Сакрыстыя працуе: 8:00 – 20:00 Тэл.: 8 017 365-44-15

Пошта: chyrvony@tut.by Мы ў сацыяльных сетках:         

Чацвер — дваццаць чацвёрты звычайны тыдзенью, Год ІI

ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ 1 Кар 15, 1-11
Мы так прапаведуем, а вы так паверылі

Чытанне Першага паслання святога апостала Паўла да Карынцянаў.

Нагадваю вам, браты, Евангелле, якое я абвяшчаў вам і якое вы прынялі, і ў якім трываеце, і праз якое таксама збавіцеся, калі цвёрда захаваеце тое слова, што я абвясціў вам. Калі толькі не дарма паверылі.

Бо спачатку я перадаў вам тое, што і сам прыняў: што Хрыстус памёр за нашыя грахі паводле Пісання, што Ён быў пахаваны і ўваскрос на трэці дзень паводле Пісання, і што з’явіўся Кіфе, а потым – Дванаццаці. Пасля з’явіўся больш чым пяцістам братам адначасова, большасць з якіх жыве дагэтуль, а некаторыя спачылі. Потым з’явіўся Якубу, потым – усім Апосталам. Пазней за ўсіх з’явіўся і мне, як неданошанаму плоду.

Бо я найменшы з Апосталаў і не варты называцца Апосталам, паколькі пераследаваў Касцёл Божы. Але з ласкі Божай я стаў тым, чым ёсць, і ласка Ягоная, дазеная мне, не была дарэмнаю. Наадварот, я працаваў больш за ўсіх іх, ды і не я, а ласка Божая, што са мною.

Таму ці я, ці яны, мы так прапаведуем, а вы так паверылі.

Гэта слова Божае.

РЭСПАНСАРЫЙНЫ ПСАЛЬМ Пс 118 (117), 1-2. 16-17. 28 (Р.: 1)

Рэфрэн: Хваліце Пана, бо навекі Яго міласэрнасць.

1. Хваліце Пана, бо Ён добры, *
бо навекі Яго міласэрнасць.
2. Няхай скажа Ізраэль: *
Навекі міласэрнасць Ягоная.

Рэфрэн:

16. Правіца Пана ўзнялася высока, *
правіца Пана праявіла сілу!
17. Не памру, але жыць буду *
і абвяшчаць справы Пана.

Рэфрэн:

28. Ты – мой Бог, *
буду славіць Цябе;
Божа мой, *
буду ўзвялічваць Цябе.

Рэфрэн:

СПЕЎ ПЕРАД ЕВАНГЕЛЛЕМ Мц 11, 28

Акламацыя: Аллелюя, аллелюя, аллелюя.

Прыйдзіце да Мяне, усе спрацаваныя і абцяжараныя,
і Я супакою вас, – кажа Пан.

Акламацыя: Аллелюя, аллелюя, аллелюя.

ЕВАНГЕЛЛЕ Лк 7, 36-50
Даруюцца ёй грахі многія за тое, што яна вельмі палюбіла

+ Чытанне святога Евангелля паводле Лукі.

У той час:

Адзін з фарысеяў запрасіў Езуса паесці з ім. І ўвайшоўшы ў дом фарысея, Ён узлёг за сталом. І вось, жанчына, якая была грэшніцай у горадзе, даведаўшыся, што Ён узлёг за сталом у доме фарысея, прынесла алебастравы флакон пахучага алею і, стоячы ззаду каля ног Ягоных і плачучы, пачала абліваць ногі Ягоныя слязьмі і валасамі сваёй галавы выцірала і цалавала ногі Яму, і намашчвала пахучым алеем.

Убачыўшы гэта, фарысей, які запрасіў Яго, сказаў сам сабе: Калі б Ён быў прарокам, то ведаў бы, хто гэта жанчына, якая дакранаецца да Яго, што яна грэшніца.

І Езус сказаў яму ў адказ: Сымон, Я хачу нешта сказаць табе.

Ён жа кажа: Скажы, Настаўнік.

У аднаго крэдытора былі два даўжнікі. Адзін вінен быў пяцьсот дынараў, а другі – пяцьдзесят. Паколькі не мелі чым заплаціць, ён дараваў абодвум. Дык хто з іх больш палюбіць яго?

Сымон адказаў: Думаю, той, каму больш даравана.

Ён сказаў яму: Ты правільна разважыў.

І, павярнуўшыся да жанчыны, сказаў Сымону: Бачыш гэтую жанчыну? Я прыйшоў у твой дом, і ты не даў Мне вады для ног, а яна слязьмі абліла Мае ногі і выцерла сваімі валасамі. Ты пацалунку Мне не даў, а яна з той хвіліны, калі Я прыйшоў, няспынна цалуе Мне ногі. Ты галавы Мне алеем не намасціў, а яна пахучым алеем намасціла Мне ногі. Дзеля гэтага кажу табе: Даруюцца ёй грахі многія за тое, што яна вельмі палюбіла. А каму мала даруецца, той мала любіць.

А ёй сказаў: Даруюцца табе грахі.

І тыя, хто сядзеў за сталом разам з Ім, пачалі казаць самі сабе: Хто Ён такі, што нават грахі даруе?

А Ён сказаў жанчыне: Вера твая ўратавала цябе, ідзі ў спакоі.

Гэта слова Пана.

Паводле catholic.by

Меткі: Чацвер, Слова Божае, Лекцыянарый, Разважанні

Друкаваць