Сакрыстыя працуе: 8:00 – 20:00 Тэл.: 8 017 365-44-15

Пошта: chyrvony@tut.by Мы ў сацыяльных сетках:         

Пятніца — дваццаць трэці звычайны тыдзень, Год ІІ

ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ 1 Кар 9, 16-19. 22b-27
Для ўсіх я стаў усім, каб любою цаною збавіць некага

Чытанне Першага паслання святога апостала Паўла да Карынцянаў.

Браты:

Калі я абвяшчаю Евангелле, то мне няма чым хваліцца, бо абавязак гэты ўскладзены на мяне, і гора мне, калі я не абвяшчаю Евангелля. Бо, калі раблю гэта з уласнай волі, атрымліваю ўзнагароду; а калі не з уласнай волі, то выконваю даручанае мне служэнне. Якая ж мая ўзнагарода? Каб, бескарысліва прапаведуючы Евангелле, я даносіў навіну пра Хрыста, не карыстаючыся маёю ўладаю ў Евангеллі. Таму што, будучы вольным ад усіх, я стаў нявольнікам ўсіх, каб здабыць яшчэ больш.

Для ўсіх я стаў усім, каб любою цаною збавіць некага. Раблю ж гэта дзеля Евангелля, каб стаць яго саўдзельнікам.

Ці не ведаеце, што на стадыёне бягуць усе бегуны, але ўзнагароду атрымлівае адзін? Дык бяжыце так, каб атрымаць яе. Кожны спаборнік вытрымлівае ўсё; толькі тыя – каб атрымаць тленны вянок, а мы – нятленны. Таму я не бягу так, нібы бязмэтна, не змагаюся так, нібы б’ючы паветра; але я суровы да свайго цела і лічу яго паднявольным, каб, прапаведуючы іншым, самому не аказацца няздатным.

Гэта слова Божае.

РЭСПАНСАРЫЙНЫ ПСАЛЬМ Пс 84 (83), 3. 4. 5-6. 12 (Р.: 2)

Рэфрэн: Мілыя шатры Твае, Пане Магуццяў.

3. Знемагае і імкнецца душа мая *
ў двары Пана.
Сэрца маё і цела радасна клічуць *
да Бога жывога.

Рэфрэн:

4. Нават верабей знаходзіць сабе дом, а ластаўка – гняздо, *
дзе кладзе сваіх птушанят,
каля алтароў Тваіх, Пане Магуццяў, *
Кароль мой і мой Божа.

Рэфрэн:

5. Шчаслівыя, хто жыве ў доме Тваім, *
яны вечна спяваюць Табе.
6. Шчаслівы чалавек, сіла якога ў Табе. *
сцежкі ў сэрцы якога скіраваны да Цябе.

Рэфрэн:

12. Бо Пан Бог – гэта сонца і шчыт, *
Пан адорвае ласкай і славай;
у дабры не адмаўляе тым, *
хто паступае беззаганна.

Рэфрэн:

СПЕЎ ПЕРАД ЕВАНГЕЛЛЕМ пар. Ян 17, 17 b.a

Акламацыя: Аллелюя, аллелюя, аллелюя.

Слова Тваё, Пане, – гэта праўда,
асвяці нас у праўдзе.

Акламацыя: Аллелюя, аллелюя, аллелюя.

ЕВАНГЕЛЛЕ Лк 6, 39-42
Хіба можа сляпы вадзіць сляпога?

+ Чытанне святога Евангелля паводле Лукі.

У той час:

Езус расказаў сваім вучням такую прыпавесць: Хіба можа сляпы вадзіць сляпога? Ці ж не зваляцца абодва ў яму?

Вучань не большы за настаўніка. Але кожны добра падрыхтаваны стане такім, як яго настаўнік.

Чаму ты бачыш шчэпку ў воку брата свайго, а бервяна ва ўласным воку не заўважаеш? Як ты можаш казаць брату свайму: Дай, браце, я выцягну шчэпку з вока твайго, – калі сам не бачыш бервяна ў сваім воку? Крывадушнік, выцягні спачатку бервяно са свайго вока, і тады ўбачыш, як выцягнуць шчэпку з вока свайго брата.

Гэта слова Пана.

Паводле  catholic.by

Меткі: Пятніца, Слова Божае, Лекцыянарый, Разважанні

Друкаваць