13 студзеня – Свята Хросту Пана (Год С)
ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ Іс 40, 1-5. 9-11
З’явіцца слава Пана, і ўбачыць яе кожнае цела
Чытанне Кнігі прарока Ісаі.
Суцешце, суцешце народ Мой! –
кажа ваш Бог.
Прамаўляйце да сэрца Ерузалема
і абвяшчайце яму,
што скончыўся час барацьбы ягонай,
што адплочаны беззаконні ягоныя,
бо атрымаў ён з рукі Пана
ўдвая за ўсе свае грахі.
Голас таго, хто кліча ў пустыні:
падрыхтуйце дарогу Пану,
раўняйце ў стэпе шлях нашаму Богу!
Кожная даліна ўзвысіцца,
кожная гара і пагорак панізяцца,
і выбоістыя дарогі стануць раўнінай,
і ланцугі гор – далінаю.
І з’явіцца слава Пана,
і адначасова ўбачыць яе кожнае цела,
бо так сказалі вусны Пана.
Узыйдзі на высокую гару, Сіён,
які нясеш добрыя весткі!
Зрабі моцным голас свой, Ерузалем,
які нясеш добрыя весткі!
Зрабі моцным голас свой, не бойся!
Скажы гарадам юдэйскім:
Вось Бог ваш!
Вось Пан Бог прыходзіць з моцаю,
і плячо Ягонае, што мае ўладу.
Вось узнагарода Ягоная з Ім,
і адплата Ягоная перад Яго абліччам.
Як пастыр, Ён будзе пасвіць статак свой;
ягнятаў будзе браць на рукі
і насіць на грудзях сваіх,
з клопатам будзе вадзіць кормячых авечак.
Гэта слова Божае.
РЭСПАНСАРЫЙНЫ ПСАЛЬМ Пс 104(103), 1b-2. 3-4. 24-25.27-28.29-30 (Р.: 1)
Рэфрэн: Благаславі, душа мая, Пана.
1. Пане, Божа мой, Ты вельмі вялікі. *
Ты апрануўся ў веліч і красу,
2. Ты ахінуўся святлом, быццам шатай. *
Нябёсы распасцёр, як палотны шатра.
Рэфрэн:
3. Шатры свае Ты паставіў над водамі. *
Робіш хмары сваёй калясніцай.
4. Ты ходзіш на крылах вятроў, +
чыніш вятры сваімі пасланцамі, *
а слуга Твой – палаючы агонь.
Рэфрэн:
24. Незлічоныя, Пане, Твае справы. *
Усё Ты мудра стварыў, зямля напоўнілася Тваімі стварэннямі.
25. Вось распасцёрлася шырокае і вялікае мора, *
у ім безліч паўзуноў, жывёлаў малых і вялікіх.
Рэфрэн:
27. Усе яны чакаюць, што Ты дасі ім есці ў свой час. *
28. Калі даеш ім, яны падбіраюць,
Калі раскрываеш руку сваю, *
яны насычаюцца дабром.
Рэфрэн:
29. Яны палохаюцца, калі Ты хаваеш аблічча сваё. *
Ты забіраеш іхні дух, і яны гінуць, і вяртаюцца ў свой пыл.
30. Ты пасылаеш свайго Духа і паўстаюць яны, *
і Ты аднаўляеш аблічча зямлі.
Рэфрэн:
ДРУГОЕ ЧЫТАННЕ Ціт 2, 11-14; 3, 4-7
Збавіў нас праз купель адраджэння і аднаўлення Святым Духам
Чытанне Паслання святога апостала Паўла да Ціта.
Умілаваныя:
З’явілася ласка Божая, збаўчая для ўсіх людзей, якая вучыць нас, каб мы, адрокшыся ад бязбожнасці і пажадлівасці свету, жылі ў цяперашнім жыцці разважліва, справядліва і пабожна, чакаючы шчаслівай надзеі і аб’яўлення хвалы вялікага Бога і Збаўцы нашага Езуса Хрыста, які аддаў самога сябе за нас, каб адкупіць ад усялякага беззаконня і ачысціць для сябе народ выбраны, руплівы ў добрых учынках.
Калі ж аб’явілася дабрыня і чалавекалюбства Бога, Збаўцы нашага, Ён не дзеля ўчынкаў справядлівасці, якія мы ўчынілі, але паводле міласэрнасці сваёй збавіў нас праз купель адраджэння і аднаўлення Святым Духам, якога шчодра выліў на нас праз Езуса Хрыста, Збаўцу нашага, каб, апраўданыя Ягонай ласкаю, мы сталі паводле надзеі спадкаемцамі вечнага жыцця.
Гэта слова Божае.
СПЕЎ ПЕРАД ЕВАНГЕЛЛЕМ пар. Лк 3, 16
Акламацыя: Аллелюя, аллелюя, аллелюя.
Ідзе мацнейшы за мяне, гаворыць Ян; *
Ён будзе хрысціць вас Духам Святым і агнём.
Акламацыя: Аллелюя, аллелюя, аллелюя.
ЕВАНГЕЛЛЕ Лк 3, 15-16. 21-22
Калі Езус, атрымаўшы хрост, маліўся, раскрылася неба
+ Чытанне святога Евангелля паводле Лукі.
У той час:
Калі народ чакаў і калі ўсе разважалі ў сэрцах сваіх пра Яна, ці не Хрыстус ён, Ян адказаў усім: Я хрышчу вас вадою, але ідзе мацнейшы за мяне, якому я не варты развязаць раменьчык на сандалях Яго. Ён будзе хрысціць вас Духам Святым і агнём.
І сталася, калі хрысціўся ўвесь народ, і калі Езус, атрымаўшы хрост, маліўся, раскрылася неба, і Дух Святы ў цялесным выглядзе, як голуб, сышоў на Яго, і быў голас з неба, які прамовіў:
Ты Сын Мой умілаваны,
Цябе ўпадабаў Я.
Гэта слова Пана.
Паводле catholic.by
Меткі: Божае Нараджэнне, Урачыстасць, Лекцыянарый, Разважанні