Чацвер — дваццаць шосты звычайны тыдзень, Год ІІ
ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ Ёв 19, 21–27
Я ведаю: Адкупіцель мой жыве
Чытанне кнігі Ёва.
Ёў сказаў:
Злітуйцеся нада мною, сябры мае, злітуйцеся нада мною, бо рука Божая дакранулася да мяне. Чаму пераследуеце мяне, як Бог, і не можаце задаволіцца маім целам? О, каб былі запісаны словы мае! Каб былі змешчаны ў кнізе, каб жалезным разцом з волавам навекі былі выразаныя на камені!
Я ведаю: Адкупіцель мой жыве і ў апошні дзень падымецца над пылам. Нават пасля таго, як скура мая ападзе, я ў целе ўбачу Бога. Убачу Яго сам; вочы мае, а не іншага, убачаць Яго. Маё нутро знемагае ўва мне!
Гэта слова Божае.
РЭСПАНСАРЫЙНЫ ПСАЛЬМ Пс 27 (26), 7–8аb. 8c–9аbc. 13–14 (Р.: 13)
Рэфрэн: Убачу дабрыню Пана ў краіне жывых.
7. Пачуй, Пане, голас мой, калі я клічу, *
змілуйся нада мною і адкажы мне.
8. Пра Цябе кажа маё сэрца: *
шукайце Ягонага аблічча.
Рэфрэн:
Буду шукаць Твайго аблічча, Пане. *
9. Не хавай ад мяне свайго твару.
Слугі свайго не адкідай у гневе; *
Ты — мая дапамога, не адкідай мяне.
Рэфрэн:
13. Веру, што ўбачу дабрыню Пана *
ў краіне жывых.
14. Спадзявайся на Пана, будзь мужным, *
няхай умацуецца сэрца тваё, спадзявайся на Пана.
Рэфрэн:
СПЕЎ ПЕРАД ЕВАНГЕЛЛЕМ Мк 1, 15
Акламацыя: Аллелюя, аллелюя, аллелюя.
Наблізілася Валадарства Божае:
кайцеся і верце ў Евангелле.
Акламацыя: Аллелюя, аллелюя, аллелюя.
ЕВАНГЕЛЛЕ Лк 10, 1–12
На ім спачне ваш спакой
+ Чытанне святога Евангелля паводле Лукі.
У той час:
Прызначыў Пан іншых семдзесят двух вучняў і паслаў іх па двое перад сабою ў кожны горад і месца, куды сам хацеў ісці. І сказаў ім: Жніво сапраўды вялікае, а работнікаў мала, таму прасіце Гаспадара жніва, каб паслаў работнікаў на жніво сваё.
Ідзіце, вось Я пасылаю вас, як ягнят сярод ваўкоў. Не бярыце ні машны, ні торбы, ні сандаляў, і ў дарозе нікога не вітайце. У які дом увойдзеце, спачатку кажыце: Спакой гэтаму дому! І калі будзе там сын спакою, то на ім спачне ваш спакой. Калі ж не, то вернецца да вас. Заставайцеся ў тым доме, ешце і піце, што ў іх ёсць, бо работнік заслугоўвае платы сваёй. Не пераходзьце з дому ў дом.
І калі прыйдзеце ў які горад, і прымуць вас, ешце, што вам пададуць. І аздараўляйце ў ім хворых, і кажыце ім: Наблізілася да вас Валадарства Божае. Калі прыйдзеце ў які горад, і не прымуць вас, то выйдзіце на яго вуліцы і скажыце: Нават пыл горада вашага, які прыліп да ног нашых, атрасаем; аднак ведайце, што наблізілася да вас Валадарства Божае. Кажу вам, што Садоме ў дзень той будзе лепш, чым гораду таму.
Гэта слова Пана.
Паводле catholic.by
Меткі: Чацвер, Слова Божае, Лекцыянарый, Разважанні