Сакрыстыя працуе: 8:00 – 20:00 Тэл.: 8 017 365-44-15

Пошта: chyrvony@tut.by Мы ў сацыяльных сетках:         

V Нядзеля Вялікага посту, Год А

ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ Эзх 37, 12–14
І ўдыхну ў вас дух Мой, і ўчыню, што будзеце жыць

Чытанне кнігі прарока Эзэхіэля.

Так кажа Пан Бог:

Вось Я адкрыю магілы вашыя, і выведу вас, народ Мой, з магілаў вашых, і прывяду вас у зямлю Ізраэля. І даведаецеся, што Я — Пан ваш, калі адкрыю магілы вашыя і выведу вас, народзе Мой, з магілаў вашых. І ўдыхну ў вас дух Мой, і ўчыню, што будзеце жыць і спачываць на зямлі вашай, і даведаецеся, што Я, Пан сказаў і зрабіў гэта, — кажа Пан.

Гэта слова Божае.

РЭСПАНСАРЫЙНЫ ПСАЛЬМ  Пс 130 (129), 1–2. 3–4. 5–6аb. 6c–8 (Р.: 7bc)

Рэфрэн: У Пана міласэрнасць і адкупленне.

1. З глыбіні я клічу Цябе, Пане. *
2. Пане, пачуй мой голас.
Няхай Твае вушы пачуюць *
голас маіх малітваў.

Рэфрэн:

3. Калі Ты, Пане, будзеш зважаць на беззаконні, *
хто ж вытрывае, Пане?
4. Але ў Цябе прабачэнне, *
каб баяліся Цябе.

Рэфрэн:

5. Спадзяюся на Пана, *
спадзяецца душу мая на Яго слова.
6. Душа мая чакае Пана *
больш, чым варта світання.

Рэфрэн:

Больш, чым варта світання, *
7. няхай Ізраэль чакае Пана,
бо ў Пана міласэрнасць і шчодрае ў Яго адкупленне. *
8. Ён адкупіць Ізраэль ад усіх беззаконняў ягоных.

Рэфрэн:

ДРУГОЕ ЧЫТАННЕ Рым 8, 8–11
Дух таго, хто ўваскрасіў з мёртвых Езуса, жыве ў вас

Чытанне Паслання святога апостала Паўла да Рымлянаў.

Браты:

Тыя ж, хто паступае паводле цела, Богу дагадзіць не могуць. Вы ж не ў целе, але ў духу, калі толькі Дух Божы жыве ў вас. Калі ж хто Духа Хрыстовага не мае, той не належыць Яму.

Калі ж у вас Хрыстус, то цела мёртвае з-за граху, а дух мае жыццё дзеля справядлівасці. Калі ж Дух таго, хто ўваскрасіў з мёртвых Езуса, жыве ў вас, то той, хто ўваскрасіў Хрыста з мёртвых, ажывіць і вашыя смяротныя целы Духам сваім, які жыве ў вас.

Гэта слова Божае.

СПЕЎ ПЕРАД ЕВАНГЕЛЛЕМ Ян 11, 25а. 26

Акламацыя: Хвала Табе, слова Божае.

Я — святло свету, — кажа Пан, —
хто верыць у Мяне, не памрэ ніколі.

Акламацыя: Хвала Табе, слова Божае.

ЕВАНГЕЛЛЕ Ян 11, 3–7. 17. 20–27. 33b–45
Я — уваскрасенне і жыццё

+ Чытанне святога Евангелля паводле Яна.

У той час:

Сёстры паслалі сказаць Езусу: Пане, той, каго Ты любіш, хворы. Пачуўшы гэта, Езус сказаў: Гэтая хвароба не вядзе да смерці, але да славы Божай, каб Сын Чалавечы праславіўся праз яе. Езус жа любіў Марту, яе сястру і Лазара.

Пачуўшы, што той хварэе, заставаўся два дні на тым месцы, дзе знаходзіўся. Пасля гэтага сказаў вучням: Пойдзем зноў у Юдэю. Прыйшоўшы, Езус даведаўся, што Лазар ужо чатыры дні ў магіле.

