Сакрыстыя працуе: 8:00 – 20:00 Тэл.: 8 017 365-44-15

Пошта: chyrvony@tut.by Мы ў сацыяльных сетках:         

Серада I звычайнага тыдня, год І

ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ Гбр 2, 14–18
Ён павінен быў ва ўсім прыпадобніцца да братоў, каб стаць міласэрным

Чытанне Паслання да Габрэяў.

Паколькі дзеці маюць удзел у целе і крыві, таму ў іх падобным чынам прыняў удзел таксама Езус, каб праз смерць нізрынуць таго, хто мае ўладу над смерцю, гэта значыць, д’ябла, каб збавіць тых, хто ўсё жыццё быў заняволены страхам перад смерцю. Бо, сапраўды, Ён дапамагае не анёлам, а патомству Абрагама. Таму Ён павінен быў ва ўсім прыпадобніцца да братоў, каб стаць міласэрным і верным першасвятаром у справах Божых для ўміласціўлення за грахі народа. Бо, як Ён цярпеў, праходзячы праз выпрабаванні, так можа дапамагчы тым, каго выпрабоўваюць.

Гэта слова Божае.

РЭСПАНСАРЫЙНЫ ПСАЛЬМ Пс 105 (104), 1–2. 3–4. 6–7. 8–9 (Р.: 8а)

Рэфрэн: Пан вечна памятае пра свой запавет.
Або: Аллелюя.

1. Слаўце Пана, заклікайце імя Яго, *
абвяшчайце справы Яго сярод народаў.
2. Спявайце і грайце Яму псальмы, *
распавядайце пра ўсе Ягоныя цуды.

Рэфрэн:

3. Ганарыцеся імем Яго святым, *
няхай радуюцца сэрцы тых, хто шукае Пана.
4. Шукайце Пана і Яго моцы, *
шукайце заўсёды Яго аблічча.

Рэфрэн:

6. Вы, патомства Абрагама, Яго слугі, *
сыны Якуба, вы Яго выбраныя.
7. Ён Пан Бог наш, *
па ўсёй зямлі Яго правасуддзе.

Рэфрэн:

8. Вечна Ён памятае пра свой запавет, *
пра слова, якое даў тысячам пакаленняў,
9. пра запавет, які заключыў з Абрагамам, *
і пра сваю прысягу, дадзеную Ісааку.

Рэфрэн:

СПЕЎ ПЕРАД ЕВАНГЕЛЛЕМ Ян 10, 27

Акламацыя: Аллелюя, аллелюя, аллелюя.

Авечкі Мае слухаюць голас Мой, — кажа Пан, —
і Я ведаю іх, і яны ідуць за Мною.

Акламацыя: Аллелюя, аллелюя, аллелюя.

ЕВАНГЕЛЛЕ Мк 1, 29–39
Аздаравіў многіх, якія цярпелі на розныя хваробы

+ Чытанне святога Евангелля паводле Марка.

У той час:

Езус, выйшаўшы з сінагогі, прыйшоў з Якубам і Янам у дом Сымона і Андрэя. Цешча ж Сымона ляжала ў гарачцы, і адразу сказалі Езусу пра яе. Ён падышоў і падняў яе, узяўшы за руку. І прайшла ў яе гарачка; і яна пачала служыць ім.

Калі ж настаў вечар і калі зайшло сонца, прынослі да Яго ўсіх нядужых і апантаных злымі духамі. І ўвесь горад сабраўся перад дзвярыма. Ён жа аздаравіў многіх, якія цярпелі на розныя хваробы, і выгнаў многіх злых духаў; і не дазваляў злым духам казаць, што яны ведалі Яго. А раніцай, устаўшы вельмі рана, выйшаў і пайшоў у пустыннае месца і там маліўся. Сымон і тыя, хто быў разам з ім, пайшлі за Ім. І, калі знайшлі Яго, кажуць Яму: Усе шукаюць Цябе. Ён кажа ім: Пойдзем куды-небудзь у бліжэйшыя мястэчкі, каб і там прапаведаваць, бо Я дзеля гэтага прыйшоў. 

І прапаведаваў Ён у сінагогах іхніх па ўсёй Галілеі, і выганяў злых духаў. 

Гэта слова Пана.

Паводле catholic.by


Разважанне да Евангелля: Блізкасць Езуса

Езус не застаецца нячулым да цярпення хворых. Шмат з тых, якія з верай прыходзяць да Яго, атрымліваюць аздараўленне. Блізкасць Езуса перамяняе тых, на чыім шляху Ён стаў. Аднак не ўсе адыходзяць ад Езуса і цешацца фізічным здароўем. Найбольш выразна ў жыцці некаторых з іх хвароба павінна была выканаць пэўнае заданне. Мы не ведаем якое, кожны, да каго дакранулася хвароба, павінен сам адказаць на гэтае пытанне. Сам Езус кладзе націск не на аздараўленне хворых, але на абвяшчэнне сваёй навукі. Усё тое, што нам здаецца больш уражальным, чым само абвяшчэнне, а менавіта, аздараўленне, выгнанне злых духаў, аказваецца толькі дадаткам, які павінен альбо прыцягваць да Езуса тлумы, альбо падцвярджаць праўдзівасць Яго слоў. Гэта яны самыя важныя, бо ў іх збаўленне і аднаўленне ўсяго чалавека.

Пане Езу, цудоўны Лекар, дапамажы нам распазнаць тое, што сапраўды важнае, а таксама зносіць усе абмежаванні, якія мы сустракаем, з верай у Тваю прысутнасць, якая ўзмацняе.

Разважанні а. Даніэля Стабрылы OSB і а. Міхала Легана OSPPE, “Евангелле 2017”
Пераклад разважання: Кацярына Дурко

Меткі: Серада, Слова Божае, Лекцыянарый, Разважанні

Друкаваць