ІV Нядзеля Адвэнту, Год A
ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ Іс 7, 10–14
Вось Дзева зачне і народзіць Сына
Чытанне кнігі прарока Ісаі.
У тыя дні:
Пан прамовіў да Ахаза такімі словамі: Прасі Пана, Бога твайго, каб даў табе знак ці глыбока ў адхлані, ці высока ўгары.
Але Ахаз адказаў: Не буду прасіць і не буду выпрабоўваць Пана.
Тады сказаў Ісая:
Паслухайце ж, дом Давідаў:
ці мала вам, што дакучаеце людзям,
дык вы яшчэ дакучаеце майму Богу?
Таму Пан сам дасць вам знак:
Вось Дзева зачне і народзіць Сына,
і дасць Яму імя Эммануэль!
Гэта слова Божае.
РЭСПАНСАРЫЙНЫ ПСАЛЬМ Пс 24(23), 1–2. 3–4аb. 5–6. (Р.: 7c і 10b)
Рэфрэн: Прыйдзе наш Пан, Валадар Ён славы.
1. Пану належыць зямля і ўсё, што на ёй,*
сусвет і ўсё, што жыве ў ім.
2. Бо Ён заснаваў яго на морах *
і на рэках умацаваў яго.
Рэфрэн:
3. Хто ўзыдзе на гару Пана, *
і хто стане на святым месцы Ягоным?
4. Той, у каго рукі бязвінныя і чыстае сэрца, *
хто не схіляў душы да марнасці.
Рэфрэн:
5. Ён атрымае благаслаўленне ад Пана *
і ўзнагароду ад Бога, свайго Збаўцы.
6. Вось пакаленне тых, хто Яго шукае, *
хто шукае абліччаТвайго, Бог Якуба.
Рэфрэн:
ДРУГОЕ ЧЫТАННЕ Рым 1, 1–7
Хрыстус, патомак Давіда, — Cын Божы
Чытанне Паслання святога апостала Паўла да Рымлянаў.
Павел, слуга Езуса Хрыста, пакліканы апостал, выбраны дзеля дабравесця Божага, якое Бог перад гэтым абяцаў праз прарокаў сваіх у святых пісаннях, пра Сына Яго, які целам паходзіў з роду Давіда, і які адкрыўся як Сын Божы ў моцы, паводле Духа святасці, праз уваскрасенне з мёртвых, пра Езуса Хрыста, Пана нашага, праз якога мы атрымалі ласку і апостальства, каб у імя Ягонае зрабіць паслухмянымі веры ўсе народы, сярод якіх і вы, пакліканыя Езусам Хрыстом.
Усім, хто знаходзіцца ў Рыме, умілаваным Бога, пакліканым святым: ласка вам і спакой ад Бога, Айца нашага, і Пана Езуса Хрыста.
Гэта слова Божае.
СПЕЎ ПЕРАД ЕВАНГЕЛЛЕМ Мц 1, 23
Акламацыя: Аллелюя, аллелюя, аллелюя.
Вось Дзева зачне і народзіць Сына,
і дадуць Яму імя Эммануэль,
што азначае «з намі Бог».
Акламацыя: Аллелюя, аллелюя, аллелюя.
ЕВАНГЕЛЛЕ Мц 1, 18–24
Езус будзе народжаны з Марыі, заручанай з Юзафам, патомкам Давіда
+ Чытанне святога Евангелля паводле Мацвея.
Такім было нараджэнне Езуса Хрыста: пасля заручынаў Маці Ягонай Марыі з Юзафам, перш чым пачалі жыць разам, яна зачала ад Духа Святога. Юзаф жа, муж яе, будучы справядлівым і не хочучы зняславіць Яе, хацеў патаемна адпусціць Яе.
Калі ён надумаў гэта, вось анёл Пана з’явіўся яму ў сне і сказаў: Юзэфе, сыне Давіда! Не бойся прыняць Марыю, жонку тваю, бо тое, што нарадзілася ў ёй, ёсць ад Духа Святога. Яна ж народзіць Сына, і дасі Яму імя Езус, бо Ён збавіць народ свой ад ягоных грахоў.
А ўсё гэта сталася, каб збылося сказанае Панам праз прарока, які кажа: Вось Дзева зачне і народзіць Сына, і дадуць Яму імя Эммануэль, што азначае «з намі Бог».
Абудзіўшыся ад сну, Юзаф зрабіў, як загадаў яму анёл Пана, і прыняў жонку сваю.
Гэта слова Пана.
Паводле catholic.by
Меткі: Нядзеля, Слова Божае, Лекцыянарый, Разважанні, Адвэнт