Панядзелак — сёмы звычайны тыдзень, год І
ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ Сір 1, 1–10
Першай з усяго была створана мудрасць
Пачатак кнігі Мудрасці Сіраха.
Усякая мудрасць паходзіць ад Бога,
і яна застаецца з Ім навекі.
Марскі пясок, кроплі дажджу
і дні вечнасці хто палічыць?
Нябесную высь, зямную шыр,
бездань і мудрасць хто даследуе?
Першай з усяго была створана мудрасць,
і розум мудры існуе адвеку.
Каму адкрыўся мудрасці корань?
І хто спазнаў яе вялікія справы?
Адзін толькі мудры і вельмі грозны,
які сядзіць на троне сваім.
Пан сам стварыў яе,
агледзеў, і разлічыў яе,
і праліў яе на ўсе свае справы
і на кожнае цела паводле свайго дару,
і надзяліў ёю тых, хто любіць Яго.
Гэта слова Божае.
РЭСПАНСАРЫЙНЫ ПСАЛЬМ Пс 93 (92), 1ab. 1c–2. 5 (Р.: 1а)
Рэфрэн: Пан валадарыць, Ён апрануўся ў веліч.
1. Пан валадарыць, *
Ён апрануўся ў веліч,
Пан апрануўся ў магутнасць *
і сын чалавечы, што Ты ўзгадваеш пра яго?
і ёй падперазаўся.
Рэфрэн:
Так сусвет умацаваў, *
што не пахіснецца.
2. Адгэтуль трон Твой непахісны, *
Ты існуеш спрадвеку.
Рэфрэн:
5. Сведчанні Твае вельмі праўдзівыя, *
дому Твайму належыць святасць,
9. на доўгія дні, *
о Пане.
Рэфрэн:
СПЕЎ ПЕРАД ЕВАНГЕЛЛЕМ пар. 2 Цім 1, 10
Акламацыя: Аллелюя, аллелюя, аллелюя.
Наш Збаўца Езус Хрыстус знішчыў смерць
і асвятліў Евангеллем жыццё.
Акламацыя: Аллелюя, аллелюя, аллелюя.
ЕВАНГЕЛЛЕ Мк 9, 14–29
Веру, дапамажы майму нявер’ю
+ Чытанне святога Евангелля паводле Марка.
У той час:
Калі Езус разам з іншымі сышоў з гары і падышоў да сваіх вучняў, Ён убачыў каля іх вялікае мноства людзей і кніжнікаў, якія спрачаліся з імі. І адразу, як убачылі Яго, усе людзі вельмі здзівіліся і пабеглі прывітаць Яго.
Ён спытаўся ў іх: Пра што спрачаецеся з імі?
І адказаў Яму адзін з натоўпу: Настаўнік, я прынёс да Цябе свайго сына, які мае духа нематы. І дзе б ні схапіў яго, кідае яго, і той пускае пену, скрыгоча зубамі і дранцвее. Я сказаў тваім вучням, каб выгналі яго, але яны не змаглі.
Езус сказаў ім ў адказ: О, нявернае пакаленне, дакуль Я буду з вамі? Дакуль буду цярпець вас? Прынясіце яго да Мяне. І прынеслі яго да Езуса. І калі дух убачыў Езуса, адразу застрос хлопца, а той зваліўся на зямлю і качаўся, пускаючы пену.
Езус спытаўся ў ягонага бацькі: Як даўно гэта здараецца з ім? Той адказаў: З дзяцінства. Дух часта кідаў яго ў агонь і ў ваду, каб загубіць яго. Але калі Ты што можаш, злітуйся над намі і дапамажы нам.
Езус жа сказаў яму: Калі можаш! Усё магчыма для таго, хто верыць.
Бацька хлопца адразу ўсклікнуў, кажучы: Веру, дапамажы майму нявер’ю.
Убачыўшы, што збягаюцца людзі, Езус прыгразіў нячыстаму духу, кажучы яму: Нямы і глухі дух, Я загадваю табе: выйдзі з яго і больш не ўваходзь ў яго. І, закрычаўшы, той моцна скалануў хлопца і выйшаў. І ён зрабіўся як мёртвы, так што многія казалі: Ён памёр. Але Езус узяў яго за руку і падняў, і ён устаў.
Калі Езус увайшоў у дом, вучні спыталіся ў Яго сам-насам: Чаму мы не змаглі выгнаць яго? Ён сказаў ім: Гэты род нельга выгнаць нічым, як толькі малітвай.
Гэта слова Пана.
Паводле catholic.by
Разважанне да Евангелля: Бездарожжа веры
Напэўна мы дэкларуем сябе як веруючыя, аднак нам неабходна прызнацца ў сваім нявер’і. Калі мы не адкрыем у сабе духоўныя сумненні і пытанні, гэта азначае, што ў нас няма духоўнага жыцця. Яны датыкаюць кожнага, хто свядома крочыць за Езусам. Ён прагне нашай веры, якая павінна быць праўдзівай і глыбокай, а не павярхоўнай. Каб пазнаць Езуса і паверыць у тое, кім Ён ёсць, нам неабходна прысутнасць Святога Духа. У адваротным выпадку наша вера будзе толькі інтэлектуальнай гульнёй, якой далёка да сапраўднай веры, што нараджаецца з сустрэчы з Ім. Толькі такая вера можа нас перамяніць. Аднак не трэба чакаць, што такая вера народзіцца з дня на дзень. Апосталам спатрэбіліся гады бесперапыннага прабывання з Настаўнікам, адрачэнне ад Яго і сумненні пад крыжом, каб пазнаць, кім Ён ёсць, і паверыць у Яго. Калі мы думаем, што нам дадзены нейкі кароткі шлях, то яшчэ доўга будзем блукаць на бездарожжах веры.
Пане Езу, Ты адорыш нас ласкай веры. Сёння з глыбіні сэрца клічам да Цябе: Верым, дапамажы нашаму нявер’ю.
Разважанні а. Даніэля Стабрылы OSB, а. Міхала Легана OSPPE
Пераклад разважання: Кацярына Дурко
Меткі: Панядзелак, Слова Божае, Лекцыянарый, Разважанні