Чацвер — шосты звычайны тыдзень, год І
ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ Быц 9, 1–13
Кладу вясёлку Маю на воблаку, і будзе яна знакам запавету паміж Мною і паміж зямлёю
Чытанне кнігі Быцця.
Благаславіў Бог Ноя і сыноў ягоных і сказаў ім: Пладзіцеся, і памнажайцеся, і напаўняйце зямлю. І няхай страх і боязь перад вамі маюць усе жывёлы зямныя, і птушкі нябесныя, і ўсё, што рухаецца па зямлі, і рыбы марскія. Яны аддадзены ў рукі вашыя. Усё, што рухаецца і жыве, будзе вам ежай, як і зялёныя расліны; Я даў вам усё. Толькі цела з жыццём ягоным, што ў крыві, не ешце. Бо за кроў жыццяў вашых Я спаганю з кожнай жывёлы; а з рукі чалавека і з рукі кожнага брата ягонага Я спаганю за кроў чалавека.
Хто пралье чалавечую кроў, кроў таго будзе праліта чалавекам; бо чалавек створаны на вобраз Божы.
А вы пладзіцеся і памнажайцеся, засяляйце зямлю і размнажайцеся на ёй.
Так сказаў Бог Ною і сынам ягоным, якія былі з ім, кажучы:
Вось Я ўстанаўлю запавет Мой з вамі і з вашым патомствам пасля вас, і з кожнаю жывою душою, якая з вамі, з птушкамі, жывёлай і ўсімі звярамі зямнымі, якія з вамі — з усім, што сыдзе з каўчэга, з усім, што жыве на зямлі. Устанаўлю запавет Мой з вамі; і больш ніколі воды патопу не заб’юць усялякага цела, і не будзе больш патопу, які спусташае зямлю.
І сказаў Бог: Вось знак запавету, які Я ўстанаўлю на вечныя пакаленні паміж Мною і вамі, і кожнаю жывою душою, якая з вамі: кладу вясёлку Маю на воблаку, і будзе яна знакам запавету паміж Мною і паміж зямлёю.
Гэта слова Божае.
РЭСПАНСАРЫЙНЫ ПСАЛЬМ Пс 102 (101), 16–18. 19–21. 29 і 22–23 (Р.: 20b)
Рэфрэн: Пан з нябёсаў глядзіць на зямлю.
16. Народы будуць баяцца Твайго імя, Пане, *
і ўсе зямныя каралі — Тваёй славы,
17. таму што Пан адбудуе Сіён і з’явіцца ў сваёй славе. *
18. Звернецца да малітвы бездапаможных
і не пагардзіць іхняй просьбай.
Рэфрэн:
19. Будзе запісана гэта для наступнага пакалення, *
і народ, які створыцца, праславіць Пана.
20. Таму што Пан глядзіць з вышыні сваёй святыні, †
з нябёсаў глядзіць на зямлю, *
21. каб пачуць стагнанні вязняў і вызваліць сыноў смерці.
Рэфрэн:
29. Сыны слугаў Тваіх будуць жыць бяспечна, *
а іхняе патомства будзе непахісна трываць
перад Тваім абліччам,
22. каб на Сіёне абвяшчаць імя Пана †
і хвалу Яго — у Ерузалеме, *
23. калі народы і валадарствы збяруцца разам,
каб служыць Пану.
Рэфрэн:
СПЕЎ ПЕРАД ЕВАНГЕЛЛЕМ пар. Ян 6, 63c. 68c
Акламацыя: Аллелюя, аллелюя, аллелюя.
Твае словы, Пане, ёсць духам і жыццём;
Ты маеш словы вечнага жыцця.
Акламацыя: Аллелюя, аллелюя, аллелюя.
ЕВАНГЕЛЛЕ Мк 8, 27–33
Ты — Хрыстус… Сын Чалавечы павінен шмат выцерпець
+ Чытанне святога Евангелля паводле Марка.
У той час:
Езус са сваімі вучнямі пайшоў у вёскі Цэзарэі Філіпавай. Па дарозе Ён пытаўся ў вучняў сваіх, кажучы ім: Кім людзі лічаць Мяне? Яны адказвалі Яму: Янам Хрысціцелем, другія — Іллёю, іншыя — адным з прарокаў. А Ён спытаўся ў іх: А вы кім лічыце Мяне? Пётр сказаў Яму ў адказ: Ты — Хрыстус. І загадаў ім, каб нікому не казалі пра Яго.
І пачаў вучыць іх, што Сын Чалавечы павінен шмат выцерпець, і быць адкінутым старэйшымі, першасвятарамі і кніжнікамі, і быць забітым, і на трэці дзень уваскрэснуць. І казаў пра гэта адкрыта. А Пётр, адвёўшы Яго ў бок, пачаў дакараць Яго. А Ён, павярнуўшыся і паглязеўшы на сваіх вучняў, дакарыў Пятра, сказаўшы: Адыдзі ад Мяне, сатана, бо ты не пра Божае думаеш, а пра чалавечае.
Гэта слова Пана.
Паводле catholic.by
Разважанне да Евангелля: Адкрыць Месію
Занадта часта мы слухаем тое, што кажуць іншыя. Хоць само слуханне іншых людзей не з’яўляецца чымсьці дрэнным, наадварот, ёсць чымсьці вельмі добрым, аднак мы, на жаль, не часта прымаем удзел у такім здаровым слуханні. Хутчэй мы слухаем натоўп, каб стаць да яго падобнымі. Гэта ж трэба быць сучасным, нельга застацца ззаду. Аднак Езус хоча, каб у нас было ўласнае меркаванне, асабліва калі гаворка ідзе пра нашыя адносіны да Яго. Кім мы лічым Езуса? Можа мы яшчэ не адкрылі ў Ім Месію. Можа Ён з’яўляецца для нас звычайным чалавекам , вялікім настаўнікам альбо таленавітым лекарам. Які адказ на гэтае пытанне даём мы самі? Вера – гэта ласка, калі мы яшчэ не атрымалі яе і не даканца адкрылі праўду пра Езуса, то будзем у гэтым шчырыя, скажам Яму, кім мы Яго лічым. Езус і так гэта ведае. Справа тут хутчэй у нас саміх, каб мы ўбачылі, кім Езус з’яўляецца для нас. Калі мы шчыра адкажам на пастаўленнае Ім пытанне, то будзем мець шанс, каб пазнаць Яго лепей. Ён дае знайсці сябе тым, хто Яго шукае.
Езу Хрысце, Божы Сын, дапамажы нам з кожным днём усё глыбей Цябе пазнаваць, каб мы маглі набліжацца да Цябе ў праўдзе.
Разважанні а. Даніэля Стабрылы OSB і а. Міхала Легана OSPPE, “Евангелле 2017”
Пераклад разважання: Кацярына Дурко
Меткі: Чацвер, Слова Божае, Лекцыянарый, Разважанні