22 снежня — звычайны дзень Адвэнту
ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ 1 Сам 1, 24–28
Ганна дзякуе за нараджэнне Самуэля
Чытанне Першай кнігі Самуэля.
У тыя дні:
Калі Ганна адняла ад грудзі Самуэля, яна ўзяла яго з сабой, забіраючы таксама трохгадовае цяля, адну меру мукі і мех віна, і прыйшла з ім у Сілом, у дом Пана. Хлопчык той быў яшчэ дзіцём.
І забілі цяльца, і прывялі таго хлопчыка да Элія. І сказала яна: О, спадар мой! Няхай жыве душа твая, спадар мой! Я — тая самая жанчына, якая тут перад табою стаяла і малілася да Пана. Маліла аб гэтым хлопцы, і выканаў Пан просьбу маю, якую ўзносіла да Яго. І вось я аддаю яго Пану; ва ўсе дні, пакуль жыць будзе, ён прызначаны будзе для Пана.
І пакланілася там Пану.
Гэта слова Божае.
РЭСПАНСАРЫЙНЫ ПСАЛЬМ 1 Сам 2, 1. 4–5. 6–7. 8аbcd (Р.: пар. 1а)
Рэфрэн: Усім сваім сэрцам радуюся ў Пану.
1. Узрадавалася маё сэрца ў Пану, *
узняўся рог мой у Пану маім,
раскрыліся вусны мае на ворагаў маіх, *
бо радуюся я Тваёй дапамозе.
Рэфрэн:
4. Лук моцных ламаецца, *
а слабыя падпярэзваюцца сілаю.
5. Сытыя наймаюцца за хлеб, †
а галодныя адпачываюць; *
бясплодная семярых нараджае, †
а шматдзетная знемагае.
Рэфрэн:
6. Пан забівае і ажыўляе, *
кідае ў адхлань і адтуль выводзіць.
7. Пан робіць бедным і багатым, *
прыніжае і ўзвялічвае.
Рэфрэн:
8. З пылу падымае беднага, *
са смецця ўзнімае ўбогага,
каб пасадзіць яго з вяльможамі, *
і даць яму ў спадчыну трон хвалы.
Рэфрэн:
СПЕЎ ПЕРАД ЕВАНГЕЛЛЕМ
Акламацыя: Аллелюя, аллелюя, аллелюя.
Валадару народаў, вуглавы камень Касцёла,
прыйдзі і збаў чалавека, якога Ты стварыў з пылу.
Акламацыя: Аллелюя, аллелюя, аллелюя.
ЕВАНГЕЛЛЕ Лк 1, 46–56
Вялікае ўчыніў мне Усемагутны
+ Чытанне святога Евангелля паводле Лукі.
У тыя дні сказала Марыя:
Велічае душа мая Пана,
і ўзрадаваўся дух мой у Богу, маім Збаўцы.
Бо ўзглянуў Бог на пакору сваёй слугі,
і цяпер благаслаўляць мяне будуць усе пакаленні.
Бо вялікае ўчыніў мне Усемагутны,
а імя Яго святое.
І міласэрнасць Яго з пакалення ў пакаленне
над тымі, хто Яго баіцца.
Паказаў моц сваёй правіцы,
рассеяў тых, хто пыхлівыя сэрцам.
Скінуў магутных з трону
і ўзвысіў пакорных.
Дабром галодных насыціў, *
а багатых ні з чым адправіў.
Прыняў свайго слугу Ізраэля, *
памятаючы пра сваю міласэрнасць,
як абяцаў бацькам нашым,
Абрагаму і яго патомству навекі.
І прабыла Марыя ў Альжбеты каля трох месяцаў і вярнулася ў дом свой.
Гэта слова Пана.
Паводле catholic.by
Разважанне да Евангелля: Песня падзякі
Напярэдадні свята Божага Нараджэння ў Евангеллі гучыць песня падзякі пакорнай слугі Пана. У ёй Марыя велічае Бога за ўсё дабро, якое ад Яго атрымала, і з прарочым запалам прадказвае, што ўсе пакаленні будуць Яе благаслаўляць. Яна сапраўды шчаслівая, бо засталася ўбогай духам і з чыстым сэрцам. Песня Марыі – гэта таксама трыумф міласэрнасці, дзякуючы якой Бог узвышае пакорных, галодных насычае дабром і застаецца верным заключанаму запавету. Таму Магніфікат стаў песняй падзякі Касцёла і ўсіх нас, бо і нам Бог учыніў вялікія рэчы. Мы не можам пра гэта забыцца, асабліва перад святам.
Езу, за столькі вялікіх і цудоўных рэчаў маё сэрца спявае радасную песню хвалы Богу. Ён паказвае моц свайго пляча, якім прытуляе да сябе, аб’яўляючы сваю міласэрнасць.
Разважанні кс. Марывуша Шмайдзінскага з “Евангелле 2016”
Пераклад разважання: Кацярына Дурко
Меткі: Лекцыянарый, Разважанні, Адвэнт