Сакрыстыя працуе: 8:00 – 20:00 Тэл.: 8 017 365-44-15

Пошта: chyrvony@tut.by Мы ў сацыяльных сетках:         

21 лістапада — успамін Ахвяравання Найсвяцейшай Панны Марыі

ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ Зах 2, 14–17
Радуйся, дачка Сіёна, бо вось Я іду

Чытанне кнігі прарока Захарыі.

Весяліся і радуйся, дачка Сіёна,
бо вось Я іду і пасялюся пасярод цябе, — кажа Пан.
І многія народы прыйдуць да Пана ў дзень той,
і стануць для Яго народам.
І Я пасялюся пасярод цябе,
і ты пазнаеш, што Пан Магуццяў паслаў Мяне.
Пан возьме ва ўладанне Юду,
сваю спадчыну на Святой зямлі,
і зноў выбера Ерузалем.
Замоўкні, усялякае цела, перад абліччам Пана,
бо Ён падымаецца са свайго святога жылля.

Гэта слова Божае.

РЭСПАНСАРЫЙНЫ ПСАЛЬМ  Пс Лк 1, 46–47. 48–49. 50–51. 52–53. 54–55 (Р.: 49а)

Рэфрэн: Вялікае ўчыніў мне Усемагутны.
Або: Благаслаўлёная Панна Марыя, бо нарадзіла Сына спрадвечнага Айца.

46. У тыя дні сказала Марыя:
Велічае душа мая Пана, *
47. і ўзрадаваўся дух мой
у Богу, маім Збаўцы.

Рэфрэн:

48. Бо ўзглянуў Бог на пакору сваёй слугі, *
і цяпер благаслаўляць Мяне будуць усе пакаленні.
49. Бо вялікае ўчыніў мне Усемагутны, *
а імя Яго святое.

Рэфрэн:

50. І міласэрнасць Яго з пакалення ў пакаленне *
над тымі, хто Яго баіцца.
51. Паказаў моц сваёй правіцы,
рассеяў тых, хто пыхлівы сэрцам.

Рэфрэн:

52. Скінуў магутных з трону
і ўзвысіў пакорных.
53. Дабром галодных насыціў, *
а багатых ні з чым адправіў.

Рэфрэн:

54. Прыняў свайго слугу Ізраэля, *
памятаючы пра сваю міласэрнасць,
55. як абяцаў бацькам нашым,
Абрагаму і яго патомству навекі.

Рэфрэн:

СПЕЎ ПЕРАД ЕВАНГЕЛЛЕМ Лк 11, 28

Акламацыя: Аллелюя, аллелюя, аллелюя.

Шчаслівыя, хто слухае слова Божае
і захоўвае яго.

Акламацыя: Аллелюя, аллелюя, аллелюя.

ЕВАНГЕЛЛЕ Мц 12, 46–50
Працягнуўшы руку сваю да вучняў, сказаў: Вось маці Мая і браты Мае

+ Чытанне cвятога Евангелля паводле Мацвея.

У той час:

Калі Езус прамаўляў да людзей, Маці і браты Ягоныя стаялі звонку і хацелі пагаварыць з Ім. І нехта сказаў Яму: Вось Маці Твая і браты Твае звонку стаяць і хочуць пагаварыць з Табою.

Ён жа адказаў таму, хто звярнуўся да Яго: Хто маці Мая і хто браты Мае? І, працягнуўшы руку сваю да вучняў сваіх, сказаў: Вось маці Мая і браты Мае. Бо кожны, хто выконвае волю Айца Майго, які ёсць у небе, той Мне брат, і сястра, і маці.

Гэта слова Пана.

Паводле catholic.by


Разважанне да Евангелля

Сённяшні ўспамін Ахвяравання Найсвяцейшай Панны Марыі адлюстроўвае перакананне старажытных хрысціян у тым, што Марыю яшчэ ў раннім дзяцінстве аддалі на службу ў святыню. Пра гэта апавядаюць апокрыфы, у тым ліку Протаевангелле Якуба. Нагодай да ўспаміну службы Марыі ў святыні было пасвячэнне касцёла Найсвяцейшай Панны Марыі ў Ерузалеме ў 543 годзе. На Захадзе гэты дзень святкуецца з ХІІ веку. У гэты дзень мы выражаем нашу ўдзячнасць за выбранне Марыі Божай Маці і выкананне праз Яе волі Айца. Праз нястомнае жыццё ў веры ўжо з дзяцінства Марыя стала ў поўні благаслаўлёнай.

Разважанні Геранім Качмарэк ОР, „Oremus”
Пераклад разважання: Кацярына Дурко

Меткі: Разважанні

Друкаваць