Чацвер I звычайнага тыдня, год І
ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ Гбр 3, 7–14
Настаўляйце адзін аднаго штодня, пакуль можна казаць «сёння»
Чытанне Паслання да Габрэяў.
Браты:
Як гаворыць Дух Святы: Сёння, калі пачуеце Ягоны голас, не рабіце жорсткімі сэрцы вашыя, як у час смуты, у дзень выпрабавання ў пустыні, дзе, спакушаючы, выпрабоўвалі Мяне бацькі вашыя і бачылі справы Мае на працягу сарака гадоў. Таму Я і разгневаўся на пакаленне тое, і сказаў: Яны заўсёды блукаюць у сэрцы, не пазналі яны шляхоў Маіх. Таму Я прысягнуў у гневе Маім, што яны не ўвойдуць у Мой адпачынак.
Глядзіце, браты, каб не было ў каго з вас ліхога сэрца бязвер’я, якое аддаляе ад Бога жывога. Але настаўляйце адзін аднаго штодня, пакуль можна казаць «сёння», каб ніхто з вас не стаў жорсткім праз падман граху.
Бо мы станемся саўдзельнікамі Хрыста, калі да канца захаваем моцную надзею, якую мелі ад пачатку.
Гэта слова Божае.
РЭСПАНСАРЫЙНЫ ПСАЛЬМ Пс 95 (94), 6–7. 8–9. 10–11 (Р.: 8)
Рэфрэн: Не рабіце жорсткімі сэрцы вашыя.
6. Прыйдзіце, паклонімся і ўпадзём, *
укленчым перад Панам, які нас стварыў.
7. Бо Ён — наш Бог, *
а мы — народ Ягонай пашы і авечкі Ягонай рукі.
Рэфрэн:
О, каб вы паслухалі сёння Ягоны голас: †
8. Не рабіце жорсткімі сэрцы вашыя, як у Мэрыба, *
як на пустыні ў дзень Масса,
9. дзе Мяне спакушалі айцы вашыя, *
выпрабоўвалі Мяне, хоць і бачылі справы мае.
Рэфрэн:
10. Сорак гадоў выклікала агіду ўва Мне гэтае пакаленне, +
і Я сказаў: Гэта народ, які блукае сэрцам, *
яны не пазналі Маіх дарог,
11. таму пакляўся Я ў гневе сваім, *
што яны не ўвойдуць у Мой адпачынак.
Рэфрэн:
СПЕЎ ПЕРАД ЕВАНГЕЛЛЕМ пар. Мц 4, 23
Акламацыя: Аллелюя, аллелюя, аллелюя.
Езус абвяшчаў Евангелле аб Валадарстве
і лячыў усялякую немач у людзей.
Акламацыя: Аллелюя, аллелюя, аллелюя.
ЕВАНГЕЛЛЕ Мк 1, 40–45
Праказа сышла з яго, і ён стаў чысты
+ Чытанне святога Евангелля паводле Марка.
У той час:
Прыйшоў да Езуса пракажоны і, упаўшы на калені, прасіў Яго: Калі хочаш, можаш мяне ачысціць. Езус, злітаваўшыся над ім, працягнуў руку, дакрануўся да яго і сказаў яму: Хачу, будзь ачышчаны. І адразу ж праказа сышла з яго, і ён стаў чысты.
Езус строга перасцярог яго і адразу адправіў, кажучы: Глядзі, нікому нічога не кажы; але ідзі, пакажыся святару і дай ахвяру за ачышчэнне сваё, як загадаў Майсей, для сведчання ім.
Але ён, выйшаўшы, пачаў абвяшчаць і шмат расказваць пра падзею, так што Езус не мог ужо адкрыта ўвайсці ў горад, але быў здалёк, у пустэльных мясцінах. І прыходзілі да Яго адусюль.
Гэта слова Пана.
Паводле catholic.by
Разважанне да Евангелля: Хачу, будзь ачышчаны
Адказ Езуса на просьбу пракажонага ў сённяшнім Евангеллі аб’яўляе нам праўду пра Божую волю наконт кожнага з нас. Хваробы скуры, якія Біблія называе праказай, па прычыне звязанай з імі рызыкі заражэння іншых прыводзілі да таго, што хворы быў адлучаны ад супольнасці аж да поўнага выздараўлення. На жаль, часам такі чалавек ужо да канца свайго жыцця павінен быў прабываць воддаль. Аднак Божай воляй з’яўляецца наша прыналежнасць да супольнасці, да якой Ён нас паклікаў. У ёй мы павінны рэалізоўваць сябе і ўзрастаць як людзі з усім тым, што з гэтага вынікае. Больш таго, аздараўляючы пракажонага, Езус паказвае, што з перспектывы Бога няма нічога, што можа назаўсёды адлучыць чалавека ад супольнасці з Ім самім. Ён прагне ачысціць кожнага з нас, каб мы ў поўні маглі прыналежаць Яму.
Божа, кожны дзень Ты даеш нам сябе нанава. Просім, ачысці нас, каб дзякуючы Тваёй ласцы мы былі здольныя імкнуцца да поўнай еднасці з Табой.
Разважанні а. Даніэля Стабрылы OSB і а. Міхала Легана OSPPE, “Евангелле 2017”
Пераклад разважання: Кацярына Дурко
Меткі: Чацвер, Слова Божае, Лекцыянарый, Разважанні