Сакрыстыя працуе: 8:00 – 20:00 Тэл.: 8 017 365-44-15

Пошта: chyrvony@tut.by Мы ў сацыяльных сетках:         

Чацвер — дваццаць трэці звычайны тыдзень, Год І

ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ Клс 3, 12-17
Апраніцеся ў любоў, якая ёсць повяззю дасканаласці

Чытанне Паслання святога апостала Паўла да Каласянаў.

Браты:

Апраніцеся ж як выбранцы Божыя, святыя і ўмілаваныя, у шчырую міласэрнасць, дабрыню, пакору, лагоднасць, доўгацярплівасць, церпячы адно аднаго і даруючы сабе ўзаемна, калі хто на каго мае крыўду; як Пан дараваў вам, так і вы.

А па-над усім гэтым апраніцеся ў любоў, якая ёсць повяззю дасканаласці. І няхай валадарыць у сэрцах вашых спакой Хрыстовы, да якога вы пакліканыя ў адным целе. І будзьце ўдзячнымі.

Слова Хрыста няхай жыве ў вас ва ўсёй паўнаце, з усёй мудрасцю навучайце і настаўляйце адно аднаго псальмамі, гімнамі і духоўнымі песнямі, з удзячнасцю спяваючы ў сэрцах вашых Богу. І ўсё, што б вы ні рабілі словам ці ўчынкам, усё рабіце ў імя Пана Езуса, дзякуючы праз Яго Богу Айцу.

Гэта слова Божае.

РЭСПАНСАРЫЙНЫ ПСАЛЬМ Пс 150, 1-2. 3-4. 5-6 (Р.: 6)

Рэфрэн: Усё, што дыхае, няхай хваліць Пана.
Або: Аллелюя.

1. Хваліце Бога ў Яго святыні, *
хваліце Яго на небасхіле моцы Ягонай.
2. Хваліце Яго за Яго магутныя справы, *
хваліце Яго за бязмежную Яго веліч.

Рэфрэн:

3. Хваліце Яго гукам трубы, *
хваліце Яго на арфе і гуслях.
4. Хваліце Яго бубнам і танцам, *
хваліце Яго на струнах і флейце.

Рэфрэн:

5. Хваліце Яго на мілагучных цымбалах, *
хваліце Яго на цымбалах звонкіх.
6. Усё, што дыхае, *
няхай хваліць Пана.

Рэфрэн:

СПЕЎ ПЕРАД ЕВАНГЕЛЛЕМ 1 Ян 4, 12

Акламацыя: Аллелюя, аллелюя, аллелюя.

Калі любім адзін аднаго, то Бог жыве ў нас,
і любоў Ягоная ў нас дасканалая.

Акламацыя: Аллелюя, аллелюя, аллелюя.

ЕВАНГЕЛЛЕ Лк 6, 27–38
Будзьце міласэрнымі, як і Айцец ваш міласэрны

+ Чытанне святога Евангелля паводле Лукі.

У той час:

Езус сказаў сваім вучням: Кажу вам, хто слухае: любіце ворагаў вашых, дабро рабіце тым, хто вас ненавідзіць. Благаслаўляйце тых, хто вас праклінае, маліцеся за тых, хто вас крыўдзіць. Таму, хто ўдарыў цябе па шчацэ, падстаў і другую; і таму, хто адбірае ў цябе плашч, не забараняй узяць і кашулю. Кожнаму, хто просіць у цябе, давай, і ад таго, хто ўзяў тваё, не дамагайся звароту. Рабіце людзям так, як хочаце, каб яны вам рабілі.

Бо калі любіце тых, хто любіць вас, якая вам за гэта падзяка? Бо грэшнікі таксама любяць тых, хто іх любіць. І калі чыніце дабро тым, хто вам чыніць дабро, якая вам за тое падзяка? І грэшнікі робяць тое самае. І калі пазычаеце тым, ад каго спадзяецеся атрымаць назад, якая вам за тое падзяка? Бо і грэшнікі пазычаюць грэшнікам, каб атрымаць столькі ж.

Але вы любіце ворагаў вашых, і чыніце дабро, і пазычайце, не чакаючы нічога ўзамен, і будзе ўзнагарода вашая вялікая, і будзеце сынамі Найвышэйшага, бо Ён ласкавы да няўдзячных і да злых. Будзьце міласэрнымі, як і Айцец ваш міласэрны. Не судзіце, і не будуць судзіць вас; не асуджайце, і не будуць асуджаць вас; прабачайце, і прабачаць вам.

Давайце, і будзе дадзена вам: меру добрую, уціснутую, утрэсеную і з верхам адсыплюць вам у падол ваш. Бо якою мераю мераеце, такой і вам будзе адмерана.

Гэта слова Пана.

Паводле  catholic.by

Меткі: Чацвер, Слова Божае, Лекцыянарый, Разважанні

Друкаваць