Чацвер — І Тыдзень Вялікага посту
ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ Эст 4, 17 n.p–r.aa–bb.gg–hh (Vlg)
Апроч Цябе, я не маю ніякай дапамогі
Чытанне кнігі Эстэры.
У тыя дні
Апынуўшыся ў смяротнай небяспецы, каралева Эстэр прасіла абароны ў Пана. І ўпала на зямлю са служанкамі сваімі, і ад раніцы да вечара казала:
Благаслаўлёны Ты, Божа Абрагама, Божа Ісаака і Божа Якуба. Дапамажы мне, самотнай, бо, апроч Цябе, я не маю ніякай дапамогі і небяспека — пад рукою маёй.
Я чула, Пане, з кніг продкаў нашых, што Ты назаўсёды вызваляеш усіх, хто падабаецца Табе, Пане. Цяпер дапамажы мне, самотнай, у якой няма нікога, апроч Цябе, Пане, мой Божа. Цяпер прыйдзі на дапамогу мне, асірацелай, і ўкладзі ў вусны мае пераканаўчыя словы, калі я стану перад ільвом. Напоўні яго прыхільнасцю да мяне, а сэрца ягонае — нянавісцю да ворага нашага, каб загінуў ён сам і аднадумцы ягоныя. А нас вызвалі ад рук непрыяцеляў нашых; змяні плач наш у радасць і боль наш — у здароўе.
Гэта слова Божае.
РЭСПАНСАРЫЙНЫ ПСАЛЬМ Пс 138 (137), 1–2а. 2bc–3. 7c–8 (Р.: пар. 3а)
Рэфрэн: Пан мяне пачуў, калі Яго паклікаў.
1. Слаўлю Цябе ўсім маім сэрцам, *
бо пачуў Ты словы вуснаў маіх.
Перад Анёламі спяваю Табе, *
2. кланяюся перад святой Тваёй святыняй.
Рэфрэн:
Слаўлю імя Тваё *
за міласэрнасць Тваю і вернасць.
3. У дзень, калі Цябе паклікаў, Ты пачуў мяне, *
павялічыў моц маёй душы.
Рэфрэн:
7. Твая правіца ратуе мяне. *
8. Пан усё зробіць за мяне.
Міласэрнасць Твая, Пане, навекі, *
спраў рук Тваіх не пакідай.
Рэфрэн:
СПЕЎ ПЕРАД ЕВАНГЕЛЛЕМ Пс 51 (50), 12а i 14а
Акламацыя: Хвала Табе, слова Божае.
Чыстае сэрца ствары ўва мне, Божа,
і вярні мне радасць збаўлення Твайго.
Акламацыя: Хвала Табе, слова Божае.
ЕВАНГЕЛЛЕ Мц 7, 7–12
Кожны, хто просіць, атрымлівае
+ Чытанне святога Евангелля паводле Мацвея.
У той час:
Езус сказаў сваім вучням: Прасіце, і будзе дадзена вам; шукайце, і знойдзеце; стукайце, і адчыняць вам. Бо кожны, хто просіць, атрымлівае; хто шукае, знаходзіць; і хто стукае, таму будзе адчынена. Ці ёсць сярод вас чалавек, які, калі сын ягоны папросіць у яго хлеба, дасць яму камень? Або калі папросіць у яго рыбы, дасць яму змяю? Таму, калі вы, будучы злымі, ведаеце, як даваць дзецям вашым добрыя дары, наколькі больш Айцец ваш, які ў небе, дасць добрае тым, хто просіць у Яго.
Усё, што хочаце, каб вам рабілі людзі, і вы ім рабіце. Бо ў гэтым Закон і Прарокі.
Гэта слова Пана.
Паводле catholic.by
Меткі: Вялікі пост, Чацвер, Слова Божае, Лекцыянарый, Разважанні