Аўторак — трынаццаты звычайны тыдзень, Год І
ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ Быц 19, 15–29
І спаслаў Пан на Садом і Гамору дождж з серы і агонь
Чытанне кнігі Быцця.
У тыя дні:
Анёлы прыспешвалі Лота, кажучы: Устань, вазьмі жонку тваю і дзвюх дачок тваіх, якія ў цябе, каб не загінуў ты за беззаконні горада. А паколькі ён марудзіў, то мужы тыя, з літасці Пана да яго, узялі за руку яго і жонку, і дзвюх дачок ягоных і павялі яго, і вывелі за горад.
Калі ж вывелі іх вонкі, то адзін з іх сказаў: Ратуй жыццё сваё; не азірайся і нідзе не спыняйся ў гэтай ваколіцы; ратуйся на гары, каб табе не загінуць.
Але Лот сказаў ім: Не, Пане. Вось слуга Твой знайшоў упадабанне ў вачах Тваіх, і павялічыў Ты міласць сваю да мяне, каб уратаваць жыццё маё. Але я не магу ратавацца на гары, каб не застала мяне бяда і я не памёр. Вось блізкі гэты горад, каб уцякаць туды, і ён малы. Я ўратуюся ў ім. Ці ж ён не малы? І будзе захавана жыццё маё.
І сказаў яму: Вось учыню яшчэ і гэта для цябе: не знішчу горада, пра які ты кажаш. Спяшайся, ратуйся там, бо Я нічога не магу ўчыніць, пакуль ты не ўвойдзеш туды. Таму і названы горад гэты: Сэгор. Сонца ўзышло над зямлёю, і Лот увайшоў у Сэгор.
І спаслаў Пан на Садом і Гамору дождж з серы і агонь ад Пана з нябёсаў. І знішчыў гарады гэтыя і ўсю ваколіцу, і ўсіх жыхароў гарадоў гэтых, і расліннасць зямлі. А жонка Лота азірнулася назад і ператварылася ў слуп солі.
Раніцай на світанні ўстаў Абрагам і пайшоў на месца, дзе стаяў перад абліччам Пана. Паглядзеў ён на Садом і Гамору, і на ўсю паверхню зямлі гэтай ваколіцы. І ўбачыў, як дым уздымаецца з зямлі, быццам дым з печы.
Калі ж Бог знішчаў гарады гэтай ваколіцы, успомніў Бог пра Абрагама і вызваліў Лота ад знішчэння, калі руйнаваў гарады, у якіх жыў Лот.
Гэта слова Божае.
РЭСПАНСАРЫЙНЫ ПСАЛЬМ Пс 26 (25), 2–3. 9–10. 11–12 (Р.: 3а)
Рэфрэн: Твая міласэрнасць, Пане, перад маімі вачыма.
2. Правер мяне, Пане, і выпрабуй, *
даследуй маё нутро і сэрца.
3. Бо Твая міласэрнасць перад маімі вачыма,*
і я паступаю паводле Тваёй праўды.
Рэфрэн:
9. Не загубі душы маёй з грэшнікамі, *
і жыцця майго з людзьмі крыважэрнымі,
10. у руках якіх зладзейства, *
і правіца якіх напоўнена подкупам.
Рэфрэн:
11. Я ж хаджу ў сваёй беззаганнасці, *
вызвалі мяне і злітуйся нада мною.
12. Нага мая стаіць на роўным месцы, *
на сходах я благаслаўляю Пана.
Рэфрэн:
СПЕЎ ПЕРАД ЕВАНГЕЛЛЕМ Пс 130 (129), 5
Акламацыя: Аллелюя, аллелюя, аллелюя.
Спадзяюся на Пана,
давяраю Яго слову.
Акламацыя: Аллелюя, аллелюя, аллелюя.
ЕВАНГЕЛЛЕ Мц 8, 23–27
Устаўшы, забараніў вятрам і мору, і настала вялікая ціша
+ Чытанне святога Евангелля паводле Мацвея.
У той час:
Калі Езус увайшоў у човен, увайшлі за Ім Ягоныя вучні.
І вось пачалася вялікая бура на моры, так што човен накрывалі хвалі. А Ён спаў.
І, падышоўшы, яны разбудзілі Яго, кажучы: Пане, ратуй, мы гінем. А Ён кажа ім: Чаго вы спалохаліся, малой веры? Тады, устаўшы, забараніў вятрам і мору, і настала вялікая ціша. А людзі дзівіліся і казалі: Хто Ён такі, што і вятры, і мора слухаюцца Яго?
Гэта слова Пана.
Паводле catholic.by
Меткі: Разважанні, Лекцыянарый, Слова Божае, Аўторак