Сакрыстыя працуе: 8:00 – 20:00 Тэл.: 8 017 365-44-15

Пошта: chyrvony@tut.by Мы ў сацыяльных сетках:         

Панядзелак — адзінаццаты звычайны тыдзень, Год І

ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ 2 Кар 6, 1–10
Выяўляем сябе як слугаў Божых

Чытанне Другога паслання святога апостала Паўла да Карынцянаў.

Браты:

Як супрацоўнікі, мы заклікаем, каб вы не прымалі ласкі Божай дарэмна. Бо Ён кажа:

У час спрыяльны Я пачуў цябе,
і ў дзень збаўлення дапамог табе.

Вось цяпер час спрыяльны, вось цяпер дзень збаўлення. 

Мы нікому ні ў чым не даём спатыкацца, каб не знайшлося заганы ў нашым служэнні, а ва ўсім выяўляем сябе як слугаў Божых: у вялікай цярплівасці, у турботах, у патрэбе, ва ўціску, пад ударамі, у вязніцах, у хваляваннях, у працы, у чуванні, у посце, у чыстасці, у пазнанні, у велікадушнасці, у ласкавасці, у Духу Святым, у любові некрывадушнай, у слове праўды, у моцы Божай, са зброяй справядлівасці ў правай і ў левай руцэ, праз славу і бясслаўе, праз ганьбу і пахвалу. Мы нібы ашуканцы, але праўдзівыя; нібы невядомыя, але нас пазнаюць; нібы паміраючыя, але вось мы жывём; нібы пакараныя, але не забітыя; нібы засмучаныя, але заўсёды радуемся; нібы ўбогія, але многіх узбагачаем; нібы нічога не маем, але ўсім валодаем.

Гэта слова Божае.

РЭСПАНСАРЫЙНЫ ПСАЛЬМ  Пс 98(97), 1. 2–3аb. 3сd–4 (Р.: 2а)

Рэфрэн:  Паказаў Пан сваё збаўленне.

1. Спявайце Пану новую песню, *
бо Ён учыніў цуды.
Яму дапамагла Яго правіца *
і Яго святое плячо.

Рэфрэн:

2. Паказаў Пан сваё збаўленне, *
перад вачыма народаў аб’явіў сваю справядлівасць.
3. Успомніў пра сваю вернасць і міласэрнасць *
для дому Ізраэля.

Рэфрэн:

Убачылі ўсе межы зямлі *
збаўленне Бога нашага.
4. Усклікай Пану, уся зямля, *
радуйцеся, спявайце і грайце.

Рэфрэн:

СПЕЎ ПЕРАД ЕВАНГЕЛЛЕМ Пс 119 (118), 105

Акламацыя: Аллелюя, аллелюя, аллелюя.

Слова Тваё — светач для маёй нагі
і святло для маёй сцежкі.

Акламацыя: Аллелюя, аллелюя, аллелюя.

ЕВАНГЕЛЛЕ Мц 5, 38–42
Я вам кажу не працівіцца злому

+ Чытанне святога Евангелля паводле Мацвея.

У той час:

Езус сказаў сваім вучням: Вы чулі, што сказана: вока за вока і зуб за зуб. А Я вам кажу не працівіцца злому. Калі хто ўдарыць цябе па правай шчацэ тваёй, падстаў яму і другую. І калі хто захоча судзіцца з табою і ўзяць у цябе кашулю, аддай яму і плашч. І калі хто цябе змусіць ісці з ім адну мілю, ідзі з ім дзве. Таму, хто просіць у цябе, дай і не адварочвайся ад таго, хто хоча пазычыць у цябе.

Гэта слова Пана.

Паводле catholic.by

Меткі: Панядзелак, Слова Божае, Лекцыянарый, Разважанні

Друкаваць