Сакрыстыя працуе: 8:00 – 20:00 Тэл.: 8 017 365-44-15

Пошта: chyrvony@tut.by Мы ў сацыяльных сетках:         

2 лютага — свята Ахвяравання Пана

ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ Мал 3, 1–4
Прыйдзе ў сваю святыню Пан, якога вы шукаеце

Чытанне кнігі прарока Малахіі.

Так кажа Пан Бог:

Вось Я пашлю анёла майго, і ён падрыхтуе дарогу перада Мною. І нечакана прыйдзе ў сваю святыню Пан, якога вы шукаеце, і анёл запавету, якога вы чакаеце. Вось Ён ідзе. І хто вытрывае ў дзень Ягонага прыйсця, і хто ўстаіць, калі Ён з’явіцца? Бо Ён, як агонь плавільшчыка, і як луг, што ачышчае. І сядзе, як плавільшчык і як той, хто ачышчае серабро, і ачысціць сыноў Левія, і пераплавіць іх, як золата і серабро, і яны будуць прыносіць Пану ахвяру ў справядлівасці. Тады спадабаецца Пану ахвяра Юды і Ерузалема, як у дні даўнія і як у мінулыя гады.

Гэта слова Божае.

РЭСПАНСАРЫЙНЫ ПСАЛЬМ Пс 24 (23), 7–8. 9–10 (Р.: 10b)

Рэфрэн: Пан Магуццяў, Ён кароль славы.

7. Падыміце, вярхі вашыя, брамы, †
узніміцеся, адвечныя вароты, *
каб увайшоў кароль славы.
8. Хто ж гэты Кароль славы? †
Пан, моцны і магутны, *
Пан, магутны ў барацьбе.

Рэфрэн:

9. Падыміце, вярхі вашыя, брамы, †
узніміцеся, адвечныя вароты, *
каб увайшоў кароль славы.
10. Хто Ён, гэты Кароль славы? *
Пан Магуццяў, Ён кароль славы.

Рэфрэн:

СПЕЎ ПЕРАД ЕВАНГЕЛЛЕМ Лк 2, 32

Акламацыя: Аллелюя, аллелюя, аллелюя.

Святло для асвятлення язычнікаў
і хвала народа Твайго Ізраэля.

Акламацыя: Аллелюя, аллелюя, аллелюя.

ЕВАНГЕЛЛЕ Лк 2, 22–32
Вочы мае ўбачылі збаўленне Тваё

+ Чытанне святога Евангелля паводле Лукі.

Калі мінулі дні іх ачышчэння паводле Закону Майсея, бацькі Езуса прынеслі Яго ў Ерузалем, каб прадставіць перад Панам, як напісана ў Законе Пана, што кожнае першароднае дзіця мужчынскага полу павінна быць прысвечана Пану; каб прынесці ў ахвяру, як сказана ў Законе Пана, пару туркавак або два галубкі.

Жыў у Ерузалеме чалавек, імя якога Сімяон. Быў гэта чалавек праведны і пабожны, які чакаў суцяшэння Ізраэля, і Дух Святы спачываў на ім. Адкрыў яму Дух Святы, што ён не ўбачыць смерці, пакуль не ўбачыць Месію Пана. І прыйшоў, натхнёны Духам, у святыню. І калі бацькі прынеслі Дзіця Езуса, каб учыніць з Ім паводле звычаю Закона, ён узяў Яго на рукі, благаславіў Бога і сказаў:

Цяпер адпускаеш слугу Твайго, Валадару,
паводле слова Твайго, у спакоі;
бо вочы мае ўбачылі збаўленне Тваё,
якое падрыхтаваў Ты перад абліччам усіх народаў:
святло для асвятлення язычнікаў
і хвалу народа Твайго Ізраэля.

Гэта слова Пана.

Паводле catholic.by


Разважанне да Евангелля: Сапраўдны Месія

Здзіўленне бацькоў Езуса адрозніваецца ад здзіўлення, з якім Езус сустрэўся ў сваім родным горадзе. Апошняе было закрытае на адчытанне праўды пра Яго, а першае з’яўляецца здзіўленнем, якое імкнецца ў яе заглыбіцца. Гаворка ідзе не пра само здзіўленне, але пра паставу, якая яго суправаджала. Цалкам зразумела, што так, як усе іншыя, таксама бацькі Езуса паступова адкрывалі тое, кім Ён з’яўляецца. Бог, прыйшоўшы на свет у постаці дзіцяці, пераўзышоў нават самыя смелыя людскія ўяўленні пра Яго самога. Сапраўды, ізраэльцяне чакалі прыйсця Месіі, але не так яго сабе ўяўлялі. Яны чакалі збавіцеля палітычнага, які вызваліць іх з рук зямных ворагаў, а атрымалі Бога ў людскім целе, Які прыйшоў, каб усё чалавецтва паяднаць з Сабою.

Пане Езу, Выбавіцель нас усіх, дай нас штораз глыбей адкрываць тое, кім Ты ёсць і якім чынам дзейнічаеш у нашым жыцці

Разважанні а. Даніэля Стабрылы OSB і а. Міхала Легана OSPPE, “Евангелле 2017”
Пераклад разважання: Кацярына Дурко

Меткі: Свята, Слова Божае, Лекцыянарый, Разважанні

Друкаваць