23 снежня — звычайны дзень Адвэнту
ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ Мал 3, 1–4; 23–24
Пашлю да вас прарока Іллю, перш чым прыйдзе дзень Пана
Чытанне Кнігі прарока Малахіі.
Гэта кажа Пан Бог:
Вось Я пасылаю анёла майго, і ён падрыхтуе дарогу перада Мною, і нечакана прыйдзе ў сваю святыню Пан, якога вы шукаеце, і Анёл Запавету, якога вы чакаеце. Вось Ён ідзе, – кажа Пан Магуццяў. І хто вытрывае дзень Ягонага прыйсця, і хто ўстаіць, калі Ён з’явіцца? Бо Ён як агонь плавільшчыка, і як луг, што ачышчае. І сядзе, як плавільшчык і як той, хто ачышчае серабро, і ачысціць сыноў Левія, і пераплавіць іх, як золата і серабро, і яны будуць прыносіць Пану ахвяру ў справядлівасці. Тады спадабаецца Пану ахвяра Юды і Ерузалема, як у дні даўнія і як у мінулыя гады.
Вось я пашлю да вас прарока Іллю, перш чым прыйдзе дзень Пана, вялікі і страшны. І ён зверне сэрцы бацькоў да сыноў, і сэрцы сыноў да бацькоў, каб Я, прыйшоўшы, не кінуў на зямлю праклён.
Гэта слова Божае.
РЭСПАНСАРЫЙНЫ ПСАЛЬМ Пс 25 (24), 4–5. 8–9. 10 і 14 (Р.: пар. Лк 21, 28)
Рэфрэн: Падыміце галовы, бо набліжаецца вашае адкупленне.
4. Дай спазнаць Твае дарогі, Пане, *
і навучы мяне сцежкам Тваім.
5. Вядзі мяне ў праўдзе Тваёй і навучы, *
бо Ты — мой Бог і Збаўца.
Рэфрэн:
8. Пан добры і справядлівы, *
таму паказвае грэшнікам шлях.
9. Ён кіруе пакорнымі ў справядлівасці *
і навучае ўбогіх шляхам сваім
Рэфрэн:
10. Усе сцежкі Пана — гэта міласэрнасць і вернасць *
для тых, хто захоўвае запавет і наказы Яго.
14. Пан добразычлівы да тых, хто Яго баіцца, *
і запавет свой Ён адкрывае ім.
Рэфрэн:
СПЕЎ ПЕРАД ЕВАНГЕЛЛЕМ
Акламацыя: Аллелюя, аллелюя, аллелюя.
Валадару народаў, вуглавы камень Касцёла,
прыйдзі і збаў чалавека, якога Ты стварыў з пылу.
Акламацыя: Аллелюя, аллелюя, аллелюя.
ЕВАНГЕЛЛЕ Лк 1, 57–66
Нараджэнне Яна Хрысціцеля
+ Чытанне святога Евангелля паводле Лукі.
Альжбеце надышоў час нарадзіць, і яна нарадзіла сына. І пачулі суседзі і сваякі яе, што Пан праявіў да яе такую вялікую міласэрнасць, і радаваліся разам з ёю.
На восьмы дзень прыйшлі абразаць дзіця і хацелі назваць яго імем бацькі ягонага, Захарыем. Але маці ягоная сказала ў адказ: Не, але будзе названы Янам.
І сказалі ёй, што няма нікога з сям’і яе, каго б называлі такім імем.
І пыталіся на мігах у бацькі ягонага, як бы хацеў назваць яго. Ён папрасіў таблічку і напісаў: Ян — імя Яго. І ўсе здзівіліся.
У гэты момант адразу адкрыліся вусны ягоныя і развязаўся язык ягоны, і ён загаварыў, праслаўляючы Бога.
Усіх іхніх суседзяў ахапіў страх, і расказвалі яны пра ўсё гэта па ўсёй горнай краіне Юдэі. Усе, хто чуў, разважалі пра ўсё гэта ў сэрцах сваіх і казалі: Што ж гэта будзе за дзіця? Бо рука Пана была з ім.
Гэта слова Пана.
Паводле catholic.by
Разважанне да Евангелля: Пан адарыў ласкай
Спрэчка наконт выбару імені для нованароджанага дзіцяці Альжбеты і Захарыя з’яўляецца спрэчкай пра вобраз Бога. Імя Захарыя, за якое выказваюцца суседзі, перакладаецца з габрэйскай мовы “Пан памятае”. У Старым Запавеце часта з’яўляецца гэта думка. Адказам на гэтую Божую памяць з боку выбранага народа было парушэнне запавету. Іншую перспектыву адкрывае імя Ян, якое перакладаецца з габрэйскай мовы “Пан адарыў ласкай”. Найбольш поўна яна аб’явілася ў Яго Сыне, з паўнаты якой мы ўсе прынялі ласку замест ласкі (Ян 1, 16). Годная захаплення паслядоўнасць Захарыі і яго жонкі Альжбеты ў выбары менавіта гэтага імені з’яўляецца радасным прадказаннем праўды пра Бога, Які багаты ў ласцы і міласэрнасці. Яе папярэднікам з’яўляецца іх сын Ян.
Хрысце, Тваё нараджэнне ўжо блізка. Свет хутка будзе асвечаны бляскам Божай ласкі. Рыхтую сваё сэрца, каб прыняць Цябе з любоўю і ўдзячнасцю.
Разважанні кс. Марывуша Шмайдзінскага з “Евангелле 2016”
Пераклад разважання: Кацярына Дурко
Меткі: Лекцыянарый, Разважанні, Адвэнт