Сакрыстыя працуе: 8:00 – 20:00 Тэл.: 8 017 365-44-15

Пошта: chyrvony@tut.by Мы ў сацыяльных сетках:         

Серада IV звычайнага тыдня, год І

ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ Гбр 12, 4–7. 11–15
Каго Пан любіць, таго і карае

Чытанне Паслання да Габрэяў.

Браты:

Вы яшчэ не змагаліся аж да крыві, ваюючы супраць граху, і забыліся пра заахвочванне, якое кажа вам, як сынам:

Сыне мой, не пагарджай пакараннем Пана і не падай духам, калі Ён дакарае цябе. Бо каго Пан любіць, таго і карае, і б’е кожнага, каго прымае як сына.

Будзьце цярплівыя да пакаранняў. Бог ставіцца да вас, як да сыноў. Ці ж ёсць такі сын, якога б не караў бацька?

Цяпер усялякая пакаранне здаецца не радасцю, а смуткам. Але пазней яно прынясе мірны плён справядлівасці тым, каго выхоўвала. Таму выпрастайце вашы апаўшыя рукі і аслаблыя калені. Рабіце простыя сцежкі нагамі вашымі, каб кульгавы не збочыў, але каб выздаравеў.

Імкніцеся да спакою з усімі і да святасці, без якой ніхто не ўбачыць Пана. Сачыце, каб ніхто не быў пазбаўлены Божай ласкі, каб які-небудзь горкі корань, што расце ўверх, не разросся і не апаганіў многіх.

Гэта слова Божае.

РЭСПАНСАРЫЙНЫ ПСАЛЬМ Пс 103 (102), 1–2. 13–14. 17–18а (Р.: пар. 17)

Рэфрэн: Ласка Пана з тымі, хто Яго баіцца.

1. Благаславі, душа мая, Пана, *
і ўсё нутро маё, імя Яго святое.
2. Благаславі, душа мая, Пана *
і не забывай пра ўсе Яго дабрадзействы.

Рэфрэн:

13. Як літуецца бацька над сынамі, *
змілуецца Пан над тымі, хто Яго баіцца.
14. Бо Ён ведае, з чаго створаны мы; *
памятае, што мы з’яўляемся пылам.

Рэфрэн:

17. Міласэрнасць Пана спрадвеку *
і аж навекі над тымі, хто Яго баіцца;
і справядлівасць Яго над сынамі сыноў, *
18. над тымі, хто захоўвае Ягоны запавет.

Рэфрэн:

СПЕЎ ПЕРАД ЕВАНГЕЛЛЕМ Ян 10, 27

Акламацыя: Аллелюя, аллелюя, аллелюя.

Авечкі Мае слухаюць голас Мой, — кажа Пан, —
і Я ведаю іх, і яны ідуць за Мною.

Акламацыя: Аллелюя, аллелюя, аллелюя.

ЕВАНГЕЛЛЕ Мк 6, 1–6 
Няма прарока без пашаны, хіба што на бацькаўшчыне сваёй

+ Чытанне святога Евангелля паводле Марка.

У той час:

Езус прыйшоў на сваю бацькаўшчыну. А за Ім ішлі Ягоныя вучні. Калі настала субота, Ён пачаў вучыць у сінагозе.

Многія, хто слухаў, здзіўляліся і казалі: Адкуль у Яго гэта, і што гэта за мудрасць, якая дадзена Яму, і як такія цуды чыняцца Ягонымі рукамі? Ці ж гэта не цясляр, сын Марыі, брат Якуба, Юзафа, Юды і Сымона? Ці ж не тут сярод нас Ягоныя сёстры? І сумняваліся ў Ім.

А Езус казаў ім: Няма прарока без пашаны, хіба што на бацькаўшчыне сваёй і ў родных, і ў доме сваім.

Таму не мог там учыніць ніякага цуду, толькі на некалькі хворых усклаў рукі і аздаравіў іх. І дзівіўся іхняму бязвер’ю. І хадзіў па навакольных вёсках, і вучыў.

Гэта слова Пана.

Паводле catholic.by


Разважанне да Евангелля

Меркаванне людзей не заўсёды згаджаецца з меркаваннем Бога. З гэтым сустрэўся Езус, адкінуты ў сваім родным Назарэце, і з гэтым сустракаецца кожны, хто спрабуе сур’ёзна жыць Божым Словам у сваім асяроддзі. Прыйсці да Бога – гэта таксама згадзіцца на тое, каб ужо цяпер аддаць Яму сябе з надзеяй, што Ён у сваёй міласэрнасці нас не адкіне, але будзе паступова ачышчаць ад усяго, што нас знішчае і знявольвае. Шчаслівыя тыя, хто шукае прызнання ў Яго, а не ў людзей. Шчаслівыя тыя, хто цэніць Яго ласку вышэй, чым воплескі натоўпу.

Міра Майдан, „Oremus”
Пераклад разважання: Кацярына Дурко

Меткі: Серада, Слова Божае, Лекцыянарый, Разважанні

Друкаваць