывых.

Або: Аллелюя

1. Люблю я Пана, бо Ён пачуў *
голас маіх малітваў.
2. Бо Ён схіліў вуха сваё да мяне *
ў дзень, калі я клікаў.

Рэфрэн:

3. Акружылі мяне путы смерці, †
пакуты пякельныя знайшлі мяне; *
знайшоў я няшчасце і ўціск.
4. Але я паклікаў імя Пана: *
Пане, выратуй душу маю!

Рэфрэн:

5. Пан ласкавы і справядлівы, *
наш Бог міласэрны.
6. Ахоўвае Пан прастадушных: *
я знемагаў, і Ён уратаваў мяне.

Рэфрэн:

8. Бо Ён вырваў душу маю ад смерці, *
вочы — ад слёз, ногі — ад упадку.
9. Буду хадзіць перад абліччам Пана *
на зямлі жывых.

Рэфрэн:

СПЕЎ ПЕРАД ЕВАНГЕЛЛЕМ 2 Кар 5, 19

Акламацыя: Аллелюя, аллелюя, аллелюя.

Бог у Хрысце яднаў з сабою свет,
даючы нам слова паяднання.

Акламацыя: Аллелюя, аллелюя, аллелюя.

ЕВАНГЕЛЛЕ Мц 9, 1–8
Праславілі Бога, які даў такую ўладу людзям

+ Чытанне святога Евангелля паводле Мацвея.

У тыя дні:

Езус увайшоў у човен і пераправіўся ў свой горад. І вось прынеслі да Яго паралізаванага, пакладзенага на ложа. Убачыўшы іхнюю веру, Езус сказаў паралізаванаму: Будзь адважным, сыне, адпускаюцца табе грахі. І вось некаторыя кніжнікі сказалі самі сабе: Ён блюзнерыць.

А Езус, убачыўшы думкі іхнія, сказаў: Навошта задумваеце зло ў сэрцах вашых? Бо што лягчэй сказаць: «адпускаюцца табе грахі», або сказаць: «устань і хадзі»? Але каб вы ведалі, што Сын Чалавечы мае ўладу на зямлі дараваць грахі. Тады кажа паралізаванаму: Устань, вазьмі ложа сваё і ідзі дадому.

Той устаў і пайшоў дадому.

А людзі, убачыўшы гэта, спалохаліся і праславілі Бога, які даў такую ўладу людзям. .

Гэта слова Пана.

Паводле catholic.by

Меткі: Чацвер, Слова Божае, Лекцыянарый, Разважанні

Друкаваць