17 снежня — звычайны дзень Адвэнту
ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ Быц 49, 2. 8–10
Не будзе аднята жазло ад Юды
Чытанне Кнігі Быцця.
У тыя дні:
Якуб склікаў сваіх сыноў і сказаў ім: Збярыцеся і паслухайце, сыны Якуба, паслухайце Ізраэля, айца вашага!
Юда! Цябе славіць будуць браты твае. Рука твая на шыі ворагаў тваіх; паклоняцца табе сыны айца твайго. Юда, малады леў, на здабычы будзеш расці, сыне мой. Адпачываючы, лёг як леў і як ільвіца, хто падыме яго? Не будзе аднята жазло ад Юды і кій пастыра ад ног ягоных, пакуль не прыйдзе той, якому яно належыць, і якога будуць слухацца народы!
Гэта слова Божае.
РЭСПАНСАРЫЙНЫ ПСАЛЬМ Пс 72 (71), 1–2. 3–4аb. 7–8. 17 (Р.: пар. 7)
Рэфрэн: Калі прыйдзе Збаўца, вечны мір настане.
1. Божа, дай суд Твой каралю *
і сыну караля Тваю справядлівасць.
2. Няхай судзіць народ Твой справядліва *
і прыгнечаных Тваіх паводле права.
Рэфрэн:
3. Няхай горы прынясуць спакой народу, *
і ўзгоркі справядлівасць.
4. Няхай рассудзіць прыніжаных з народа, *
выбавіць дзяцей убогіх.
Рэфрэн:
7. У дні Ягоныя закрасуе справядлівасць, *
і вялікі спакой, аж пакуль не знікне месяц.
8. І будзе Ён панаваць ад мора да мора, *
і ад ракі аж да краю зямлі.
Рэфрэн:
17. Імя Ягонае будзе трываць навекі, *
пакуль свеціць сонца, будзе трываць імя Ягонае.
Благаслаўлёныя будуць у Ім усе плямёны, *
будуць славіць Яго ўсе народы.
Рэфрэн:
СПЕЎ ПЕРАД ЕВАНГЕЛЛЕМ
Акламацыя: Аллелюя, аллелюя, аллелюя.
Мудрасць Найвышэйшага, якая усім кіруе з моцаю,
прыйдзі і навучы нас шляхам разважлівасці.
Акламацыя: Аллелюя, аллелюя, аллелюя.
ЕВАНГЕЛЛЕ Мц 1, 1–17
Радаслоўе Езуса Хрыста, сына Давіда
+ Чытанне святога Евангелля паводле Мацвея.
Радаслоўе Езуса Хрыста, сына Давіда, сына Абрагама.
Абрагам быў бацькам Ісаака; Ісаак — бацькам Якуба; Якуб — бацькам Юды і ягоных братоў; Юда быў бацькам Фарэса і Зары, маці якіх была Тамар. Фарэс быў бацькам Эзрома; Эзром — бацькам Арама, Арам — бацькам Амінадаба; Амінадаб — бацькам Наасона; Наасон — бацькам Сальмона; Сальмон — бацькам Бааза, а маці была Рахаб. Бааз быў бацькам Абэда, а маці была Рут. Абэд быў бацькам Есэя, а Есэй быў бацькам караля Давіда.
Давід быў бацькам Саламона, а маці ягоная была ранейшая жонка Урыі. Саламон быў бацькам Рабаама; Рабаам — бацькам Абія; Абій — бацькам Асы; Аса — бацькам Язафата; Язафат — бацькам Ярама; Ярам — бацькам Осіі; Осія — бацькам Яатама; Яатам — бацькам Ахаза; Ахаз — бацькам Эзэхіі; Эзэхія — бацькам Манасэса; Манасэс — бацькам Амона; Амон — бацькам Ёсіі; Ёсія — бацькам Ехоніі і ягоных братоў падчас вавілонскага перасялення.
А пасля вавілонскага перасялення Ехонія быў бацькам Салятыэля; Салятыэль — бацькам Зарабабэля; Зарабабэль — бацькам Абіюда; Абіюд — бацькам Эліяхіма; Эліяхім — бацькам Азора; Азор — бацькам Садока; Садок — бацькам Ахіма; Ахім — бацькам Эліюда; Эліюд — бацькам Элеазара; Элеазар — бацькам Маттана; Маттан — бацькам Якуба; Якуб — бацькам Юзафа, мужа Марыі, ад якой нарадзіўся Езус, званы Хрыстом.
А ўсіх пакаленняў ад Абрагама да Давіда — чатырнаццаць, ад Давіда да вавілонскага перасялення — чатырнаццаць, і ад вавілонскага перасялення да Хрыста — чатырнаццаць пакаленняў.
Гэта слова Пана.
Паводле catholic.by
Разважанне да Евангелля: Хрыстус з’яўляецца сапраўдным каралём
Праз тыдзень Вігілія. Фрагменты Евангелля, якія з сённяшняга дня мы будзем чытаць, апісваюць падзеі, што адбываліся непасрэдна перад нараджэннем Езуса. Сённяшняе Евангелле паказвае зямны радавод Езуса і прадстаўляе Езуса як сына Давіда, а менавіта таго, хто паходзіць з каралеўскага роду. Калісьці Давід атрымаў абяцанне вечнага панавання: Трон твой будзе непарушны на вякі. Спаўненне гэтага абяцання прыходзіць разам з нараджэннем Езуса, бо тады “прыходзіць кароль, які застанецца на вякі – цалкам іншы, аднак такі, якога можна было ўявіць сабе на падставе мадэлі Давіда. (…) уся гісторыя звяртае зрок на Таго, чый трон будзе ўстаноўлены на вякі” (Бэнэдыкт XVI). Хрыстус, наш Збаўца, з’яўляецца сапраўдным каралём.
Хрыстэ, Ты аб’яўляеш сябе як сапраўдны Бог і Чалавек, Які спаўняе ўсе абяцанні. Няхай Тваё прыйсце ўзмацніць валадаранне Бога і прынясе супакой, які так патрэбны.
Разважанні кс. Марывуша Шмайдзінскага з “Евангелле 2016”
Пераклад разважання: Кацярына Дурко
Меткі: Лекцыянарый, Разважанні, Адвэнт