Чацвер — дваццаць трэці звычайны тыдзень, Год ІІ
ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ 1 Кар 8, 1b–7. 11–13
Калі вы раніце слабое сумленне братоў, вы грашыце супраць Хрыста
Чытанне Першага паслання святога апостала Паўла да Карынцянаў.
Браты:
Пазнанне робіць ганарыстым, а любоў будуе. Калі камусьці здаецца, што ён спазнаў нешта, ён яшчэ не спазнаў, як трэба спазнаць. Але калі хто любіць Бога, таго Ён спазнаў.
Наконт спажывання ахвяр ідалам мы ведаем, што нічым з’яўляецца ў свеце ідал і што няма бога, апроч Аднаго. Калі і ёсць так званыя багі на небе ці на зямлі, як ёсць шмат багоў і шмат гаспадароў, то ў нас адзін Бог Айцец, ад якога паходзіць усё і мы існуём для Яго. І ёсць адзін Пан Езус Хрыстус, праз якога ўсё, і мы існуём праз Яго.
Але не ва ўсіх гэтае пазнанне. Некаторыя і дагэтуль маюць язычніцкую свядомасць і спажываюць ахвяраванае ідалу, а іхняе сумленне, будучы слабым, апаганьваецца.
Так праз тваё пазнанне гіне слабы брат, дзеля якога памёр Хрыстус. Калі вы грашыце так супраць сваіх братоў і раніце слабое сумленне іхняе, вы грашыце супраць Хрыста. Таму, калі ежа схіляе майго брата да граху, ніколі не буду спажываць мяса, каб я не прывёў брата да граху.
Гэта слова Божае.
РЭСПАНСАРЫЙНЫ ПСАЛЬМ Пс 139 (138), 1–3. 13–14аb. 23–24 (Р.: 24b)
Рэфрэн: Вядзі мяне, Пане, шляхам адвечным.
3. Пане, Ты выпрабаваў мяне і пазнаў, *
4. Ты ведаеш, калі я сядаю і ўстаю.
Здалёк разумееш мае думкі, †
3. Ці іду, ці адпачываю, Ты са мною, *
і ўсе мае шляхі вядомыя Табе.
Рэфрэн:
13. Бо Ты стварыў маё нутро *
і выткаў мяне ва ўлонні маёй маці.
14. Слаўлю Цябе, бо я цудоўна створаны, *
дзівосныя справы Твае.
Рэфрэн:
23. Даследуй мяне, Божа, і спазнай маё сэрца; *
выпрабуй мяне і спазнай мае намеры.
24. Глядзі, ці бяспечны мой шлях, *
і вядзі мяне шляхам адвечным.
Рэфрэн:
СПЕЎ ПЕРАД ЕВАНГЕЛЛЕМ 1 Ян 4, 12
Акламацыя: Аллелюя, аллелюя, аллелюя.
Калі любім адзін аднаго, то Бог жыве ў нас,
і любоў Ягоная ў нас дасканалая.
Акламацыя: Аллелюя, аллелюя, аллелюя.
ЕВАНГЕЛЛЕ Лк 6, 27–38
Будзьце міласэрнымі, як і Айцец ваш міласэрны
+ Чытанне святога Евангелля паводле Лукі.
У той час:
Езус сказаў сваім вучням: Кажу вам, хто слухае: любіце ворагаў вашых, дабро рабіце тым, хто вас ненавідзіць. Благаслаўляйце тых, хто вас праклінае, маліцеся за тых, хто вас крыўдзіць. Таму, хто ўдарыў цябе па шчацэ, падстаў і другую; і таму, хто адбірае ў цябе плашч, не забараняй узяць і кашулю. Кожнаму, хто просіць у цябе, давай, і ад таго, хто ўзяў тваё, не дамагайся звароту. Рабіце людзям так, як хочаце, каб яны вам рабілі.
Бо калі любіце тых, хто любіць вас, якая вам за гэта падзяка? Бо грэшнікі таксама любяць тых, хто іх любіць. І калі чыніце дабро тым, хто вам чыніць дабро, якая вам за тое падзяка? І грэшнікі робяць тое самае. І калі пазычаеце тым, ад каго спадзяецеся атрымаць назад, якая вам за тое падзяка? Бо і грэшнікі пазычаюць грэшнікам, каб атрымаць столькі ж.
Але вы любіце ворагаў вашых, і чыніце дабро, і пазычайце, не чакаючы нічога ўзамен, і будзе ўзнагарода вашая вялікая, і будзеце сынамі Найвышэйшага, бо Ён ласкавы да няўдзячных і да злых. Будзьце міласэрнымі, як і Айцец ваш міласэрны. Не судзіце, і не будуць судзіць вас; не асуджайце, і не будуць асуджаць вас; прабачайце, і прабачаць вам.
Давайце, і будзе дадзена вам: меру добрую, уціснутую, утрэсеную і з верхам адсыплюць вам у падол ваш. Бо якою мераю мераеце, такой і вам будзе адмерана.
Гэта слова Пана.
Паводле catholic.by
Меткі: Чацвер, Слова Божае, Лекцыянарый, Разважанні