Чацвер III звычайнага тыдня, год І
ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ Гбp 10, 19–25
У паўнаце веры будзем трымацца вызнання надзеі, будзем зважаць адзін на аднаго, каб заахвочваць да любові
Чытанне Паслання да Гaбрэяў.
Браты:
Маючы адвагу ўвайсці праз Кроў Езуса ў Святое Месца новым і жывым шляхам, які Ён адкрыў нам праз заслону, гэта значыць, праз Цела сваё; маючы вялікага святара над Божым домам, наблізімся са шчырым сэрцам і ў паўнаце веры, акрапіўшы сэрцы ад нячыстага сумлення і абмыўшы целы чыстаю вадою.
Будзем непахісна трымацца вызнання надзеі, бо верны той, хто абяцаў. І будзем зважаць адзін на аднаго, каб заахвочваць да любові і добрых учынкаў. І не пакідайма нашага сходу, як стала звычаем некаторых, але будзем заахвочваць адзін аднаго; і тым больш, чым больш бачыце, як набліжаецца гэты дзень.
Гэта слова Божае.
РЭСПАНСАРЫЙНЫ ПСАЛЬМ Пс 24 (23), 1–2. 3–4аb. 5–6 (Р.: 6)
Рэфрэн: Гэта народ верны, які шукае Пана.
1. Пану належыць зямля і ўсё, што на ёй,*
сусвет і ўсё, што жыве ў ім.
2. Бо Ён заснаваў яго на морах *
і на рэках умацаваў яго.
Рэфрэн:
3. Хто ўзыдзе на гару Пана, *
і хто стане на святым месцы Ягоным?
4. Той, у каго рукі бязвінныя і чыстае сэрца, *
хто не схіляў душы да марнасці.
Рэфрэн:
5. Ён атрымае благаслаўленне ад Пана *
і ўзнагароду ад Бога, свайго Збаўцы.
6. Вось пакаленне тых, хто Яго шукае, *
хто шукае абліччаТвайго, Бог Якуба.
Рэфрэн:
СПЕЎ ПЕРАД ЕВАНГЕЛЛЕМ Пс 119 (118), 105
Акламацыя: Аллелюя, аллелюя, аллелюя.
Слова Тваё – светач для маёй нагі
і святло для маёй сцежкі.
Акламацыя: Аллелюя, аллелюя, аллелюя.
ЕВАНГЕЛЛЕ Мк 4, 21–25
Для таго прыносіцца светач, каб паставіць яго на падсвечніку. Якой мераю мераеце, такой і вам будзе адмерана
+ Чытанне святога Евангелля паводле Марка.
У той час:
Езус сказаў народу: Ці для таго прыносіцца светач, каб паставіць яго пад кош або пад ложак? Ці ўсё ж для таго, каб паставіць яго на падсвечніку? Бо няма нічога схаванага, што б не адкрылася, і няма нічога таемнага, што б не выявілася. Хто мае вушы, каб слухаць, няхай слухае.
І сказаў ім: Зважайце на тое, што чуеце. Якой мераю мераеце, такой і вам будзе адмерана, і яшчэ дададзена. Бо хто мае, таму дадзена будзе, а хто не мае, у таго адымецца і тое, што мае.
Гэта слова Пана.
Паводле catholic.by
Меткі: Чацвер, Слова Божае, Лекцыянарый, Разважанні