Сакрыстыя працуе: 8:00 – 20:00 Тэл.: 8 017 365-44-15

Пошта: chyrvony@tut.by Мы ў сацыяльных сетках:         

Серада — шосты звычайны тыдзень, год І

ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ Быц 6, 5–8; 7, 1–5. 10
Паглядзеўшы, убачыў, што высахла паверхня зямлі

Чытанне кнігі Быцця.

Калі мінула сорак дзён, Ной адчыніў акно каўчэга, якое зрабіў, і выпусціў крумкача. Але той вылятаў і вяртаўся, пакуль не высахлі воды на зямлі. Потым выпусціў галубку, каб паглядзець, ці ўжо сышлі воды з паверхні зямлі. Але галубка не знайшла, дзе б магла спачыць нага яе, і вярнулася да яго ў каўчэг, бо воды былі над усёй паверхняй зямлі. Тады Ной працягнуў руку, і схапіў яе, і забраў назад у каўчэг.

Пачакаўшы яшчэ сем дзён, ён зноў выпусціў галубку з каўчэга. І тая прыляцела да яго ўвечары і прынесла ў дзюбе аліўкавую галінку з зялёным лісцем. І зразумеў Ной, што воды сышлі з зямлі. Пачакаўшы яшчэ сем дзён, ён зноў выпусціў ад сябе галубку, і яна ўжо не вярнулася да яго.

Так на шэсцьсот першым годзе, у першы месяц і ў першы дзень месяца высахлі воды на зямлі. Тады Ной зняў дах каўчэга і, паглядзеўшы, убачыў, што высахла паверхня зямлі.

І пабудаваў Ной ахвярнік Пану, і, узяўшы з усіх чыстых жывёл і з усіх чыстых птушак, прынёс усеспаленне на ахвярніку. Пан адчуў прыемны пах, і сказаў Пан у сэрцы сваім: Не буду больш праклінаць зямлю з-за людзей, бо задумы чалавечага сэрца схіляюцца да зла ад яго маладосці. Больш не буду знішчаць кожнай жывой істоты, як учыніў Я. Ва ўсе дні зямлі не спыняцца сяўба і жніво, холад і спёка, лета і зіма, дзень і ноч.

Гэта слова Божае.

РЭСПАНСАРЫЙНЫ ПСАЛЬМ Пс 116В (115), 12–13. 14–15. 18–19 (Р.: 17а)

Рэфрэн: Прынясу Табе, Пане, ахвяру хвалы.
Або: Аллелюя

12. Чым аддзячу я Пану *
за ўсе Яго дабрадзействы для мяне?
13. Келіх збаўлення ўзніму *
і буду заклікаць імя Пана.

Рэфрэн:

14. Выканаю абяцанні свае, дадзеныя Пану, *
перад усім народам Яго.
15. Каштоўная ў вачах Пана *
смерць Яго святых.

Рэфрэн:

18. Выканаю свае абяцанні для Пана *
перад усім Яго народам.
19. У дварах дому Пана, *
сярод цябе, Ерузалем.

Рэфрэн:

СПЕЎ ПЕРАД ЕВАНГЕЛЛЕМ пар. Эф 1, 17–18

Акламацыя: Аллелюя, аллелюя, аллелюя.

Няхай Айцец нашага Пана Езуса Хрыста,
асветліць вочы сэрца нашага,
каб мы ведалі, у чым надзея паклікання нашага.

Акламацыя: Аллелюя, аллелюя, аллелюя.

ЕВАНГЕЛЛЕ Мк 8, 22–26
Выздаравеў і пачаў бачыць усё выразна

+ Чытанне святога Евангелля паводле Марка.

У той час:

Езус і вучні прыйшлі ў Бэтсаіду. І прывялі да Яго сляпога і прасілі, каб Ён дакрануўся да яго. Ён узяў сляпога за руку і вывеў яго за вёску, паслініў яму вочы, усклаў на яго рукі і спытаўся ў яго: Ці бачыш што-небудзь? Той паглядзеў і сказаў: Бачу людзей, таму што бачу, як нібы дрэвы ходзяць. Потым зноў усклаў рукі на яго вочы, і той стаў відушчым, і выздаравеў, і пачаў бачыць усё выразна.

Езус адаслаў яго дадому, кажучы: Не ўваходзь у гэтую вёску.

Гэта слова Пана.

Паводле catholic.by


Разважанне да Евангелля: Адкрый нашыя вочы!

Сляпы з Евангелля ўсведамляў сваё калецтва. Затое мы, хоць вельмі часта даўно згубілі духоўны зрок, усё яшчэ перакананыя, што бачым і нават не звяртаемся да Езуса, каб нас аздаравіў. Можа ў нашым жыцці не хапае людзей, якія прывядуць нас да Езуса, як гэта адбылося ў выпадку са сляпым з Евангелля. Хоць ён сам не прасіў яго аздаравіць, але ад яго імя гэта зрабілі тыя, для каго гэта было важна. Калі мы дазволім Богу адкрыць вочы нашага сэрца, не будзем жа забываць, што кожны патрабуе такога абуджэння, і станем тымі, хто прыводзіць людзей да Езуса.

Езу, добры Лекар, Ты вяртаеш зрок сляпым. Вывядзі нас з цемры, у якой мы прабываем, і дазволь нам распазнаць Тваё святло.

Разважанні а. Даніэля Стабрылы OSB і а. Міхала Легана OSPPE, “Евангелле 2017”
Пераклад разважання: Кацярына Дурко

 

Меткі: Серада, Слова Божае, Лекцыянарый, Разважанні

Друкаваць