25 сакавіка — урачыстасць Звеставання Пана
ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ Іс 7, 10–14
Вось Дзева зачне і народзіць Сына
Чытанне кнігі прарока Ісаі.
У тыя дні:
Пан прамовіў да Ахаза такімі словамі: Прасі Пана, Бога твайго, каб даў табе знак ці глыбока ў адхлані, ці высока ўгары.
Але Ахаз адказаў: Не буду прасіць і не буду выпрабоўваць Пана.
Тады сказаў Ісая:
Паслухайце ж, дом Давідаў:
ці мала вам, што дакучаеце людзям,
дык вы яшчэ дакучаеце майму Богу?
Таму Пан сам дасць вам знак:
Вось Дзева зачне і народзіць Сына,
і дасць Яму імя Эммануэль,
што значыць Бог з намі.
Гэта слова Божае.
РЭСПАНСАРЫЙНЫ ПСАЛЬМ Пс 40 (39), 7–8а. 8b–10. 11 (Р.: 8а і 9а)
Рэфрэн: Прыходжу, Божа, споўніць Тваю волю.
7. Ахвяры і прынашэнняне Ты не пажадаў, *
але Ты адкрыў мне вушы.
Усеспалення і ахвяры за грэх Ты не патрабуеш. *
8. Тады сказаў я: Вось іду.
Рэфрэн:
У пачатку кнігі напісана пра мяне: †
9. Я пажадаў спаўняць Тваю волю. *
і Твае законы жывуць у сэрцы маім.
10. Я абвяшчаў Тваю справядлівасць на вялікім сходзе, *
і не закрываў вуснаў сваіх, Ты гэта ведаеш, о Пане.
Рэфрэн:
11. Справядлівасць Тваю не хаваў я ў сэрцы сваім, *
я абвяшчаў Тваю вернасць і Тваё збаўленне.
Я не таіў Тваёй міласэрнасці і вернасці *
перад вялікай грамадой.
Рэфрэн:
ДРУГОЕ ЧЫТАННЕ Гбр 10, 4–10
У пачатку кнігі напісана пра Мяне, каб выканаць волю Тваю, Божа
Чытанне Паслання да Габрэяў.
Браты:
Немагчыма, каб кроў быкоў ды казлоў знішчала грахі. Хрыстус прыходзіць у свет і кажа: Ахвяры і прынашэння Ты не захацеў, але цела падрыхтаваў Мне. Усеспаленні і ахвяры за грэх не даспадобы Табе. Тады Я сказаў: Вось іду, як у пачатку кнігі напісана пра Мяне, каб выканаць волю Тваю, Божа.
Перад гэтым Ён сказаў: Ахвяраў і прынашэнняў, і ўсеспаленняў, і ахвяраў за грэх, якія прыносяцца паводле Закону, Ты не захацеў і не ўпадабаў. Пасля Ён сказаў: Вось іду, каб выканаць волю Тваю. Адмяняе першае, каб устанавіць другое. Паводле гэтай волі мы раз і назаўсёды асвечаныя ахвяраю цела Езуса Хрыста.
Гэта слова Божае.
СПЕЎ ПЕРАД ЕВАНГЕЛЛЕМ Ян 1, 14аб
Акламацыя: Хвала Табе, Слова Божае.
Слова сталася целам і пасялілася між намі,
і бачылі мы славу Ягоную.
Акламацыя: Хвала Табе, Слова Божае.
ЕВАНГЕЛЛЕ Лк 1, 26–38
Вось зачнеш ва ўлонні сваім і народзіш Сына
+ Чытанне святога Евангелля паводле Лукі.
Бог паслаў анёла Габрыэля ў горад галілейскі, які называўся Назарэт, да Дзевы, заручанай з мужам па імені Юзаф, з дому Давіда, а імя Дзевы — Марыя.
Анёл, увайшоўшы да яе, сказаў: Вітай, поўная ласкі, Пан з Табою. Яна ж збянтэжылася ад словаў ягоных і разважала, што гэта за прывітанне.
І сказаў Ёй анёл: Не бойся, Марыя, бо знайшла Ты ласку ў Пана. І вось зачнеш ва ўлонні сваім і народзіш Сына, і дасі Яму імя Езус. Ён будзе вялікі і будзе названы Сынам Найвышэйшага, і дасць Яму Пан Бог трон Давіда, бацькі Ягонага. І валадарыць будзе над домам Якуба вечна, і валадарству Яго не будзе канца.
А Марыя сказала анёлу: Як станецца гэта, калі я мужа не ведаю? Анёл сказаў Ёй у адказ: Дух Святы сыдзе на Цябе, і моц Найвышэйшага ахіне Цябе. Таму і народжанае Святое будзе названа Сынам Божым. Вось і Альжбета, сваячка твая, і яна зачала сына ў старасці сваёй, і ёсць ужо на шостым месяцы тая, якую называлі бясплоднай; бо для Бога няма нічога немагчымага.
Тады Марыя сказала: Вось я, слуга Пана. Няхай мне станецца паводле твайго слова. І адышоў ад Яе анёл.
Гэта слова Пана.
Паводле catholic.by
Разважанне да Евангелля
Урачыстасць Звеставання прыпадае, як правіла, на час Вялікага посту, што можа здавацца дзіўным. Рыхтуючыся да святкавання Вялікадня, мы адзначаем урачыстасць, якая прысвечана таямніцы Уцелаўлення і адносіцца да Нараджэння Езуса. Аднак гэта недарэчнасць толькі здаецца. Бо гісторыя збаўлення адна, а Уцелаўленне – гэта пачатак рэалізацыі справы адкуплення. Гэта менавіта чалавечнасць Езуса з’яўляецца прыладай нашага збаўлення. Сённяшняя ўрачыстасць – гэта таксама нагода для нас, каб паглядзець на ўласную чалавечнасць, а асабліва на нашу цялеснасць, як на дар Бога і дарогу з’яднання з Ім.
Разважанні Мацея Захара MIC, „Oremus”
Пераклад разважання: Кацярына Дурко
Меткі: Субота, Слова Божае, Лекцыянарый, Разважанні