ІIІ Звычайная нядзеля, Год C
ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ Нм 8, 2–4а. 5–6. 8–10
Чыталі кнігу Закону і раскрывалі сэнс
Чытанне кнігі Нээміі.
У тыя дні:
Прынёс святар Эздра кнігу Майсеевага Закону ў першы дзень сёмага месяца на сход мужчын і жанчын, і ўсіх, хто мог разумець. І чытаў яго на плошчы, што перад Воднаю брамай, ад світання да сярэдзіны дня перад мужчынамі і жанчынамі, і тымі, хто мог разумець; і вушы ўсяго народа былі ўважлівыя да кнігі Закону. Стаяў жа кніжнік Эздра на зробленым драўляным узвышэнні.
І разгарнуў Эздра кнігу перад вачыма ўсяго народа, а стаяў ён вышэй за народ. І, калі разгарнуў яе, увесь народ устаў. Благаславіў Эздра Вялікага Пана Бога, а ўвесь народ адказаў: Амэн, амэн, – падымаючы рукі свае. І кланяліся, і падалі на калені, тварам на зямлю, перад Панам.
І чыталі кнігу Закону Божага выразна, і тлумачылі, і раскрывалі сэнс, і рабілі зразумелым тое, што чыталася.
Тады намеснік Нээмія і Эздра, кніжнік і святар, і левіты, якія вучылі народ, сказалі ўсяму народу: Дзень гэты святы для Пана Бога нашага. Не смуткуйце і не плачце. Бо ўвесь народ плакаў, слухаючы словы Закону.
І сказаў ім Нээмія: Ідзіце, ешце тлустае і піце салодкае, і пасылайце часткі тым, хто не прыгатаваў сабе, таму што святы гэты дзень для Пана нашага. І не смуткуйце, бо радасць Пана – гэта моц вашая.
Гэта слова Божае.
РЭСПАНСАРЫЙНЫ ПСАЛЬМ Пс 19 (18), 8. 9. 10. 15 (Р.: пар. Ян 6, 63с)
Рэфрэн: Словы Твае, Пане, даюць жыццё вечнае.
8. Закон Пана дасканалы, *
умацоўвае душу,
сведчанне Пана вернае, *
яно дае мудрасць простым.
Рэфрэн:
9. Загады Пана справядлівыя *
і радуюць сэрца;
наказ Пана ясны, *
прасвятляе вочы.
Рэфрэн:
10. Боязь Божая беззаганная *
і вечна трывае;
прысуды Пана праўдзівыя *
і ўсе справядлівыя.
Рэфрэн:
15. Няхай словы маіх вуснаў *
і думкі майго сэрца
будуць даспадобы Табе, Пане, *
мая скала і мой Адкупіцель.
Рэфрэн:
ДРУГОЕ ЧЫТАННЕ 1 Кар 12, 12–14. 27
Вы ж – цела Хрыстовае, а паасобку – часткі
Чытанне Першага паслання святога апостала Паўла да Карынцянаў.
Браты:
Як цела адно, але мае шмат частак, якія, хоць іх шмат, складаюць адно цела, так і Хрыстус. Бо ўсе мы адным Духам ахрышчаныя ў адно цела, юдэі ці грэкі, нявольнікі ці свабодныя, і ўсе напоены адным Духам.
Цела – гэта не адна частка, але шмат. Вы ж – цела Хрыстовае, а паасобку – часткі.
Гэта слова Божае.
СПЕЎ ПЕРАД ЕВАНГЕЛЛЕМ Лк 4, 18
Акламацыя: Аллелюя, аллелюя, аллелюя.
Пан намасціў Мяне абвяшчаць добрую навіну ўбогім,
паслаў Мяне абвяшчаць вызваленне палонным.
Акламацыя: Аллелюя, аллелюя, аллелюя.
ЕВАНГЕЛЛЕ Лк 1, 1-4; 4, 14-21
Сёння споўніліся гэтыя словы Пісання
+ Чытанне святога Евангелля паводле Лукі.
Паколькі многія браліся скласці апавяданне пра падзеі, якія адбыліся сярод нас, як перадалі нам тыя, хто ад пачатку быў відавочцам і слугою слова, вырашыў і я дакладна прайсціся па ўсім ад пачатку і апісаць табе ўсё па парадку, найшаноўнейшы Тэафіле, каб ты пазнаў праўдзівасць таго, чаму ты быў навучаны.
У той час:
Езус вярнуўся ў моцы Духа ў Галілею і разышліся чуткі пра Яго па ўсёй ваколіцы. Ён навучаў ва ўсіх сінагогах, і ўсе Яго славілі.
І прыйшоў Ён у Назарэт, дзе быў выхаваны, і ўвайшоў паводле свайго звычаю ў дзень суботні ў сінагогу, і ўстаў, каб чытаць. Яму падалі кнігу прарока Ісаі. Ён, разгарнуўшы кнігу, трапіў на месца, дзе было напісана:
Дух Пана на Мне;
бо Ён намасціў Мяне
абвяшчаць добрую навіну ўбогім,
паслаў Мяне абвяшчаць вызваленне палонным,
і сляпым вяртаць зрок,
каб выпусціць спакутаваных на свабоду,
каб абвясціць год ласкі Пана.
Закрыўшы кнігу, Ён аддаў яе слузе і сеў. А вочы ўсіх у сінагозе былі скіраваныя на Яго. І Ён пачаў гаварыць ім: Сёння споўніліся гэтыя словы Пісання, якія вы чулі.
Гэта слова Пана.
Паводле catholic.by
Меткі: Нядзеля, Слова Божае, Лекцыянарый, Разважанні