Чацвер — дваццаць чацвёрты звычайны тыдзенью, Год І
ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ 1 Цім 4, 12-16
Зважай на сябе і на навучанне: і самога сябе збавіш, і тых, хто цябе слухае
Чытанне Першага паслання святога апостала Паўла да Цімафея.
Умілаваны:
Няхай ніхто не пагарджае тваёй маладосцю, але стань для верных узорам у слове, паводзінах, любові, веры і беззаганнасці.
Пакуль не прыйду, звяртай увагу на чытанне, заахвочванне і навучанне. Не пераставай клапаціцца аб дары, які ёсць ў табе і які быў дадзены табе праз прароцтва і ўскладанне рук прэзбітэраў. Аб гэтым клапаціся, гэтаму сябе прысвячай, каб твой поступ быў відавочны для ўсіх. Зважай на сябе і на навучанне, трывай у гэтым, бо, робячы так, і самога сябе збавіш, і тых, хто цябе слухае.
Гэта слова Божае.
РЭСПАНСАРЫЙНЫ ПСАЛЬМ Пс 111 (110), 7-8. 9. 10 (Р.: 2а)
Рэфрэн: Вялікія справы Пана.
7. Справы рук Ягоных праўдзівыя і справядлівыя, *
пэўныя ўсе Яго наказы,
8. умацаваныя на вякі вякоў, *
устаноўленыя ў праўдзе і справядлівасці.
Рэфрэн:
9. Ён адкупленне спаслаў *
свайму народу,
навекі ўстанавіў свой запавет. *
Ягонае імя святое і грознае.
Рэфрэн:
10. Пачатак мудрасці – *
гэта боязь Пана;
разважлівыя ўсе, хто так чыніць. *
Хвала Яго будзе трываць вечна.
Рэфрэн:
СПЕЎ ПЕРАД ЕВАНГЕЛЛЕМ Мц 11, 28
Акламацыя: Аллелюя, аллелюя, аллелюя.
Прыйдзіце да Мяне, усе спрацаваныя і абцяжараныя,
і Я супакою вас, – кажа Пан.
Акламацыя: Аллелюя, аллелюя, аллелюя.
ЕВАНГЕЛЛЕ Лк 7, 36-50
Даруюцца ёй грахі многія за тое, што яна вельмі палюбіла
+ Чытанне святога Евангелля паводле Лукі.
У той час:
Адзін з фарысеяў запрасіў Езуса паесці з ім. І ўвайшоўшы ў дом фарысея, Ён узлёг за сталом. І вось, жанчына, якая была грэшніцай у горадзе, даведаўшыся, што Ён узлёг за сталом у доме фарысея, прынесла алебастравы флакон пахучага алею і, стоячы ззаду каля ног Ягоных і плачучы, пачала абліваць ногі Ягоныя слязьмі і валасамі сваёй галавы выцірала і цалавала ногі Яму, і намашчвала пахучым алеем.
Убачыўшы гэта, фарысей, які запрасіў Яго, сказаў сам сабе: Калі б Ён быў прарокам, то ведаў бы, хто гэта жанчына, якая дакранаецца да Яго, што яна грэшніца.
І Езус сказаў яму ў адказ: Сымон, Я хачу нешта сказаць табе.
Ён жа кажа: Скажы, Настаўнік.
У аднаго крэдытора былі два даўжнікі. Адзін вінен быў пяцьсот дынараў, а другі – пяцьдзесят. Паколькі не мелі чым заплаціць, ён дараваў абодвум. Дык хто з іх больш палюбіць яго?
Сымон адказаў: Думаю, той, каму больш даравана.
Ён сказаў яму: Ты правільна разважыў.
І, павярнуўшыся да жанчыны, сказаў Сымону: Бачыш гэтую жанчыну? Я прыйшоў у твой дом, і ты не даў Мне вады для ног, а яна слязьмі абліла Мае ногі і выцерла сваімі валасамі. Ты пацалунку Мне не даў, а яна з той хвіліны, калі Я прыйшоў, няспынна цалуе Мне ногі. Ты галавы Мне алеем не намасціў, а яна пахучым алеем намасціла Мне ногі. Дзеля гэтага кажу табе: Даруюцца ёй грахі многія за тое, што яна вельмі палюбіла. А каму мала даруецца, той мала любіць.
А ёй сказаў: Даруюцца табе грахі.
І тыя, хто сядзеў за сталом разам з Ім, пачалі казаць самі сабе: Хто Ён такі, што нават грахі даруе?
А Ён сказаў жанчыне: Вера твая ўратавала цябе, ідзі ў спакоі.
Гэта слова Пана.
Паводле catholic.by
Меткі: Чацвер, Слова Божае, Лекцыянарый, Разважанні