Сакрыстыя працуе: 8:00 – 20:00 Тэл.: 8 017 365-44-15

Пошта: chyrvony@tut.by Мы ў сацыяльных сетках:         

Чацвер — дваццаць сёмы звычайны тыдзень, Год ІІ

ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ Гал 3, 1–5
Ці праз учынкі Закону вы атрымалі Духа, ці праз настаўленне ў веры?

Чытанне Паслання святога апостала Паўла да Галатаў.

О, неразумныя галаты, хто зачараваў вас, перад вачыма якіх быў накрэслены вобраз Езуса Хрыста ўкрыжаванага? Толькі пра адно хачу ад вас даведацца: ці праз учынкі паводле Закону вы атрымалі Духа, ці праз паслухмянасць адносна веры? Ці вы такія неразумныя, каб пачатае духам завяршаць цяпер целам? Няўжо марна вы столькі перацярпелі? Можа і сапраўды марна! Ці той, хто дае вам Духа і здзяйсняе між вамі цуды, робіць гэта праз учынкі паводле Закону або праз паслухмянасць адносна веры?

Гэта слова Божае.

РЭСПАНСАРЫЙНЫ ПСАЛЬМ Лк 1, 69–70. 71–72. 73–75 (Р.: пар. 68)

Рэфрэн: Благаслаўлёны Пан, бо народ свой збавіў.

69. Бог узняў моц збаўлення для нас
у доме Давіда, слугі свайго.
70. Як абвясціў спрадвеку
вуснамі сваіх святых прарокаў

Рэфрэн:

71. што збавіць нас ад ворагаў нашых
і ад рук усіх, хто нас ненавідзіць.
72. Каб праявіць міласэрнасць да айцоў нашых
і нагадаць пра святы запавет свой.

Рэфрэн:

73. Прысягу, якую даў Абрагаму, †
айцу нашаму, дасць нам. *
74. Каб, выбаўленыя з рук ворагаў нашых,
мы без страху служылі Яму
75. ў святасці і справядлівасці перад Ім *
ва ўсе дні нашыя.

Рэфрэн:

СПЕЎ ПЕРАД ЕВАНГЕЛЛЕМ Пар. Дз 16, 14b

Акламацыя: Аллелюя, аллелюя, аллелюя.

Адкрый, Пане, сэрца нашае,
каб мы прыслухоўваліся да словаў Твайго Сына.

Акламацыя: Аллелюя, аллелюя, аллелюя.

ЕВАНГЕЛЛЕ Лк 11, 5–13
Прасіце, і будзе дадзена вам

+ Чытанне святога Евангелля паводле Лукі.

У той час:

Езус сказаў сваім вучням: Хтосьці з вас, маючы сябра, пойдзе да яго апоўначы і скажа яму: Дружа, пазыч мне тры боханы, бо сябар мой з дарогі зайшоў да мяне, а ў мяне няма чаго даць яму. А той знутры скажа яму ў адказ: Не турбуй мяне, дзверы ўжо замкнёныя, і дзеці мае на ложку са мною. Не магу ўстаць і даць табе. Кажу вам: калі ён не ўстане і не дасць яму з-за таго, што той сябра ягоны, то з-за настойлівасці ягонай устане і дасць яму, колькі патрабуе.

І Я вам кажу: прасіце, і будзе дадзена вам; шукайце, і знойдзеце; стукайце, і адчыняць вам. Бо кожны, хто просіць, атрымлівае; і хто шукае, знаходзіць; і хто стукае, таму адчыняць.

Калі ў нейкага з вас, бацькі, сын папросіць рыбы, ці той падасць яму замест рыбы змяю? Або, калі папросіць яйка, дасць яму скарпіёна? Калі ж вы, будучы злымі, умееце даваць добрыя дары дзецям вашым, тым больш Айцец Нябесны дасць Духа Святога тым, хто папросіць у Яго.

Гэта слова Пана.

Паводле  catholic.by

Меткі: Чацвер, Слова Божае, Лекцыянарый, Разважанні

Друкаваць