Сакрыстыя працуе: 8:00 – 20:00 Тэл.: 8 017 365-44-15

Пошта: chyrvony@tut.by Мы ў сацыяльных сетках:         

Серада — шосты звычайны тыдзень, год ІI

ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ Як 1, 19-27
Будзьце ж выканаўцамі слова, а не толькі слухачамі

Чытанне Паслання святога апостала Якуба.

Ведайце, мае ўмілаваныя браты: няхай кожны чалавек слухае з ахвотай, але не будзе ахвочы да размоў, не будзе ахвочы да гневу. Бо чалавечы гнеў не здзяйсняе справядлівасці Божай. Таму адкіньце ўсялякую нячыстасць і празмерную злосць і прыміце з пакораю пасаджанае ў вас слова, якое можа збавіць вашыя душы. Будзьце ж выканаўцамі слова, а не толькі слухачамі, якія падманваюць саміх сябе. Бо той, хто слухае слова, а не выконвае яго, падобны да чалавека, які разглядае сваё натуральнае аблічча ў люстэрку. Ён прыгледзеўся да сябе, адышоў і адразу забыўся, якім быў. Аднак той, хто пранікае ў дасканалы закон свабоды і трывае ў ім не як забыўлівы слухач, але як чынны выканаўца, той шчаслівы будзе ў тым, што робіць.

Калі хто лічыць сябе пабожным, не ўтаймоўваючы свайго языка, але зводзячы сваё сэрца, то марная пабожнасць ягоная. Чыстая і беззаганная пабожнасць перад Богам і Айцом гэта тое, каб наведваць сірот і ўдоваў у нядолі іхняй і захоўваць сябе незаплямленым светам.

Гэта слова Божае.

РЭСПАНСАРЫЙНЫ ПСАЛЬМ Пс 15 (14), 2-3ab. 3c-4ab. 5 (Р.: 1b)

Рэфрэн: Пане, хто можа жыць у Тваім шатры.

2. Той, хто паступае беззаганна і здзяйсняе справядлівасць, *
і гаворыць праўду ў сэрцы сваім.
3. Хто языком сваім не абмаўляе, *
не чыніць бліжняму свайму зла.

Рэфрэн:

Хто не ўзводзіць паклёп *
на свайго суседа,
4. хто з пагардаю глядзіць на злога, *
але хваліць тых, хто баіцца Пана.

Рэфрэн:

5. Хто срэбра сваё не дае на ліхвярства *
і не прымае подкупу супраць нявіннага.
Хто так чыніць, *
не пахіснецца ніколі.

Рэфрэн:

СПЕЎ ПЕРАД ЕВАНГЕЛЛЕМ пар. Эф 1, 17–18

Акламацыя: Аллелюя, аллелюя, аллелюя.

Няхай Айцец нашага Пана Езуса Хрыста,
асветліць вочы сэрца нашага,
каб мы ведалі, у чым надзея паклікання нашага.

Акламацыя: Аллелюя, аллелюя, аллелюя.

ЕВАНГЕЛЛЕ Мк 8, 22–26
Выздаравеў і пачаў бачыць усё выразна

+ Чытанне святога Евангелля паводле Марка.

У той час:

Езус і вучні прыйшлі ў Бэтсаіду. І прывялі да Яго сляпога і прасілі, каб Ён дакрануўся да яго. Ён узяў сляпога за руку і вывеў яго за вёску, паслініў яму вочы, усклаў на яго рукі і спытаўся ў яго: Ці бачыш што-небудзь? Той паглядзеў і сказаў: Бачу людзей, таму што бачу, як нібы дрэвы ходзяць. Потым зноў усклаў рукі на яго вочы, і той стаў відушчым, і выздаравеў, і пачаў бачыць усё выразна.

Езус адаслаў яго дадому, кажучы: Не ўваходзь у гэтую вёску.

Гэта слова Пана.

Паводле catholic.by


Разважанне да Евангелля: Адкрый нашыя вочы!

Сляпы з Евангелля ўсведамляў сваё калецтва. Затое мы, хоць вельмі часта даўно згубілі духоўны зрок, усё яшчэ перакананыя, што бачым і нават не звяртаемся да Езуса, каб нас аздаравіў. Можа ў нашым жыцці не хапае людзей, якія прывядуць нас да Езуса, як гэта адбылося ў выпадку са сляпым з Евангелля. Хоць ён сам не прасіў яго аздаравіць, але ад яго імя гэта зрабілі тыя, для каго гэта было важна. Калі мы дазволім Богу адкрыць вочы нашага сэрца, не будзем жа забываць, што кожны патрабуе такога абуджэння, і станем тымі, хто прыводзіць людзей да Езуса.

Езу, добры Лекар, Ты вяртаеш зрок сляпым. Вывядзі нас з цемры, у якой мы прабываем, і дазволь нам распазнаць Тваё святло.

Разважанні а. Даніэля Стабрылы OSB і а. Міхала Легана OSPPE, “Евангелле 2017”
Пераклад разважання: Кацярына Дурко

 

Меткі: Серада, Слова Божае, Лекцыянарый, Разважанні

Друкаваць