1 кастрычніка — успамін св. Тэрэзы ад Дзіцятка Езус, панны і доктара Касцёла
ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ Іс 66, 10–14с
Вось Я скірую да яго спакой, як раку
Чытанне кнігі прарока Ісаі.
Радуйцеся разам з Ерузалемам і весяліцеся ў ім
усе, хто любіць яго.
Радасна весяліцеся разам з ім
усе, хто плакаў над ім,
каб вы насыціліся ўдосталь
ягоным суцяшэннем,
каб вы карміліся і перапаўняліся асалодай
ягонай славы.
Бо так кажа Пан:
Вось Я скірую да яго спакой, як раку,
і хвалу народаў, як паўнаводны паток.
Вас будуць карміць і насіць на руках,
і на каленях будуць песціць вас.
Як кагосьці суцяшае маці,
так Я буду суцяшаць вас,
і атрымаеце суцяшэнне ў Ерузалеме.
Убачыце, і ўсцешыцца вашае сэрца,
і косці вашы расквітнеюць, як трава.
І адкрыецца рука Пана слугам Ягоным.
Гэта слова Божае.
РЭСПАНСАРЫЙНЫ ПСАЛЬМ Пс 131 (130), 1. 2–3
Рэфрэн: Сцеражы душу маю ў Тваім спакоі, Пане.
1. Пане, маё сэрца не ганарыцца *
i не ўзнімаюцца мае вочы,
я не ганяўся за вялiкiм *
і тым, што недасяжна для мяне.
Рэфрэн:
2. Але суцяшаў і супакойваў маю душу; †
як немаўля, аднятае ад грудзей сваёй мацi,*
душа мая ўва мне, як аднятае немаўля.
3. Няхай Iзраэль спадзяецца на Пана *
адгэтуль i навекi.
Рэфрэн:
СПЕЎ ПЕРАД ЕВАНГЕЛЛЕМ пар. Мц 11, 25
Акламацыя: Аллелюя, аллелюя, аллелюя.
Благаслаўлёны Ты, Ойча, Пан неба і зямлі,
што таямніцу Валадарства Ты адкрыў дзецям.
Акламацыя: Аллелюя, аллелюя, аллелюя.
ЕВАНГЕЛЛЕ Мц 18, 1–5
Калі не не станеце як дзеці, не ўвойдзеце ў Валадарства Нябеснае
+ Чытанне святога Евангелля паводле Мацвея.
У тую гадзіну вучні падышлі да Езуса, кажучы: Дык хто ж большы ў Валадарстве Нябесным? Тады Езус паклікаў дзіця і паставіў яго сярод іх, кажучы: Сапраўды кажу вам: калі не навернецеся і не станеце як дзеці, не ўвойдзеце ў Валадарства Нябеснае. Таму кожны, хто прынізіць сябе, як дзіця гэтае, той будзе большым у Валадарстве Нябесным. І калі хто прымае адно такое дзіця ў імя Маё, той Мяне прымае.
Гэта слова Пана.
Паводле catholic.by
Тэрэза ад Дзіцяткі Езуса нарадзілася ў горадзе Алансоне ў Францыі ў добрых і пабожных бацькоў. Страціўшы маці ва ўзросце пяці гадоў, яна цалкам даручыла сябе Божаму провіду пад апекай любячага бацькі і старэйшых сясцёр: з такімі настаўнікамі яна з радасцю, як асілак, пабегла шляхам дасканаласці (пар. Пс 18). У дзевяць гадоў яе паслалі на выхаванне да сясцёр з ордэна святога Бенедыкта ў Лізьё. Ва ўзросце дзесяці гадоў яна доўга пакутавала на невядомую і сур’ёзную хваробу, ад якой яе Божай моцай вызваліла пераможная Багародзіца. Калі, напоўненая анёльскім запалам, яна ўпершыню прыступіла да святой гасціны, здавалася, што яна мае няўтольны голад да гэтага спажытку. Яна хацела ўступіць у ордэн кармелітак босых, аднак у імкненні да законнага жыцця яна сустрэла шмат цяжкасцяў з-за юнага ўзросту. Гэтыя цяжкасці яна адважна перамагла і шчасліва ўступіла ў Кармэль Лізьё ва ўзросце пятнаццаці гадоў. Там яна гарэла выключнай любоўю да Бога і бліжняга. Яна ішла дарогаю духоўнага дзяцінства ў згодзе з вучэннем Евангелля і гэтаму ж вучыла іншых, асабліва навіцыянтак. Распаленая жаданнем цярпення, яна за два гады да смерці прапанавала сябе як ахвяру міласэрнай Божай любові. 30 верасня 1897 года ва ўзросце 24 гадоў яна паспяшалася да нябеснага Жаніха. Вярхоўны Пантыфік Пій ХІ далучыў яе да благаслаўлёных дзеваў, а праз два гады з нагоды вялікага юбілею ўрачыста залічыў яе да святых, прызначыўшы і абвясціўшы асаблівай апякункай усіх місій (з Ютрані Рымскага Брэвіярыя 1961).
Меткі: Слова Божае, Лекцыянарый, Разважанні