Сакрыстыя працуе: 8:00 – 20:00 Тэл.: 8 017 365-44-15

Пошта: chyrvony@tut.by Мы ў сацыяльных сетках:         

Чацвер — ІI Тыдзень Вялікага посту

ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ Ер 17, 5–10
Благаслаўлёны чалавек, які спадзяецца на Пана

Чытанне кнігі прарока Ераміі.

Так кажа Пан:

Пракляты муж, які спадзяецца на чалавека і ў целе бачыць сваю сілу, а сэрца сваё адварочвае ад Пана. Ён будзе як ядловец у стэпе, не ўбачыць, калі прыйдзе шчасце, але будзе жыць у высахлых месцах на пустыні, на салёнай і бязлюднай зямлі.

Благаслаўлёны чалавек, які спадзяецца на Пана, і надзея якога — Пан. Ён будзе як дрэва, пасаджанае над вадою, што пускае карэнне сваё над патокам. Калі настане спёка, яно не баіцца, і лісце яго застаецца зялёным. І ў год засухі яно не будзе хвалявацца, і не перастане прыносіць плён.

Больш падманлівае за ўсё і невылечнае — сэрца. Хто ж пазнае яго? Я, Пан, даследую сэрца і выпрабоўваю нутро, каб адплаціць кожнаму паводле ягоных паводзін, паводле плёну ягоных учынкаў.

Гэта слова Божае.

РЭСПАНСАРЫЙНЫ ПСАЛЬМ Пс 1, 1–2. 3. 4 і 6 (Р.: Пс 40 (39), 5а)

Рэфрэн:  Шчаслівы чалавек, які спадзяецца на Пана.

1. Шчаслівы чалавек, які не ходзіць за радай бязбожных †
і не ўзыходзіць на шлях грэшных, *
і між насмешнікаў не засядае;
5. але ў Законе Пана яго асалода, *
над ім разважае ўдзень і ўначы.

Рэфрэн:

6. Ён будзе як дрэва пасаджанае каля воднага патоку, *
якое плод прыносіць у свой час,
і лісце яго не вяне, *
а ўсё, што ён чыніць, яму ўдаецца.

Рэфрэн:

7. Не такі лёс бязбожных: *
яны, як мякіна, што вецер разносіць.
6. Бо ведае Пан шлях справядлівых, *
а дарога бязбожных загіне.

Рэфрэн:

СПЕЎ ПЕРАД ЕВАНГЕЛЛЕМ пар. Лк 8, 15

Акламацыя: Хвала Табе, слова Божае.

Благаслаўлёныя, хто ў добрым і чыстым сэрцы
захоўвае слова Божае
i прынoсіць плён у цярплівaсцi.

Акламацыя: Хвала Табе, слова Божае.

ЕВАНГЕЛЛЕ Лк 16, 19–31
Ты атрымаў ужо сваё дабро ў жыцці сваім, таксама і Лазар — ліха. Цяпер жа ён тут суцяшаецца, а ты пакутуеш

+ Чытанне святога Евангелля паводле Лукі.

У той час:

Езус сказаў фарысеям: Быў адзін багаты чалавек, які апранаўся ў парфіру і тонкае палатно і кожны дзень цудоўна банкетаваў. А нейкі жабрак, па імені Лазар, ляжаў каля ягонай брамы ў струпах і хацеў насыціцца тым, што падала са стала багацея. Сабакі ж прыходзілі і лізалі струпы ягоныя.

Памёр жабрак і ўзнесены быў Анёламі на ўлонне Абрагама. Памёр і багаты і быў пахаваны. У пекле, будучы ў пакутах, ён узняў вочы свае, убачыў здалёк Абрагама і Лазара на ўлонні ягоным. І, усклікнуўшы, сказаў: Ойча Абрагаме, злітуйся нада мною і пашлі Лазара, каб памачыў канец пальца свайго ў ваду і ахаладзіў язык мой, бо я пакутую ў полымі гэтым. Але Абрагам сказаў: Дзіця, успомні, што ты атрымаў ужо сваё дабро ў жыцці сваім, падобным чынам і Лазар — ліха. Цяпер жа ён тут суцяшаецца, а ты пакутуеш. І да ўсяго гэтага паміж намі і вамі пакладзена вялізная прорва, так што тыя, хто хоча, не могуць перайсці адсюль да вас, ні адтуль да нас не могуць перайсці.

Тады сказаў ён: Дык прашу цябе, ойча, пашлі яго ў дом бацькі майго, бо ў мяне пяць братоў. Няхай засведчыць ім, каб і яны не прыйшлі ў гэтае месца пакуты. Абрагам адказаў: У іх ёсць Майсей і прарокі, няхай слухаюцца іх. А ён сказаў: Не, ойча Абрагаме, толькі калі хтосьці з мёртвых прыйдзе да іх, пакаюцца. Тады Абрагам сказаў яму: Калі Майсея і прарокаў не слухаюцца, то, калі хто і ўваскрэсне з мёртвых, не павераць.

Гэта слова Пана.

Паводле catholic.by

Меткі: Вялікі пост, Чацвер, Слова Божае, Лекцыянарый, Разважанні

Друкаваць