Сакрыстыя працуе: 8:00 – 20:00 Тэл.: 8 017 365-44-15

Пошта: chyrvony@tut.by Мы ў сацыяльных сетках:         

Чацвер пасля Папяльца

ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ Дрг 30, 15—20
Сёння я паклаў перад вамі благаслаўленне і пракляцце (Дрг 30, 15-20)

Чытанне кнігі Другазаконня.

Майсей прамовіў да народа, кажучы:

Глядзі, сёння я паклаў перад табою жыццё і дабро, смерць і зло. Таму сёння я наказваю табе любіць Пана, Бога твайго, і хадзіць Яго шляхамі, выконваць Яго запаведзі, Яго пастановы і Яго законы, каб ты жыў і памнажаўся. А Пан Бог твой благаславіць цябе ў краіне, якою ты ідзеш авалодаць. Але калі тваё сэрца адвернецца, і ты не будзеш слухаць, калі звядуць цябе, і станеш пакланяцца іншым багам, і служыць ім, — я абвяшчаю вам сёння, — то напэўна згінеце, ненадоўга затрымаецеся на зямлі, якою ідзеце авалодаць пасля пераходу праз Ярдан.

Сёння я заклікаю неба і зямлю засведчыць супраць вас, што я паклаў перад вамі жыццё і смерць, благаслаўленне і пракляцце. Таму выберы жыццё, каб жыў ты і патомства тваё, каб любіў Пана Бога твайго, і слухаўся голасу Ягонага, і моцна трымаўся Яго. Бо ў гэтым тваё жыццё і працягласць дзён тваіх, каб жыць табе на зямлі, якую Пан пакляўся даць продкам тваім: Абрагаму, Ісааку і Якубу.

Гэта слова Божае.

РЭСПАНСАРЫЙНЫ ПСАЛЬМ Пс 1, 1–2. 3. 4 і 6 (Р.: Пс 40 (39), 5а)

Рэфрэн: Шчаслівы чалавек, які спадзяецца на Пана.

1. Шчаслівы чалавек, які не ходзіць за радай бязбожных †
і не ўзыходзіць на шлях грэшных, *
і між насмешнікаў не засядае;
2. але ў Законе Пана яго асалода, *
над ім разважае ўдзень і ўначы.

Рэфрэн:

3. Ён будзе як дрэва пасаджанае каля воднага патоку, *
якое плод прыносіць у свой час,
і лісце яго не вяне, *
а ўсё, што ён чыніць, яму ўдаецца.

Рэфрэн:

4. Не такі лёс бязбожных: *
яны, як мякіна, што вецер разносіць.
6. Бо ведае Пан шлях справядлівых, *
а дарога бязбожных загіне.

Рэфрэн:

СПЕЎ ПЕРАД ЕВАНГЕЛЛЕМ Мц 4, 17

Акламацыя: Хвала Табе, слова Божае

Пакайцеся, — кажа Пан, —
бо наблізілася Валадарства Нябеснае.

Акламацыя: Хвала Табе, слова Божае

ЕВАНГЕЛЛЕ Лк 9, 22 — 25
Хто загубіць жыццё сваё дзеля Мяне, той уратуе яго

+ Чытанне святога Евангелля паводле Лукі.

У той час:

Езус сказаў сваім вучням: Сын Чалавечы павінен выцерпець шмат, адкінуць Яго старэйшыны, першасвятары і кніжнікі, і будзе забіты, і на трэці дзень уваскрэсне. Усім жа сказаў: Калі хто хоча ісці за Мною, няхай адрачэцца ад самога сябе, штодня бярэ крыж свой і ідзе за Мною. Бо, хто хоча ўратаваць жыццё сваё, загубіць яго. А хто загубіць жыццё сваё дзеля Мяне, той уратуе яго. Бо якая карысць чалавеку, калі ён здабудзе ўвесь свет, а сябе самога загубіць ці пашкодзіць сабе?

Гэта слова Пана.

Паводле catholic.by

 

Меткі: Вялікі пост, Чацвер, Слова Божае, Лекцыянарый, Разважанні

Друкаваць