Чацвер II звычайнага тыдня, год І
ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ Гбр 7, 25 — 8, 6
Зрабіў гэта раз і назаўсёды, ахвяраваўшы самога сябе
Чытанне Паслання да Габрэяў.
Браты:
Езус можа ва ўсе часы збаўляць тых, хто прыходзіць праз Яго да Бога, будучы заўсёды жывым, каб заступацца за іх. Такі і павінен быць у нас Першасвятар: святы, нявінны, беззаганны, адлучаны ад грэшнікаў і ўзнесены вышэй за нябёсы. Ён не мае патрэбы, як тыя першасвятары, прыносіць штодня ахвяры спачатку за свае грахі, а потым за грахі народа. Ён зрабіў гэта раз і назаўсёды, ахвяраваўшы самога сябе. Бо Закон устанаўлівае першасвятарамі людзей, якія маюць слабасць, а слова клятвы, дадзенай пасля Закону, устанаўлівае Сына дасканалага навекі.
Галоўнае ў сказаным — гэта тое, што ў нас ёсць такі Першасвятар, які сядзіць праваруч трону Велічы ў нябёсах як слуга святыні і праўдзівай скініі, узведзенай Панам, а не чалавекам. Бо кожны першасвятар пастаўлены, каб прыносіць дары і ахвяры. Таму неабходна, каб і Ён меў, што ахвяраваць. Калі б Ён заставаўся на зямлі, не быў бы святаром, паколькі тут ёсць святары, якія прыносяць дары паводле Закону. Яны служаць узору і ценю нябесных рэчаў, як наказана было Майсею, калі ён збіраўся завяршыць скінію. Бо яму было сказана: Глядзі, каб зрабіў усё паводле ўзору, паказанага табе на гары. Цяпер жа Ён атрымаў настолькі вышэйшае служэнне, наколькі стаў пасрэднікам лепшага запавету, заснаванага на лепшых абяцаннях.
Гэта слова Божае.
РЭСПАНСАРЫЙНЫ ПСАЛЬМ Пс 40 (39), 7–8а. 8b–9. 10. 17 (Р.: пар. 8а і 9а)
Рэфрэн: Прыходжу, Пане, споўніць Тваю волю.
7. Ахвяры і прынашэння Ты не пажадаў, *
але Ты адкрыў мне вушы.
Усеспалення і ахвяры за грэх Ты не патрабуеш. *
8. Тады сказаў я: Вось іду.
Рэфрэн:
У пачатку кнігі *
напісана пра мяне.
9. Я пажадаў спаўняць Тваю волю; *
і Твае законы жывуць у сэрцы маім.
Рэфрэн:
10. Я абвяшчаў Тваю справядлівасць *
на вялікім сходзе, *
і не закрываў вуснаў сваіх, *
Ты гэта ведаеш, о Пане.
Рэфрэн:
17. Няхай весяляцца і радуюцца Табою тыя, *
хто шукае Цябе,
і тыя, хто любіць збаўленне Тваё, *
няхай гавораць: Вялікі ёсць Пан.
Рэфрэн:
СПЕЎ ПЕРАД ЕВАНГЕЛЛЕМ пар. 2 Цім 1, 10
Акламацыя: Аллелюя, аллелюя, аллелюя.
Збаўца наш Езус Хрыстус знішчыў смерць
і асвятліў Евангеллем жыццё.
Акламацыя: Аллелюя, аллелюя, аллелюя.
ЕВАНГЕЛЛЕ Мк 3, 7–12
Нячыстыя духі крычалі: Ты — Сын Божы. Але Ён сурова забараняў ім, каб не выяўлялі Яго
+ Чытанне святога Евангелля паводле Марка.
У той час:
Езус адышоў з вучнямі сваімі да мора. А за Ім ішоў вялікі натоўп з Галілеі, з Юдэі, з Ерузалема, з Ідумеі; з-за Ярдану і з ваколіц Тыру і Сідону прыйшло да Яго вялікае мноства людзей, якія пачулі, што Ён рабіў. Тады сказаў Ён сваім вучням падрыхтаваць Яму човен, каб натоўп не заціснуў Яго.
Многіх Ён аздаравіў, таму кідаліся да Яго тыя, хто меў якую-небудзь хваробу, каб дакрануцца да Яго. І нячыстыя духі, калі бачылі Яго, падалі перад Ім і крычалі: Ты — Сын Божы. Але Ён сурова забараняў ім, каб не выяўлялі Яго.
Гэта слова Пана.
Паводле catholic.by
Меткі: Чацвер, Слова Божае, Лекцыянарый, Разважанні