Чацвер — трыццаць трэці звычайны тыдзень, Год ІІ
ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ Ап 5, 1–10
Ягнец забіты сваёю крывёю адкупіў нас з кожнага племені
Чытанне кнігі Апакаліпсіса святога апостала Яна.
Я, Ян, бачыў у правіцы таго, хто сядзіць на троне, кнігу, запісаную ўнутры і звонку, запячатаную сямю пячаткамі. І бачыў я магутнага Анёла, які абвяшчаў гучным голасам: Хто годны разгарнуць гэтую кнігу і зняць пячаткі з яе? І ніхто не мог ні на небе, ні на зямлі, ні пад зямлёю разгарнуць гэтую кнігу, ні зазірнуць у яе. І я моцна плакаў таму, што не знайшлося годнага, каб адкрыць кнігу і зазірнуць у яе.
Тады адзін са старцаў сказаў мне: Не плач, вось леў з племені Юды, корань Давіда, перамог, каб разгарнуць гэтую кнігу і зняць сем пячатак яе. І я ўбачыў, што пасярод трона, і чатырох жывых істотаў, і сярод старцаў стаяў Ягнец нібы забіты, і меў сем рагоў і сем вачэй, якія ёсць сямю Божымі духамі, спасланымі на ўсю зямлю.
І прыйшоў Ягнец, і ўзяў кнігу з правіцы таго, хто сядзеў на троне. І калі Ён узяў кнігу, тады чатыры жывыя істоты і дваццаць чатыры старцы ўпалі перад Ягнём, маючы кожны гуслі і залатыя чары, поўныя кадзіла, якое ёсць малітвай святых. І спяваюць яны новую песню, кажучы:
Ты годны ўзяць кнігу і зняць з яе пячаткі,
бо Ты быў забіты,
і сваёй Крывёю Ты адкупіў нас для Бога
з кожнага роду і мовы, і племені, і народа,
і зрабіў нас валадарствам і святарамі для Бога нашага,
і мы будзем валадарыць на зямлі.
Гэта слова Божае.
РЭСПАНСАРЫЙНЫ ПСАЛЬМ Пс 149, 1–2. 3–4. 5–6а і 9b (Р.: Ап 5, 10)
Рэфрэн: Ты зрабіў нас валадарствам для нашага Бога.
Або: Аллелюя.
1. Спявайце Пану новую песню, *
хвала Яму на сходзе святых.
2. Няхай радуецца Ізраэль у тым, хто яго стварыў, *
сыны Сіёну няхай цешацца ў сваім Валадары.
Рэфрэн:
3. Няхай праслаўляюць імя Ягонае ў танцы, *
няхай зайграюць Яму на бубне і гарфе.
4. Бо Пан любіць свой народ, *
пакорных карануе збаўленнем.
Рэфрэн:
5. Няхай усклікаюць святыя ў славе, *
няхай радуюцца на ложах сваіх.
6. Пахвалы Богу на іх вуснах. *
9. Гэтая хвала для ўсіх Ягоных святых.
Рэфрэн:
СПЕЎ ПЕРАД ЕВАНГЕЛЛЕМ пар. Пс 95 (94), 8аb
Акламацыя: Аллелюя, аллелюя, аллелюя.
Не рабіце сёння жорсткімі сэрцы вашыя,
але слухайце голас Пана.
Акламацыя: Аллелюя, аллелюя, аллелюя.
ЕВАНГЕЛЛЕ Лк 19, 41–44
Калі б і ты пазнаў, што служыць для спакою твайго
+ Чытанне святога Евангелля паводле Лукі.
У той час:
Калі Езус наблізіўся да Ерузалема і ўбачыў яго, заплакаў над ім і сказаў: О, калі б і ты ў гэты дзень пазнаў, што служыць для спакою твайго. Але цяпер гэта схавана ад вачэй тваіх. Бо прыйдуць да цябе такія дні, калі ворагі твае абкапаюць цябе валам, і акружаць цябе, і сціснуць з кожнага боку. І зраўнаюць з зямлёю цябе і дзяцей тваіх з табою, і не пакінуць каменя на камені за тое, што ты не пазнаў часу адведзінаў сваіх.
Гэта слова Пана.
Паводле catholic.by
Меткі: Чацвер, Слова Божае, Лекцыянарый, Разважанні