Калі Марта пачула, што ідзе Езус, яна выйшла Яму насустрач, а Марыя сядзела дома. Тады Марта сказала Езусу: Пане, калі б ты быў тут, не памёр бы брат мой. Але і цяпер ведаю, што аб чым бы Ты ні папрасіў Бога, Бог дасць Табе.

Езус сказаў ёй: Уваскрэсне брат твой. Марта сказала Яму: Я ведаю, што ўваскрэсне падчас уваскрасення ў апошні дзень. Езус сказаў ёй: Я – уваскрасенне і жыццё. Хто верыць у Мяне, калі нават і памрэ, будзе жыць. А кожны, хто верыць у Мяне, не памрэ ніколі. Ці верыш у гэта?

Яна адказала Яму: Так, Пане. Я веру, што Ты Месія, сын Божы, які павінен быў прыйсці ў свет. Езус глыбока ўзрушыўся і ўсхваляваўся, ды сказаў: Дзе вы паклалі яго? Адказалі Яму: Пане, ідзі і паглядзі. Езус заплакаў. Юдэі ж казалі: Глядзі, як Ён любіў яго. А некаторыя з іх сказалі: Ці не мог Ён, які адкрыў вочы сляпому, зрабіць, каб і гэты не памёр?

Езус жа, ізноў глыбока ўзрушаны, ідзе да магілы. Была ж гэта пячора, і камень ляжаў на ёй. Кажа Езус: Адсуньце камень. Сястра памерлага, Марта, кажа Яму: Пане, ужо смярдзіць, бо чацвёрты дзень, як памёр. Езус кажа Ёй: Ці не казаў Я табе, што, калі будзеш верыць, убачыш славу Божую? Тады адсунулі камень. А Езус узняў вочы і сказаў: Ойча, дзякую Табе, што Ты пачуў Мяне. Я ведаў, што Ты заўсёды чуеш Мяне. Але сказаў дзеля натоўпу, які стаіць вакол, каб паверылі, што Ты паслаў Мяне. І, сказаўшы гэта, крыкнуў моцным голасам: Лазар, выйдзі вонкі. І выйшаў памерлы з нагамі і рукамі, абвязанымі палатном, а твар ягоны быў абвязаны хусткаю. Езус кажа ім: Развяжыце Яго і дазвольце яму хадзіць.

Тады многія з юдэяў, якія прыйшлі да Марыі і бачылі, што ўчыніў Езус, паверылі ў Яго.

Гэта слова Пана.

Паводле catholic.by


Разважанне да Евангелля: Ужо смярдзіць

Колькі ж разоў словы, якія Марта скіравала да Езуса каля магілы Лазара, мы маглі б аднесці да ўласнага жыцця. Часта мы з’яўляемся духоўнымі трупамі не толькі чатыры дні, але на працягу цэлых гадоў. Магіла, якой мы з’яўляемся, ніякім чынам не надаецца да адкрыцця. Зрэшты, часцей за ўсё мы не хочам яе адчыняць, бо ведаем, што гэта можа быць звязана з выяўленнем нашай унутранай гнілізны. Нягледзячы на гэта, Езус прыходзіць да нас і не звяртае ўвагу на таямніцу, якая непакоіць нас і якую мы хаваем у сабе. Хоць здараецца, што ў парывах нашага нясталага запалу мы заклікаем на ўзор Тамаша: Пойдзем і мы, каб разам з Ім памерці!, але Ён не хоча нашай смерці. Езус прыйшоў для таго, каб адарыць нас жыццём, і можа гэта ўчыніць нягледзячы на тое, наколькі вялікае наша духоўнае гніенне.

Езу Хрысце, уваскрашаючы памерлых, Ты аб’явіў сваю ўладу над смерцю. Дакраніся сваёю ласкаю да ўсяго, што забівае нас знутры, і адары сваім жыццём.

Разважанні а. Даніэля Стабрылы OSB і а. Міхала Легана OSPPE
Пераклад разважання: Кацярына Дурко

Меткі: Нядзеля, Слова Божае, Лекцыянарый, Разважанні

Друкаваць