Сакрыстыя працуе: 8:00 – 20:00 Тэл.: 8 017 365-44-15

Пошта: chyrvony@tut.by Мы ў сацыяльных сетках:         

Пятніца — шосты звычайны тыдзень, год ІI

ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ Як 2, 14-24. 26
Бо, як цела без духу мёртвае, так і вера мёртвая без учынкаў

Чытанне Паслання святога апостала Якуба.

Якая карысць, браты мае, калі нехта кажа, што мае веру, а ўчынкаў не мае? Ці можа вера збавіць яго? Калі брат ці сястра знаходзяцца ў галечы, не маючы штодзённай ежы, а нехта з вас скажа ім: Ідзіце ў спакоі, грэйцеся і насычайцеся, – але не дасць ім неабходнага для цела, то якая з гэтага карысць? Так і вера без учынкаў мёртвая сама па сабе. Але нехта скажа: Ты маеш веру, а я маю ўчынкі, то пакажы мне веру тваю без учынкаў, а я пакажу табе веру з маімі ўчынкамі. Ты верыш, што ёсць адзін Бог? Добра робіш. Злыя духі таксама вераць і дрыжаць. Але ці хочаш ведаць, пусты чалавеча, што вера без учынкаў мёртвая. Ці не праз учынкі быў апраўданы айцец наш Абрагам, калі прынёс свайго сына Ісаака на ахвярнік? Ты бачыш, што вера супрацоўнічала з яго ўчынкамі і дзякуючы ўчынкам вера ўдасканалілася. Так споўнілася Пісанне, якое кажа: Абрагам паверыў Богу, і гэта залічылася яму як справядлівасць, і ён быў названы сябрам Божым. Бачыце, што чалавек апраўдваецца праз ўчынкі, а не толькі праз веру.

Бо, як цела без духу мёртвае, так і вера мёртвая без учынкаў.

Гэта слова Божае.

РЭСПАНСАРЫЙНЫ ПСАЛЬМ Пс 112 (111), 1-2. 3-4. 5-6 (Р.: пар. 1b)

Рэфрэн: Шчаслівы той, хто любіць запаведзі Пана.

1. Шчаслівы чалавек, які баіцца Пана *
і вельмі любіць Ягоныя запаведзі.
2. Моцным будзе ягонае патомства на зямлі, *
пакаленне праведных будзе благаслаўлёным.

Рэфрэн:

3. Дастатак і багацце ў ягоным доме, *
і справядлівасць ягоная трывае навекі.
4. Узыходзіць у цемры як святло для праведных *
ласкавы, міласэрны і справядлівы.

Рэфрэн:

5. Шчаслівы чалавек, які міласэрны і пазычае, *
які справядліва вядзе свае справы.
6. Ён не пахіснецца ніколі, *
у вечнай памяці будзе справядлівы.

Рэфрэн:

СПЕЎ ПЕРАД ЕВАНГЕЛЛЕМ Ян 15, 15b

Акламацыя: Аллелюя, аллелюя, аллелюя.

Я назваў вас сябрамі, – кажа Пан, –
бо ўсё, што чуў ад Айца Майго, Я сказаў вам.

Акламацыя: Аллелюя, аллелюя, аллелюя.

ЕВАНГЕЛЛЕ Мк 8, 34 – 9, 1
Хто згубіць жыццё сваё дзеля Мяне і Евангелля, той уратуе яго

+ Чытанне святога Евангелля паводле Марка.

У той час:

Езус, паклікаўшы натоўп разам з вучнямі сваімі, сказаў ім: Калі хто хоча ісці за Мною, няхай адрачэцца ад сябе, возьме крыж свой і ідзе за мною. Бо той, хто хоча жыццё сваё ўратаваць, загубіць яго, а хто згубіць жыццё сваё дзеля Мяне і Евангелля, той уратуе яго.

Бо якая карысць чалавеку, калі ён здабудзе ўвесь свет, а жыццё сваё згубіць? Бо што дасць чалавек узамен за сваё жыццё?

Хто будзе саромецца Мяне і Маіх слоў перад гэтым няверным і грэшным пакаленнем, таго пасаромеецца і Сын Чалавечы, калі прыйдзе ў славе Айца свайго з Анёламі святымі.

І сказаў ім: Сапраўды кажу вам: некаторыя з тых, хто тут стаіць, не спазнае смерці, пакуль не ўбачыць валадарства Божага, якое прыйдзе ў моцы.

Гэта слова Пана.

Паводле catholic.by


Разважанне да Евангелля: Адрачыся ад сябе

Адмовіцца ад сябе і адрачыся таго, што здаецца нам важным, ніколі не з’яўляецца простым. Аднак Езус не заклікае нас да адрачэння, якое звязанае са згубай нашай тоеснасці. Навошта гэта робіць? Езус заклікае нас да выйсця з эгаізму, у якім мы зачыненыя, да рэалізацыі паклікання, якое заклаў у кожным з нас. Ён аддаў сваё жыццё за нас усіх, за кожнага з нас асобна, такім чынам Ён аказаў нам сваю бязмежную любоў. Гэта яна заклікае нас наследваць Яго ўсюды там, дзе мы ёсць. Калі мы аб’яднаем у нас саміх уласную любоў з любоўю да бліжніх, будзем на добрай дорозе наследвання Езуса. Адрачыся ад сябе – гэта не азначае запярэчыць сваёй тоеснасці, якая ёсць Божым дарам. Адрачыся ад сябе – азначае адкрыцца на іншых так, як Езус адкрыўся на кожнага з нас, “адрокся” ад сваёй боскасці і стаў чалавекам.

Дух Святы, дапамажы нам адрачыся ад сябе і ўзяць крыж, да якога запрашае нас Езус. Няхай ён стане крыніцай нашай моцы і зробіць нас здольнымі любіць бліжніх.

Разважанні а. Даніэля Стабрылы OSB і а. Міхала Легана OSPPE, “Евангелле 2017”
Пераклад разважання: Кацярына Дурко

Меткі: Пятніца, Слова Божае, Лекцыянарый, Разважанні

Друкаваць