Пятніца IV звычайнага тыдня, год І
ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ Гбр 13, 1–8
Езус Хрыстус той самы ўчора, і сёння, і навекі
Чытанне Паслання да Габрэяў.
Браты:
Няхай трывае братняя любоў. Не забывайцеся таксама пра гасціннасць, бо праз яе некаторыя, не ведаючы, гасцінна прынялі Анёлаў. Памятайце пра вязняў, быццам бы вы зняволеныя разам з імі; і пра тых, хто церпіць, бо і самі вы ў целе.
Няхай ва ўсіх сужэнства будзе ў пашане, а ложа няхай будзе беззаганным, бо распуснікаў і чужаложцаў асудзіць Бог.
Не будзьце срэбралюбнымі норавам, задавольвайцеся тым, што маеце. Бо Ён сказаў: Застануся з табой і не пакіну цябе, – так што смела можам сказаць: Пан мой памочнік, і я не буду баяцца; што можа зрабіць мне чалавек?
Памятайце пра настаўнікаў вашых, якія абвяшчалі вам Божае слова, і разважаючы пра канец іхняга жыцця, наследуйце іх веру. Езус Хрыстус той самы ўчора, і сёння, і навекі.
Гэта слова Божае.
РЭСПАНСАРЫЙНЫ ПСАЛЬМ Пс 27 (26), 1. 3. 5. 8b–9abc (Р.: 1а)
Рэфрэн: Пан — маё святло і маё збаўленне.
2. Пан — маё святло і маё збаўленне: *
каго ж мне баяцца?
Пан — ахова жыцця майго: *
каго ж мне палохацца?
Рэфрэн:
3. Калі выступіць супраць мяне войска, *
не спалохаецца маё сэрца;
калі ўздымецца супраць мяне бітва, *
і тады я буду спадзявацца.
Рэфрэн:
5. Ён хавае мяне ў сваім шатры *
у дзень няшчасця,
укрывае мяне ў сваім сховішчы, *
падымае мяне на скалу.
Рэфрэн:
Буду шукаць Твайго аблічча, Пане. *
9. Не хавай ад мяне свайго твару.
Слугі свайго не адкідай у гневе; *
Ты — мая дапамога, не адкідай мяне.
Рэфрэн:
СПЕЎ ПЕРАД ЕВАНГЕЛЛЕМ пар. Лк 8, 15
Акламацыя: Аллелюя, аллелюя, аллелюя.
Благаслаўлёныя, хто ў дoбрым i чыстым сэрцы
захоўвае Божае слова i прынoсіць плён у цярплівaсцi.
Акламацыя: Аллелюя, аллелюя, аллелюя.
ЕВАНГЕЛЛЕ Мк 6, 14–29
Гэта Ян, якому я адсек галаву, уваскрос
+ Чытанне святога Евангелля паводле Марка.
У той час:
Кароль Ірад пачуў пра Езуса, бо імя Ягонае стала вядомым, і сказаў: Гэта Ян Хрысціцель уваскрос з мёртвых, і таму цуды творацца ім. Іншыя казалі: Гэта Ілля. А яшчэ іншыя казалі: Гэта прарок, або як адзін з прарокаў. Калі Ірад пачуў гэта, ён сказаў: Гэта Ян, якому я адсек галаву, уваскрос.
Бо сам Ірад паслаў схапіць Яна і зняволіў яго ў вязніцы з-за Ірадыяды, жонкі брата свайго Філіпа, таму што ажаніўся з ёй. Бо Ян казаў Іраду: Не дазволена табе мець жонку брата твайго. А Ірадыяда злавалася на яго і хацела забіць, але не магла, таму што Ірад баяўся Яна, ведаючы, што ён чалавек справядлівы і святы, і аберагаў яго. Шмат разоў чуў яго і непакоіўся, але слухаў яго з ахвотай.
І настаў зручны дзень, калі Ірад у дзень сваіх народзін прыгатаваў вячэру сваім вяльможам, тысячнікам і старэйшынам галілейскім. І ўвайшла дачка гэтай Ірадыяды, і танцавала. І спадабалася яна Іраду і яго гасцям. Кароль сказаў дзяўчыне: Прасі ў мяне, чаго хочаш, і я дам табе. І шмат у чым пакляўся ёй: Чаго ні папросіш, дам табе, нават палову майго каралеўства. Яна выйшла і сказала маці сваёй: Чаго мне папрасіць? Тая адказала: Галаву Яна Хрысціцеля.
І яна адразу хутка ўвайшла да караля і папрасіла, кажучы: Хачу, каб ты даў мне зараз жа на місе галаву Яна Хрысціцеля. Кароль вельмі засмуціўся, але з-за клятвы і тых, хто быў пры стале, не захацеў ёй адмовіць. Кароль адразу паслаў ката і загадаў прынесці галаву Яна. Той пайшоў у вязніцу і адсек яму галаву, і прынёс на місе ягоную галаву, і аддаў яе дзяўчыне, а дзяўчына аддала яе сваёй маці.
Калі пра гэта даведаліся вучні Яна, яны прыйшлі і забралі ягонае цела, і паклалі яго ў магілу.
Гэта слова Пана.
Паводле catholic.by
Разважанне да Евангелля: Страціць галаву
Хоць у прамым значэнні слова гэта Ян Хрысціцель страціў галаву з-за Ірадыяды, якая падманам вымусіла яго абезгаловіць, аднак сённяшняе Евангелле паказвае, што таксама Ірад страціў з-за яе сваю галаву. Хоць Ірад баяўся Яна, але шанаваў яго. Аднак ён дазволіў, каб прыдворная інтрыга вымусіла яго зрабіць тое, чаго не хацеў. Дзве жанчыны, жонка і дачка, так моцна ім авалодалі, што ён павінен быў здрадзіць самому сабе. Для яго стала больш важным захаванне добрага імя, чым абарона ўласных перакананняў. Парадокс сённяшняга Евангелля палягае на тым, што хоць Ян страціў галаву літаральна, то даканца захаваў сваю ўнутраную еднасць. У той час у Ірадзе, які не страціў сваю галаву літаральна, адбыўся ўнутраны разлад.
Пане Езу, дапамажы нам захаваць унутраную еднасць. Няхай прынятыя намі рашэнні будуць сведчаннем нашай веры ў Цябе.
Разважанні а. Даніэля Стабрылы OSB і а. Міхала Легана OSPPE, “Евангелле 2017”
Пераклад разважання: Кацярына Дурко
Меткі: Пятніца, Слова Божае, Лекцыянарый, Разважанні