Сакрыстыя працуе: 8:00 – 20:00 Тэл.: 8 017 365-44-15

Пошта: chyrvony@tut.by Мы ў сацыяльных сетках:         

12 студзеня – Свята Хросту Пана. Год А.

ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ Іс 42, 1–4. 6–7
Вось слуга Мой, якога ўпадабала душа Мая

Чытанне кнігі прарока Ісаі.

Так кажа Пан:

Вось  слуга Мой, якога Я падтрымаю,
выбраннік Мой, якога ўпадабала душа Мая.
Я спаслаў Духа свайго на Яго;
Ён прынясе народам Правасуддзе.
Не будзе крычаць і не будзе ўсклікаць,
на вуліцы не будзе чутна голасу Яго.
Ён не зломіць надломленай трысціны
і не пагасіць тлеючана кноту;
для праўды прынясе Ён Правасуддзе.
Не аслабне і не надломіцца,
пакуль не ўстановіць Правасуддзе на зямлі,
і наказаў Ягоных чакаюць астравы.
Я, Пан, паклікаў Цябе ў справядлівасці,
і ўзяў Цябе за руку і сфармаваў Цябе,
і ўчыніў запаветам для людзей,
святлом для народаў,
каб Ты адкрыў вочы сляпым
і з вязніцы вывеў палонных,
з дому зняволення тых, хто жыве ў цемры.

Гэта слова Божае.

РЭСПАНСАРЫЙНЫ ПСАЛЬМ Пс 29 (28), 1а і 2. 3аc–4. 3b і 9b–10 (Р.: 11b)

Рэфрэн: Пан благаслаўляе свой народ спакоем.

1. Аддайце Пану, сыны Божыя, *
аддайце Пану хвалу і слаўце Яго магутнасць.
2. Аддайце хвалу імені Ягонаму, *
у святыні праслаўляйце Пана.

Рэфрэн:

3. Голас Пана па-над водамі, *
Пан над водамі вялікімі!
4. Голас Пана моцны; *
голас Пана поўны велічы.

Рэфрэн:

3. Загучаў Бог велічы, *
9. і кожны ў святыні Ягонай кажа: Хвала.
10.Пан прабываў над патопам, *
Пан як Валадар трываць будзе вечна.

Рэфрэн:

ДРУГОЕ ЧЫТАННЕ Дз 10, 34–38
Бог памазаў Яго Духам Святым

Чытанне кнігі Дзеяў Апосталаў.

У тыя дні:

Пётр, адкрыўшы вусны свае, сказаў: Сапраўды разумею, што Бог не зважае на асобу, але ў кожным народзе мілы Яму той, хто баіцца Яго і паступае справядліва.

Ён паслаў сваё слова сынам Ізраэля, абвяшчаючы спакой праз Езуса Хрыста; Ён ёсць Панам усіх. Вы ведаеце, што адбывалася ва ўсёй Юдэі, пачынаючы ад Галілеі, пасля хросту, які абвясціў Ян. Ведаеце, як Бог памазаў Духам Святым і моцай Езуса з Назарэту, які хадзіў, робячы дабро і аздараўляючы ўсіх апанаваных д’яблам, бо з Ім быў Бог.

Гэта слова Божае.

СПЕЎ ПЕРАД ЕВАНГЕЛЛЕМ пар. Мк 9, 6

Акламацыя: Аллелюя, аллелюя, аллелюя.

Раскрыліся нябёсы і загучаў голас Айца:
Гэта Сын Мой умілаваны, Яго слухайце.

Акламацыя: Аллелюя, аллелюя, аллелюя.

ЕВАНГЕЛЛЕ Мц 3, 13–17
Калі Езус ахрысціўся, убачыў Духа Божага, які сыходзіў на Яго

+ Чытанне святога Евангелля паводле Мацвея.

У той час:
Езус прыйшоў з Галілеі на Ярдан да Яна, каб атрымаць ад яго хрост. Ян жа ўстрымліваў Яго, кажучы: Гэта мне трэба ад Цябе прымаць хрост, а Ты прыходзіш да мяне?

Сказаў яму Езус у адказ: Дазволь цяпер, бо так належыць нам выканаць усё, што справядліва. Тады Ян уступіў Яму.

Калі Езус ахрысціўся, адразу выйшаў з вады, і раскрыліся Яму нябёсы, і ўбачыў Духа Божага, які спускаўся, як голуб, і сыходзіў на Яго. І голас з неба прамовіў: Гэта Сын Мой умілаваны, якога Я ўпадабаў.

Гэта слова Пана.

Паводле catholic.by

Меткі: Божае Нараджэнне, Урачыстасць, Лекцыянарый, Разважанні

Друкаваць