Сакрыстыя працуе: 8:00 – 20:00 Тэл.: 8 017 365-44-15

Пошта: chyrvony@tut.by Мы ў сацыяльных сетках:         

Чацвер — трыццаты звычайны тыдзень, Год ІІ

ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ Эф 6, 10–20
Прыміце зброю Божую, каб вы маглі, усё адолеўшы, выстаяць

Чытанне Паслання святога апостала Паўла да Эфесцаў.

Нарэшце, браты, мацуйцеся ў Пану магутнасцю сілы Ягонай. Апраніцеся ва ўсю зброю Божую, каб вы маглі супрацьстаяць ашуканствам д’ябла. Бо нашая барацьба не супраць крыві і цела, але супраць Панаванняў, супраць Уладаў, супраць гаспадароў цемры свету гэтага, супраць нябесных духаў злосці.

Дзеля гэтага прыміце ўсю зброю Божую, каб вы маглі супрацьстаяць у дзень ліхі і, усё адолеўшы, выстаяць.

Таму станьце, падперазаўшы сцёгны свае праўдаю, і апрануўшыся ў панцыр справядлівасці, і абуўшы ногі ў гатовасць дабравесціць спакой. А разам з усім вазьміце шчыт веры, якім зможаце пагасіць усе распаленыя стрэлы злога. І шлем збаўлення вазьміце, і меч духоўны, якім ёсць слова Божае.

Ва ўсялякай малітве і просьбе маліцеся ў Духу пры кожнай нагодзе. А дзеля гэтага дбайце з усёй стараннасцю і маліцеся за ўсіх святых і за мяне, каб мне дадзена было слова, і я мог адкрыць вусны свае, і адважна абвяшчаць таямніцу Евангелля, дзеля якога я стаў пасланнікам ў кайданах, каб смела прапаведаваў яго, як і належыць.

Гэта слова Божае.

РЭСПАНСАРЫЙНЫ ПСАЛЬМ Пс 144 (143), 1. 2. 9–10 (Р.: 1а)

Рэфрэн: Благаслаўлёны Пан, мая цвярдыня.

3. Благаслаўлёны Пан, *
мая цвярдыня,
Ён рукі мае прывучае да змагання, *
а пальцы мае — да вайны.

Рэфрэн:

4. Ён — міласэрнасць мая і цвярдыня, *
прыбежышча маё і мой Збаўца.
Ён шчыт мой, я на Яго спадзяюся, *
Ён робіць мой народ падданым мне.

Рэфрэн:

9. Божа, новую песню Табе заспяваю, *
на дзесяціструннай арфе заспяваю Табе.
10. Ты даеш перамогу каралям, *
Ты ўратаваў слугу свайго Давіда ад мяча ліхога.

Рэфрэн:

СПЕЎ ПЕРАД ЕВАНГЕЛЛЕМ пар. Лк 19, 38; 2, 14

Акламацыя: Аллелюя, аллелюя, аллелюя.

Благаслаўлёны Кароль, які ідзе ў імя Пана;
спакой у небе і хвала на вышынях!

Акламацыя: Аллелюя, аллелюя, аллелюя.

ЕВАНГЕЛЛЕ Лк 13, 31–35
Немагчыма, каб прарок загінуў па-за Ерузалемам

+ Чытанне святога Евангелля паводле Лукі.

У той дзень прыйшлі некаторыя з фарысеяў і казалі Езусу: Ідзі адгэтуль, бо Ірад хоча забіць Цябе.

І сказаў ім: Ідзіце, скажыце гэтаму лісу: вось выганяю злых духаў і аздараўляю сёння і заўтра, і на трэці дзень скончу. Аднак мне трэба хадзіць сёння, заўтра і ў наступны дзень, бо немагчыма, каб прарок загінуў па-за Ерузалемам.

Ерузалем, Ерузалем, ты забіваеш прарокаў і камянуеш пасланых да цябе. Колькі разоў Я хацеў сабраць дзяцей тваіх, як птушка сваіх птушанят пад крылы, і вы не хацелі. Вось вам застаецца дом ваш. Бо кажу вам, што не ўбачыце Мяне, пакуль не прыйдзе час, калі скажаце: Благаслаўлёны той, хто ідзе ў імя Пана!

Гэта слова Пана.

Паводле  catholic.by

Меткі: Чацвер, Слова Божае, Лекцыянарый, Разважанні

Друкаваць